Адзін з кандыдатаў на пасаду пантыфіка наведваў Беларусь

Кардыналы падчас урачыстай імшы «Пра абраньне папы рымскага»

У Сыкстынскай капэле Ватыкану распачынаецца канкляў, які мае выбраць новага папу рымскага. Удзел у канкляве бяруць 115 кардыналаў, спаміж якіх будзе абраны 266-ты наступнік сьвятога Пятра. Герархі каталіцкага касьцёла зь Беларусі прымаць удзел у выбарах папы ня будуць.

Удзельнічаць у працы канкляву і галасаваць за абраньне новага папы рымскага будуць кардыналы, не старэйшыя за 80 гадоў. У сучаснай Беларусі адзіным кардыналам быў Казімір Сьвёнтак, які памёр у 2011 годзе ў веку 96 гадоў. Гэткім чынам, свайго прадстаўніка на выбарах папы рымскага беларускія каталіцкія герархі мець ня будуць. Чаму ў Беларусі няма свайго кардынала і хто ім можа стаць, гаворыць прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юры Санько:

«Гэта такі знак заслугі перад касьцёлам, калі біскуп атрымоўвае годнасьць кардынала. Кожны з нашых біскупаў шмат зрабіў для Беларусі, і таму кожны зь іх можа быць патэнцыйным прэтэндэнтам на кардынала. Але калі няма кардынала, то мы і ня можам разьлічваць на прадстаўніка ў канкляве. У Эўропе можна заўважыць, што нават стаўкі робяць за новага папу, а мы молімся за абраньне новага пантыфіка. Я думаю, што гэта справа Божая, і хто б ні быў абраны, кожны вернік прыме яго зь любоўю і будзе паважаць і адносіцца як да пантыфіка».

Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што за апошнія паўтысячы гадоў тытул кардынала мелі ня больш за пяць духоўных асобаў, якія паходзілі з этнічных беларускіх земляў або служылі тут. Гаворыць дасьледчык архітэктуры і гісторыі каталіцкіх касьцёлаў Аляксей Яроменка:
Любой іншай краіне Ватыкан даваў бы гэтыя тытулы кардыналаў, а нашы біскупы такія прывілеі мелі

«Магілёўскія мітрапаліты, якія ўзначальвалі рыма-каталіцкую царкву на ўсіх абшарах вялізарнай Расейскай імпэрыі, мелі асаблівыя прывілеі, кшталту кардынальскіх. Рэч у тым, што канкардат паміж расейскімі імпэратарамі і Ватыканам быў складанай сыстэмай — цяжкія былі ўзаемаадносіны. Таму любой іншай краіне Ватыкан даваў бы гэтыя тытулы кардыналаў, а нашы біскупы такія прывілеі мелі, але сапраўдных тытулаў кардыналаў ім не давалі».

Толькі ў 1994 годзе папа рымскі Ян Павал ІІ надаў тытул кардынала мітрапаліту Менска-Магілёўскаму Казіміру Сьвёнтку. Пра магчымасьць выбраньня новага кардынала ў Беларусі з Апостальскай нунцыятуры паведамілі наступнае:

«Беручы пад увагу, што ў Беларусі ўжо быў кардынал, то гэта магчыма. Але гэта залежыць ад двух чыньнікаў: па-першае — гэта выбар самога папы, а па-другое — наяўнасьць асобы, годнай гэтага званьня. Давайце будзем спадзявацца, што папа пабачыць такую асобу і ацэніць яе».

Гэткім чынам, пасьля двухгадзіннай малітвы ў базыліцы сьвятога Пятра 115 кардыналаў з розных краін і кантынэнтаў зьбіраюцца ў Сыкстынскай капэле, каб выбраць спаміж сябе новага рымскага біскупа. Але сярод гэтай грамады кардыналаў ёсьць толькі адзін, хто ведае пра такую краіну, як Беларусь, кажа доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая:

Тарчызыё Бэртонэ


«Выразнага фаварыта альбо фаварытаў няма, а таму прадказаць хто будзе выбраны, практычна немагчыма. Але ёсьць 5–6 імаверных кандыдатаў, і яшчэ пару дзясяткаў таксама імаверных кандыдатаў з гэтых 115. І спэктар краін і кантынэнтаў з гэтых пары дзясяткаў магчымых абраньнікаў надзвычай шырокі, такога яшчэ ніколі не было. Па сутнасьці, прадстаўленыя ўсе кантынэнты, усе колеры скуры і ўсе расы на новага папу рымскага — і гэта сапраўды незвычайная сытуацыя. Адзін з фаварытаў — Тарчызыё Бэртонэ, які адзіны з афіцыйных прадстаўнікоў Ватыкану, акрамя Апостальскай нунцыятуры, зь дзяржаўным візытам наведваў Беларусь у 2008 годзе. І гэта вельмі цікава, бо калі Тарчызыё Бэртонэ стане папам рымскім, то гэта будзе, пэўна, адзін з гэтых 115 кардыналаў, хто ведае, што такое Беларусь. Для нас, вядома, будзе мець розьніцу, ці папа будзе ведаць пра Беларусь і яе праблемы, ці ня будзе гэтага ўяўляць. Бо, вядома, калі папа будзе з Афрыкі ці Філіпінаў, то гэты папа паставіць цалкам іншыя задачы для папства. Але, зь іншага боку, папа будзе пачувацца абавязаным пароўну дзяліць сваю пастырскую ўвагу на ўсе краіны і ўсіх вернікаў. Хоць гэта рэальна і немагчыма, але ўсё роўна — практычна будзе так».

Тарчызыё Бэртонэ сустракаецца з Аляксандрам Лукашэнкам, 2008 год


Першае спаленьне выбарчых картак у Сыкстынскай капэле заплянаванае каля 20:00 рымскага часу (22:00 паводле менскага). Белы дым з коміна будзе азначаць, што новы пантыфік абраны, чорны дым засьведчыць адсутнасьць вынікаў галасаваньня. Святая імша ў інтэнцыі выбару новага пантыфіка адбудзецца ў 18:30 у менскім архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі.