Тэрэса Стшэлец спадзяецца на гуманізм беларускіх уладаў

Тэрэса Стшэлец

Грамадзянка Польшчы Тэрэса Стшэлец, якую беларускія ўлады другі месяц не адпускаюць на радзіму, трымае галадоўку пратэсту на тэрыторыі польскага кансуляту ў Берасьці. У яе сканчаюцца лекі. Беларускія ўлады ніяк не рэагуюць на галадоўку.

Тэрэса Стшэлец галадае ў адным з жылых памяшканьняў Генэральнага консульства Польшчы ў Берасьці, мае патрэбныя санітарныя ўмовы. На стаўленьне супрацоўнікаў польскага кансуляту яна не наракае, кажа, што польскія дыпляматы сапраўды дамагаюцца яе вызваленьня. Увечары ў аўторак Тэрэса Стшэлец пацьвердзіла Свабодзе, што працягвае галадоўку пратэсту:

«Так, цяпер працягваецца мая галадоўка… Я яшчэ ня думала аб тым, колькі працягнецца галадоўка. Тады быў у мяне такі стан, што я сказала ў кансуляце: ніколі адсюль не сыду».

Пра стан свайго здароўя спадарыня Тэрэса сказала:

«О Божа, галава баліць, нэрвы выматаныя, я не ўяўляю, як вытрымаць… Лекі крыху маю, а яшчэ крыху мне абяцаюць даставіць з Польшчы, муж пойдзе да лекаркі, яна, можа, выпіша рэцэпты. Спадзяюся, што муж неяк вырашыць гэтае пытаньне зь сямейным лекарам».

На мінулым тыдні прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Басацкі выказваў спадзеў, што 9 красавіка беларускія ўлады прымуць нейкае рашэньне ў справе Тэрэсы Стшэлец і адпусьцяць яе. Сёньня прайшоў месяц з дня першага звароту аб тым, каб Тэрэсу адпусьцілі. Але ніякага рашэньня няма, кажа спадарыня Стшэлец:

«Чакаю сёньня, сёньня павінны былі ўхваліць афіцыйнае рашэньне. Але на гэты момант ніякага рашэньня няма. Ходзяць чуткі на гэты конт, але не хачу пра іх казаць, каб мяне зноў у чым не абвінавацілі, ня дай Бог. Але афіцыйна яшчэ не. Сёньня разам з консулам будзем зноў пісаць беларускім уладам тое самае: каб адпусьцілі мяне дзеля гуманітарных меркаваньняў, людзкіх. Каб проста па-людзку адпусьцілі дадому, а справа хай сабе ідзе. Хай мяне адпусьцяць, я ж нікога не забіла, нічога ня ўкрала».

У Берасьці спадарыні Стшэлец прапанавалі дапамогу лекара, але ёй трэба сустрэцца з тымі лекарамі, якія ёй апякуюцца ў Польшчы, у тым ліку пасьля апэрацыі.

Учора да спадарыні Стшэлец з Польшчы прыяжджаў яе муж Яраслаў, але сустрэцца ня змог — кансулят ужо быў зачынены. Сябар сям’і Стшэлец зь Берасьця Вячаслаў сёньня выяжджае ў Польшчу па лекі для спадарыні Стшэлец. На другі дзень галадоўкі ён бачыў Тэрэсу.

Спадар Вячаслаў гэтак апісаў стан Тэрэсы:
Здаецца, выйшла, спрабуе ўсьміхнуцца, а вочы ледзь не закочваюцца

«Стан яе кепскі, у яе такое слабое здароўе. Здаецца, выйшла, спрабуе ўсьміхнуцца, а вочы ледзь не закочваюцца. Калі яе затрымалі, яна так перахвалявалася, што ледзьве ня траціла прытомнасьць. А тым больш у яе такі букет усіх хваробаў, вельмі сур’ёзных… І ўсе гэтыя дакумэнты мы выслалі на Менск».

Пакуль Тэрэса Стшэлец працягвае галадоўку ў берасьцейскім кансуляце Польшчы, афіцыйныя ўлады ніяк не рэагуюць на гэта. Генэральны консул Польшчы ў Берасьці Ганна Навакоўска кажа, што ніякіх адказаў на запыты амбасады па справе Стшэлец няма:

«Няма пакуль, чакаем. Мы працуем з гэтай справай».

Начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандар Цырэльчук таксама не праліў сьвятла на сытуацыю з галадаючай грамадзянкай Польшчы:

«Я ніякай інфармацыяй у гэтай справе не валодаю…»

У Берасьцейскай мытні сказалі, што афіцыйных камэнтароў даваць ня будуць, і прапанавалі чакаць рэакцыі Дзяржаўнага мытнага камітэту.

Ужо больш за месяц Тэрэсу Стшэлец не выпускаюць зь Беларусі, ануляваўшы ёй візу, пасьля таго як яна адмовілася сплаціць шматмільённае мыта і штраф.

Год таму Тэрэса Стшэлец пакінула ў Берасьці ў рамонт зламаны джып і вярнулася пасьля вандроўкі ў Польшчу. Сын гаспадара майстэрні скраў ключы, паехаў катацца на польскім аўтамабілі, але быў спынены міліцыяй. Берасьцейскія мытнікі кажуць, што палічылі, нібыта свой джып Тэрэса Стшэлец прадала ў Беларусі, не сплаціўшы мыта. Тэрэсу Стшэлец, якая праз суд дамагалася вяртаньня аўтамабіля, прымушаюць сплаціць мыта і штраф — усяго каля 200 мільёнаў рублёў. А за джып, які ў канцы году мытнікі прадалі, прапаноўваюць гаспадыні каля 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.

8 красавіка ў кансуляце Польшчы ў Берасьці спадарыня Стшэлец абвясьціла галадоўку.