«Магутны Божа» ў расейскамоўным антуражы

Вітаньні ўдзельнікам фэстывалю — па-расейску

У Магілёве на міжнародны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які пачнецца 24 чэрвеня, арганізатары запрашаюць па-расейску. На вывешаных афішах па-беларуску — толькі назвы самога фэсту ды асобных мерапрыемстваў. Расьцяжка ля плошчы Леніна — таксама на расейскай мове.

У аддзеле культуры Магілёўскага гарвыканкаму на пытаньне пра адсутнасьць беларускамоўнай рэклямы фэстывалю адказалі, што зроблена гэта не наўмысна, а празь недагляд. Запэўнілі, што на самім фэстывалі і на ягоным заключным гала-канцэрце беларуская мова будзе.

Паводле арганізатараў, у фэстывалі возьмуць удзел музыкі з 15 краінаў сьвету. Сярод іх згадваюцца ЗША, Куба, Вэнэсуэла, Нігерыя ды Ізраіль. Сьцягі краін-удзельніц вывешаныя ля ўваходу ў гасьцініцу «Магілёў».

Сьцягі краін-удзельніц фэстывалю


Сёлета фэстывалю «Магутны Божа» — 20 гадоў. Упершыню ён адбыўся ў чэрвені 1993 году. Ініцыятарам тады выступілі рыма-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і тагачасны магілёўскі ксёндз Уладзіслаў Блін.

Конкурсная праграма фэстывалю сёлета традыцыйна пройдзе ў магілёўскім Катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.

Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору на верш Натальлі Арсеньневай і кампазытара Міколы Равенскага. Традыцыйна гэты гімн выконваўся на адкрыцьці і закрыцьці фэсту. Удзельнікі фэстывалю меліся ведаць «Магутны Божа» на мове арыгіналу. Сёлета закрыцьця і адкрыцьця фэсту ня будзе. У аддзеле культуры гарвыканкаму запэўнілі, што гімн «Магутны Божа» прагучыць і на сёлетнім фэстывалі.

Расьцяжка на плошчы Леніна

Афіша ля аддзелу культуры магілёўскага гарвыканкаму