Сярэднемесячны заробак у Беларусі дасягнуў 1200 даляраў. Менавіта гэтую лічбу назваў сёньня віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, выступаючы на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён сказаў, што гэтыя лічбы атрыманы пры разьліках па мэтодыцы ААН.
Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік заявіў: 1200 даляраў на месяц атрымліваецца, калі пералічыць рэальныя заробкі на заробкі па парытэце пакупніцкай здольнасьці. У Беларусі многія траты людзей бярэ на сябе дзяржава. Намесьнік старшыні ўраду прывёў такі прыклад: бацькі плацяць за харчаваньне сваіх дзяцей у школах толькі 40% ад рэальнага кошту абедаў. Астатняе — дзяржава.
«Параўноўваючы свае заробкі з заробкамі ў іншых краінах, мы часта не задумваемся над тым, што жывем і ходзім у крамы не ў Каліфорніі, а ў Беларусі. Мы плацім зусім іншыя грошы за камунальныя паслугі, дзіцячыя сады і шмат што іншае. Ёсьць такое паняцьце — заробак па парытэце пакупніцкай здольнасьці. То бок, колькі за адны і тыя ж грошы ў кожнай краіне можна набыць тавараў і паслуг. І мы павінны таксама гэта разумець. Параўноўваем заробкі ў нас і ў Расеі. Асабліва калі глядзіш на лічбы ў далярах, то ўражаньне такое, што там яны значна вышэйшыя. А калі параўнаеш, колькі за гэтыя грошы можна купіць тавараў і паслуг у Расеі і ў нас, то сытуацыя аказваецца зусім іншая. І заробкі сёньня фактычна аднолькавыя па парытэце пакупніцкай здольнасьці,» — сказаў віцэ-прэм’ер.
Такое паняцьце як парытэт пакупніцкай здольнасьці валют існуе насамрэч, і яго вывучае Венскі інстытут міжнародных дасьледаваньняў, — адзначае эканаміст Міхась Залескі:
«Але пры самых дасканалых дасьледаваньнях трэба ўлічваць адну рэч, якую спадар Тозік не захацеў улічваць. Гэта — якасьць паслуг. У Беларусі на ахову здароўя выдзяляецца па 50 цэнтаў на чалавека ў дзень. А ў ЗША ад 15 да 35 разоў болей, у залежнасьці ад канкрэтнага штата. Вось і розьніца.
І калі мы бярэм якасьць паслуг, якасьць аховы здароўя, якасьць адукацыі, якасьць усяго таго, што дзяржава дае за свой кошт, то яна ў нас істотнейшым чынам адрозьніваецца. І таму тыя 1200 даляраў, якія вывеў віцэ-прэм’ер, згараюць у верхніх слаях атмасфэры, як я кажу. Таму што калі браць тую ж ахову здароўя, то тут абсалютна розныя стратэгіі. У нас гэтыя грошы ўбухваюцца ў асноўныя фонды. Калі ўзяць спорт, то мы бачым у нас „высокаэфэктыўныя“ лядовыя палацы. І так далей».
Парытэт пакупніцкай здольнасьці — даволі абстрактнае паняцьце, — адзначае дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:
«Я думаю, што жыхарам Беларусі было б лепей, калі зрабілі б так, як нейкі час таму казаў Аляксандар Лукашэнка. Маўляў, я вам дам заробак 2 тысячы даляраў на месяц, а вы за ўсё будзеце плаціць па поўнай. Я думаю, што так было б лепей.Тады мы становімся паўнавартаснай часткай усясьветнай эканомікі. І наагул — беларус тады становіцца паўнавартасным жыхаром сьвету. Бо пакуль з нашымі заробкамі мы і вандраваць ня можам. І калі б не было гэтага сацыяльнага разьмену — мы вам датацыі і малы заробак — беларусы адчувалі б сябе больш мабільнымі і не такімі ізаляванымі.
Таму мне падаецца, што для звычайнага чалавека было б лепей, каб ён меў большы заробак і меншыя сацыяльныя льготы. Іншая справа, што беларуская эканамічная мадэль ня можа генэраваць гэтага. Так што ўсё гэта — толькі пустая рыторыка».