Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці «шпіёна» Гайдукова: Спадзяемся, хутка Андрэй будзе дома


Маці «шпіёна» Гайдукова: Спадзяемся, што хутка Андрэй будзе дома
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:32 0:00

7 лютага ў Менску адбыўся круглы стол у справе наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Прадстаўнікі незалежных арганізацый, праваабаронцы прынялі рашэньне лічыць Андрэя Гайдукова палітвязьнем.

23-гадовага апэратара наваполацкага «Нафтану» затрымалі 8 лістапада ў Віцебску, як паведамляецца — падчас закладкі тайніка зь зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы. Сябры і знаёмыя Гайдукова лічаць гэтае абвінавачаньне абсурдным і тлумачаць ціск з боку КДБ спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

У круглым стале брала ўдзел маці Андрэя Гайдукова Вольга Пятроўна, а таксама Андрэеў сябар Яўген Канстанцінаў. Інфармацыі пра тое, што адбываецца з сынам, у Вольгі вельмі мала. Яна па-ранейшаму ўпэўненая, што ён невінаваты і што ўся справа выглядае абсурдам.

Вольга Гайдукова: «Для нас было вельмі нечакана, калі да нас прыйшлі зь ператрусам і мы пабачылі прычыны ператрусу. Я, калі прачытала „супрацоўніцтва з ЦРУ“, не магла зразумець, адкуль тут ногі растуць. Я разумею, што апазыцыя, разумею, што ён іх „дастаў“, бо ён таварыш зусім бескампрамісны. Папярэджвалі яго неаднойчы, каб ён сышоў ад гэтай палітычнай дзейнасьці. Мы з бацькам разумелі, чым гэта ўсё скончыцца».

Вольга кажа, што яны з мужам былі далёкія ад палітыкі. Але, разьбіраючы сынавы паперы, знайшла статут арганізацыі «Саюз маладых інтэлектуалаў», рэгістрацыяй якой займаўся Андрэй перад арыштам:

Вольга Гайдукова
Вольга Гайдукова
«Калі я пабачыла, што гэта міжнародная арганізацыя, я хоць зразумела, пры чым тут ЦРУ і як яны маглі прыляпіць сюды замежную выведку. Ён, вядома, сам не чакаў, хоць быў гатовы да такога. Напэўна, у апошні час яны яго так зацкавалі. Ён нэрваваўся, але ўсё адно да апошняга ішоў рэгістраваць гэтую арганізацыю».

Вольга, таксама як і сын, рабіла на «Нафтане», але выйшла на пэнсію. Яна ўдзячная ўсім, хто падтрымлівае іхнюю сям’ю. Паводле словў маці, ніхто з калегаў Андрэя ня думае, што ён вінаваты, а ягоныя аднакурсьнікі з Полацкага дзяржунівэрсытэту нават даведаліся, як яму аформіць паперы на акадэмічны адпачынак. Пакуль Гайдукоў лічыцца работнікам «Нафтану» і студэнтам ПДУ.

Вольга Гайдукова кажа, што сьледчы, які вядзе справу, — зь Віцебску, Алег Барысевіч.

«Гісторыя дзіўная, незразумелая. Спатканьняў мне не дазволілі, хоць я прасіла. Званку ніводнага не было, нават калі яго арыштавалі.

Напэўна, самы страшны для яго пэрыяд — гэта першы. Тады ані адвакатаў, ані лістоў. Толькі калі яго перавялі ў Віцебск, мы сталі лісты атрымліваць. А з „Валадаркі“ ён напісаў: „Гэта найлепшае СІЗА з усіх, дзе я быў“. Гэта ж ненармальна!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG