Аргкамітэт сьвяткаваньня 95-х угодкаў БНР паведамляе, што ўлады забаранілі юбілейныя ўрачыстасьці ў рэгіёнах краіны. Шэраг імпрэзаў гэтымі днямі адбываецца ў Менску. Завяршаецца падрыхтоўка да вулічнага шэсьця 24 сакавіка.
Паводле распараджэньня Менгарвыканкаму, аргкамітэт мае заключыць дамовы на абслугоўваньне вулічнага шэсьця з мэдыкамі, камунальнікамі і ратавальнікамі. Пакуль згоду далі толькі мэдыкі. Яшчэ адно патрабаваньне ўладаў — не выкарыстоўваць плякатаў і лёзунгаў, таму арганізатары заклікаюць удзельнікаў прыносіць нацыянальныя сьцягі і гістарычную сымболіку. Але галоўным чынам аргкамітэт заклапочаны распаўсюдам інфармацыі пра новае месца збору, якое Менгарвыканкам прызначыў каля кінатэатру «Кастрычнік», кажа сябра аргкамітэту Аляксей Янукевіч:
«Перадусім праз інтэрнэт, бо гэта найбольш даступная магчымасьць. Таксама праз пэўную колькасьць друкаванай прадукцыі, але яна не такая вялікая. Ну, і праз шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў. У прыватнасьці, ва ўправе БНФ адбыўся канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, прысьвечаны 95-м угодкам БНР, там мы паведамлялі і прасілі пераказваць. Сёньня падчас адкрыцьця мастацкай суполкі „Пагоня“ — яшчэ раз будзем паведамляць. Мы выкарыстоўваем усе нагоды для таго, каб людзі даведаліся і паведамілі сваім знаёмым пра час і месца збору».
Сярод заплянаваных юбілейных імпрэзаў, якія не адбудуцца — цалкам сарваны ўрачысты сход: у Палацы культуры трактарнага заводу адмовіліся даць у арэнду залю. Але адбыліся круглыя сталы ў рэдакцыях незалежных газэт, праходзіць конкурс фатаздымкаў і вершаў у гонар БНР. Ад ранейшай ініцыятывы наладзіць конкурс анэкдотаў аргкамітэт адмовіўся, паведаміў сябра аргкамітэту Юрась Губарэвіч. Сьвяткаваньне ў рэгіёнах пройдзе вельмі сьціпла з прычыны забаронаў мясцовых уладаў, кажа спадар Губарэвіч:
«Рэгіёны падключыліся актыўна, як і ў мінулыя гады: былі пададзеныя заяўкі на акцыі да сьвяткаваньня ўгодкаў БНР у Слоніме, Віцебску, Магілёве, Гародні і іншых гарадах. Але ва ўсіх без выключэньня выпадках арганізатарам было адмоўлена ў правядзеньні вулічных мерапрыемстваў. Таму абіраюцца іншыя фарматы. Перадусім гэта правядзеньне дыктовак, таксама ўрачыстыя сходы сяброў грамадзкіх арганізацый. Думаю, што без увагі Дзень Волі таксама не застанецца і ў рэгіёнах», кажа спадар Губарэвіч:
Канфэрэнцыя, прысьвечаная 150-м угодкам паўстаньня Кастуся Каліноўскага і 95-м угодкам БНР, адбудзецца ў суботу, напярэдадні вулічнага шэсьця. А на панядзелак, 25 сакавіка, у Менску заплянаваныя заключныя імпрэзы, паведамляе сябра аргкамітэту Дзяніс Садоўскі:
«У панядзелак аб 11.00 аргкамітэт заплянаваў ускладаньне кветак да помнікаў Янку Купалу, Якубу Коласу і Максіму Багдановічу. Ускладаць будуць лідэры партыяў і рухаў, якія ўваходзяць у склад аргкамітэту сьвяткаваньня юбілею БНР. Затым у 13.00 ва ўправе БНФ адбудзецца выніковая канфэрэнцыя, прысьвечаная Дню Волі. Гісторыкі, палітыкі і грамадзкія дзеячы дадуць сваю ацэнку падзеі 25 сакавіка і абмяркуюць, як ідэалы БНР мы можам выкарыстаць у сучаснасьці і для будучыні Беларусі».
Аргкамітэт паведамляе, што шэсьце ў гонар юбілею распачнецца ў нядзелю 24 сакавіка а 12-й гадзіне каля кінатэатру «Кастрычнік» і завершыцца мітынгам а 15.00 гадзіне на плошчы Бангалор.