Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы кіраўнік «Белэнерга» хоча, каб беларусы плацілі за электрычнасьць утрая даражэй


Нядаўна прызначаны генэральны дырэктар «Белэнэрга» Яўген Воранаў заявіў у нядзелю ў эфіры АНТ, што да 2015 году тарыфы на энэргію для насельніцтва павінны пакрываць сабекошт.

Цяпер яны нібыта складаюць толькі 31% ад сабекошту. Дзесяць дзён таму Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па пытаньнях энэргетыкі заявіў, што рэальных затрат ЖКГ ня ведае нават ён. На яго думку, сабекошт паслуг у энэргетыкаў завышаны ўдвая. Як стасуюцца заявы Лукашэнкі і новага кіраўніцтва «Белэнэрга».

На нарадзе па пытаньнях энэргетыкі Аляксандар Лукашэнка сказаў наступнае:

«Вы душыце насельніцтва, душыце прадпрыемствы, вы прыходзіце да мяне і ўвесь час просіце і патрабуеце: трэба тарыфы павялічваць для насельніцтва — трэба на сьмецьце, на тое, на гэтае». Ён абвінаваціў энэргетыкаў у тым, што свае базы адпачынку яны ўтрымліваюць «за кошт павелічэньня тарыфаў, павелічэньня кошту на электраэнэргію». Кіраўнік Беларусі запатрабаваў даць яму празрыстую схему фармаваньня тарыфаў на паслугі ЖКГ.

Новы кіраўнік «Белэнэрга» Яўген Воранаў, якога прызначылі тыдзень таму, замест празрыстай схемы заявіў пра тое, што насельніцтва да 2015 году павінна аплачваць электраэнэргію на 100%. І прывёў лічбы:

«У 2006 годзе насельніцтва плаціла каля 90% ад кошту электраэнэргіі. Цяпер яно плаціць парадку 31%. Таксама ў 2006 годзе насельніцтва плаціла парадку 64% ад кошту цеплавой энэргіі. Цяпер гэтая велічыня зьнізілася да 15%. У цэлым, нягледзячы на рост кошту паліва для беларускай энэргасыстэмы, у прыватнасьці, па прыроднаму газу амаль у 4 разы, тарыфы для насельніцтва на спажываную цеплавую і электраэнэргію ў даляравым эквіваленце зьнізіліся».

Гендырэктар «Белэнэрга» адзначыў, што ў гэтым бачыцца правільнасьць абранай сацыяльнай палітыкі дзяржавы і эфэкт ад мадэрнізацыі ў энэргетыцы. І тут жа заявіў пра неабходнасьць выхаду на 100% аплаты.

Прафэсар Барыс Жаліба лічыць, што заробкі беларусаў не дазваляюць перайсьці на 100-працэнтную аплату электрычнасьці і цяпла. Што тычыцца фармаваньня тарыфаў, то спадар Жаліба, як і Лукашэнка, лічыць іх непразрыстымі і незразумелымі:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Няхай яны спачатку разьбяруцца ў сваіх тарыфах. Воранаў — чалавек новы ў „Белэнэрга“. Там жа ня ўсё так проста. Расея нам дае танныя энэрганосьбіты, і газ самы танны. Аднак за газ разьлічваецца з Расеяй „Белтрансгаз“. Потым ён прадае „Белпалівагазу“ і сваю накрутку робіць. „Белпалівагаз“ прадае электраэнэргію ЦЭЦ і таксама сваю накрутку робіць. І невядома, па якой цане ЦЭЦ атрымліваюць газ, а потым зь якой накруткай атрымліваюць насельніцтва і прадпрыемствы. І гэты ланцужок не такі просты. Так што выказваньні абсалютна некарэктныя, што народ павінен плаціць 100%. Мы не гатовыя да гэтага».

Лукашэнкі зьвярнуў увагу на тое, што непразрыстасьць мэханізмаў фармаваньня коштаў на паслугі цепла- і электразабесьпячэньня, а таксама няспынны рост тарыфаў выклікаюць нэгатыўную рэакцыю як суб’ектаў гаспадараньня, так і насельніцтва.

Эканаміст Міхал Залескі, што да фармаваньня тарыфаў, выказаў такое меркаваньне:

Міхал Залескі
Міхал Залескі
«Тарыфы звычайна ў такіх сыстэмах бяруцца ад платаздольнасьці. І наш тарыф адпавядае платаздольнасьці насельніцтва. Калі б мы ўстанавілі такі тарыф, як у Фэдэратыўнай Рэспубліцы Германіі, то і зарплата павінна быць такая ж, як там».

Карэспандэнтка: «А скажыце, ці сапраўды насельніцтва плаціла некалі 64%, 90% ад сабекошту?»

«Справа ў тым, што аплата вагаецца. У нас улік ідзе праз курс даляра. А курс даляра адвольны, а ня рынкавы, адмыслова ўсталяваны. Таму вось гэтыя ваганьні і ўзьнікаюць. Калі б была сапраўды рынкавая эканоміка, збалянсаваная, то такіх бы скачкоў не давалі лічбы па тарыфах».

На патрабаваньне кіраўніка дзяржавы падаць яму празрыстую схему фармаваньня тарыфаў на паслугі ЖКГ энэргетыкі пакуль не адказалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG