Акцыя ў падтрымку «шпіёна» Гайдукова

Андрэй Гайдукоў

У Віцебску прадстаўнікі Маладых Хрысьціянскіх Дэмакратаў правялі акцыю салідарнасьці з наваполацкім актывістам Андрэем Гайдуковым, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве і суд над якім працягваецца гэтымі днямі ў абласным судзе ў закрытым рэжыме.

Падчас акцыі ў двух раёнах і ў цэнтры Віцебску (побач з абласным судом, дзе праходзіць працэс над Гайдуковым) былі расклееныя ўлёткі супраць судовага працэсу.

«Гэтымі ўлёткамі актывісты МХД хацелі паказаць, што беларусаў прымушаюць ня думаць пра тое, што адбываецца вакол, і забараняюць абмяркоўваць гэта. У адваротным выпадку — людзям таксама пагражае стаць „шпіёнамі“ і „здраднікамі“, як Андрэй Гайдукоў» —паведамляе прэсавая служба БХД.


«Шпіёнская» справа

Андрэя Гайдукова вінавацяць у зборы інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Матэрыялы крымінальнай справы падсуднага складаюць 4 тамы.

23-гадоваму апэратару наваполацкага «Нафтана» пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

Справу за зачыненымі дзьвярыма разглядае судзьдзя Галіна Ўрбановіч.

Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, цікавымі для замежных спэцслужбаў. З тае пары ён застаецца пад вартай.

Родныя і сябры ня вераць, што ён займаўся шпіянажам, і тлумачаць ціск з боку КДБ апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».