У справе Гайдукова — новыя допыты

Андрэй Гайдукоў

Зь леташняга верасьня ў ізалятары КДБ трымаюць працаўніка «Нафтану», грамадзкага актывіста з Наваполацку Андрэя Гайдукова, якога абвінавачваюць у здрадзе радзіме праз агентурную дзейнасьць. У КДБ ня кажуць, у чым менавіта палягае ягонае злачынства.
27 лютага сьледчыя зноў дапыталі сябра Андрэя Гайдукова, грамадзкага актывіста Яўгена Канстанцінава. З маладога чалавека ўзялі падпіску аб неразгалошваньні размовы са сьледчым. Таму Яўген Канстанцінаў змог падзяліцца толькі некаторымі зьвесткамі пра свайго сябра:

«Пачуваецца нібыта нармальна, ня скардзіцца на ўмовы. Мы зь ягонай сястрой перадалі яму перадачу. У КДБ яе прынялі».

Яўген Канстанцінаў спытаўся ў сьледчага, чаму да Гайдукова не пускаюць адваката:

«Сьледчы адказаў, што гэта, маўляў, няпраўда, пускаюць, і нават кабінэт ён свой дае для такіх сустрэч».

Паводле Яўгена Канстанцінава, у яго склалася ўражаньне, што справу будуць працягваць яшчэ і ў сакавіку, хоць расьсьледаваньне даўно мусілі скончыць.

Паводле зьвестак актывістаў «Хартыі-97», Андрэя Гайдукова затрымалі, калі ён вёз для распаўсюду газэты «Хартыі», якія былі надрукаваныя за мяжой. КДБ гэтых зьвестак не камэнтуе.