Сноўдэн зьнік

Эдвард Сноўдэн

Невядома, дзе цяпер знаходзіцца Эдвард Сноўдэн, былы супрацоўнік спэцслужбаў ЗША, які выдаў мэдыям інфармацыю пра звышсакрэтную праграму сачэньня за карыстальнікамі мабільнай сувязі і інтэрнэту.
У панядзелак Сноўдэн выехаў з гатэлю ў Ганконгу.

Раней ён заяўляў, што разглядае магчымасьць папрасіць прытулак у Ісьляндыі.

Некаторыя амэрыканскія заканадаўцы запатрабавалі, каб Сноўдена выдалі ЗША.

Белы дом адмовіўся ад камэнтароў па гэтай справе , але сказаў, што вядзецца сьледзтва.

Раней 29-гадовы Эдвард Сноўдэн прызнаўся, што гэта ён паведаміў СМІ інфармацыю пра PRISM, сакрэтную праграму спэцслужбаў ЗША.

На падставе дадзеных, атрыманых ад Сноўдэна, The Washington Post і Guardian на мінулым тыдні апублікавалі расьсьледаваньні, што амэрыканскія спэцслужбы маюць дадзеныя пра званкі абанэнтаў апэратару Verizon, а таксама маюць наўпроставы доступ да сэрвэраў дзевяці найбуйнейшых інтэрнэт-кампаній, у тым ліку Apple, Facebook, Google і Microsoft.

Праграма PRISM, паводле некаторых дадзеных, працуе ад 2007 году.

Журналісты Washington Post і Guardian рассакрэцілі імя Сноўдэна на яго ўласнае жаданьне.