Польская грамадзянка ніяк ня можа пакінуць Беларусь

Тэрэза Стшэлец, фота Gazeta Lublin

МЗС Польшчы выступіла з заявай, што зробіць усё, каб Тэрэса Стшэлец магла вярнуцца на радзіму.

Прэсавы сакратар МЗС Польшчы Марцін Басацкі паведаміў польскім СМІ, што ў справе спадарыні Стшэлец польскія дыпляматы зьвярталіся да кіраўніцтва мытнага камітэту Беларусі і мясцовых уладаў, у МЗС Польшчы быў выкліканы беларускі амбасадар. Супрацоўнікі польскага кансуляту ў Берасьці застаюцца ў сталым кантакце з Тэрэсай Стшэлец.

Паводле польскіх дыпляматаў, рашэньне беларускіх уладаў у справе спадарыні Стшэлец чакаецца 9 красавіка.

Тэрэса Стшэлец застаецца ў беларускім «палоне» ўжо месяц. Беларускія ўлады анулявалі яе візу і забаранілі выезд з краіны, на яе накладзены штраф у 200 мільёнаў рублёў за тое, што яна перадала сваю машыну беларускаму грамадзяніну.

Як паведамляў муж Тэрэсы Яраслаў, летась у красавіку сям’я Стшэльцаў выбралася на экскурсію ў Менск. Але ў Берасьці сапсаваўся рухавік машыны, 15-гадовага джыпа «Гранд Чэрокі». Машыну перадалі аўтамэханіку для рамонту. Пазьней Тэрэса хацела забраць машыну, але выявілася, што сын мэханіка скраў ключ. Падчас паездкі яго затрымала міліцыя, машыну канфіскавалі і прадалі.

Мытнікі вырашылі, што польская сям’я прыехала ў Беларусь на машыне, якую потым прадала, і Тэрэса як кіроўца павінна заплаціць мыта і падатак з продажу.

5 сакавіка, калі Тэрэса зноў прыехала ў Берасьце, мытнікі заявілі ёй, што яна даўжнік і разам зь пеняй мусіць заплаціць беларускай дзяржаве 200 мільёнаў рублёў. Паколькі польская сям’я заплаціць ня здолела, то памежнікі анулявалі Тэрэсе візу. Вярнуцца дамоў яна ня можа дагэтуль.