Залескі: «Устойліва фінансуецца найперш сілавы блёк»

Міхал Залескі

У афіцыйных даходах беларусаў усё меншую долю займае заробак, а ўсё большую — сацыяльныя выплаты. Доля дзяржаўных выплатаў насельніцтву (пэнсіі, дапамогі) вырасла на 1,6 працэнта ў параўнаньні зь мінулым годам. Наколькі трывалая гэтая тэндэнцыя і чым яе можна патлумачыць? Чаму беларускі бюджэт (у параўнаньні зь іншымі краінамі) бярэ на сябе надта шмат абавязаньняў і ці ўсе зь іх ён выконвае? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.

— Наколькі трывалая гэта тэндэнцыя, што ў даходах беларусаў зьмяншаецца доля заробку, і ці можна прасачыць дынаміку гэтых зьменаў?

— Гэтая лічба залежыць ад трох чыньнікаў. Першае — рост колькасьці пэнсіянэраў, які ўвесь час працягваецца. Другое — ваганьні заробку, не абумоўленыя эканамічнымі прычынамі. То захочуць 500 даляраў зрабіць, то заробак паніжаецца. І калі ён перастае расьці, то пэнсія ды іншыя выплаты зноў імкнуцца на свае высокія пазыцыі.

І трэцяе — гэта ўлік рэальна заробленых грошай. У Беларусі кожны трэці рубель не абкладзены падаткам і зароблены ў шэрай сфэры. Плюс вельмі шмат людзей працуе за мяжой. Паводле статыстыкі, яны перавялі ледзь не мільярд даляраў летась у Беларусь. Гэтыя грошы ў большай сваёй частцы ня ўлічаныя як заробак.

— Як беларуская статыстыка даходаў выглядае ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі?

— Там заробкі складаюць значна большую долю ў сабекошце прадукцыі. Беларускаму заробку цяжка параўноўвацца з эўрапейскім яшчэ і таму, што, як і даўней, беларуская дзяржава арыентуе на тое, што чалавек павінен шмат атрымліваць з грамадзкіх фондаў сацыяльнага спажываньня.

— Лібэральныя эканамісты часта крытыкуюць гэты беларускі падыход, калі бюджэт бярэ на сябе надта шмат таго, што ў іншых краінах дзяржава аддала прыватніку.

— Гэтая тэндэнцыя — максымізаваць долю грошай, якая акумулюецца ў бюджэце — адрозьнівае Беларусь ад іншых краінаў. Так, каб усё зганялі ў цэнтар — такога няма нідзе. На Захадзе больш самастойныя і заможныя мясцовыя бюджэты.

Але бяда ня толькі ў тым, што грошы цэнтралізуюцца, а ў тым, як выконваецца іх разьмеркаваньне. Мы бачым, што ўстойліва фінансуецца найперш сілавы блёк, але недафінансаваныя адукацыя, мэдыцына. Нібыта ім грошы выдзяляюцца ў поўным аб’ёме, але гэты заплянаваны аб’ём такі мізэрны, што мы выглядаем вельмі слаба ў гэтых сфэрах.