Гомель: моладзевыя бойкі з туркмэнскім акцэнтам

Гомельскі дзяржаўны унівэрсытэт

Вялікі розгалас у Гомелі выклікала нядаўняе здарэньне, калі вялікая група туркмэнскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў дзяржаўным унівэрсытэце імя Францішка Скарыны, напала на маладую пару беларусаў. Хлопца брутальна зьбілі. Пацярпелі й іншыя прахожыя. Сутычкі з замежнікамі апошнім часам здараюцца ў горадзе перыядычна.
Падчас масавай бойкі пацярпеў і беларускі студэнт-трэцякурсьнік Уладзіслаў:

«Мы з братам і дзяўчынай ішлі на каток. Яны дагналі нас. Спачатку павіталіся. Потым сталі прэтэнзіі да брата выстаўляць: чаго ты размаўляеш па мабільніку? Пачалі чапляцца. Некаторыя зь іх былі з палкамі — чалавек сорак іх было. Потым нібыта нас адпусьцілі. Брат ішоў і размаўляў з аднагрупнікам. І тут яны нас зноў дагналі й без усякіх размоваў пачалі біць. Я яшчэ ўцякаў, дык мяне вось тут і злавілі, павалілі й пачалі біць».

Білі Ўладзіслава ў сквэры паміж вуліцамі Савецкай і Кірава. Гэта з аднаго боку — мэтраў за трыста ад Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, а з другога — акурат за столькі ж мэтраў ад факультэту, дзе Ўладзіслаў навучаецца:

«Зьнялі пабоі — губа была разьбітая, нос апух. Там цяпер, мусіць, завялі справу, я добра й ня ведаю. Двух ці трох чалавек знайшлі. Няхай там зь імі міліцыя разьбіраецца. Лічу, што садзіць іх трэба. Няхай назад яны ідуць у свае горы — і ўсё тут. Ім тут няма месца».

Ня толькі пацярпелы Ўладзіслаў, але й шмат хто яшчэ са студэнтаў заўважаў праявы нецярпімасьці з боку замежных навучэнцаў. Пра гэта кажа студэнт-фізык Андрэй:

«Я лічу, што нейкі расізм існуе ў людзях, у сэрцах людзей. Па вялікім рахунку, гэта нядобра. Усе мы людзі, усе мы маем права на жыцьцё, на ўласную бясьпеку».

Інтэрнат № 2, у якім жыве найбольш туркмэнаў


У аддзеле міжнародных сувязяў унівэрсытэту ня лічаць інцыдэнт нечым надзвычайным і гатовыя хутчэй сьпісаць масавую бойку на непаразуменьне, чым лічыць яе праяваю міжэтнічнай напружанасьці ў зьвязку зь вялікай колькасьцю замежнікаў, якія прыехалі навучацца ў гомельскія ВНУ:

«Хто яго ведае — мы нічога ня ведаем. У нас адбылася сустрэча з супрацоўнікамі міліцыі — і ўсё. Ніякіх там нападаў ні на кога няма. Вядома, іх шмат — каля 6 тысяч туркмэнаў па ўсёй Беларусі. У нас усё нармальна. Мы чакаем прыезду амбасадара. Ён ня толькі ў наш унівэрсытэт — ён у вобласьць прыяжджае».

Тым часам міліцыя вядзе праверку па факце масавай бойкі:

«Цэнтральны РАУС праводзіць праверку па згаданым факце. Прычына будзе ўстаноўленая. На сёньняшні дзень сытуацыя незразумелая. І яшчэ невядома, у які бок павернецца ўся справа. Заявы з двух бакоў. Спрэчныя пытаньні там узьнікаюць. Праверка падоўжаная».

Студэнты з Туркмэніі надзвычай неахвотна ідуць на кантакт і не раскрываюць матываў бойкі. Адзін зь іх сказаў коратка:
Заўсёды й абавязкова знойдуцца такія людзі, у якіх проста рукі сьвярбяць

«Чаму так адбываецца паміж грамадзянамі Туркмэніі й грамадзянамі Беларусі? Заўсёды й абавязкова знойдуцца такія людзі, у якіх проста рукі сьвярбяць».

Агулам ва ўнівэрсытэце Скарыны цяпер навучаецца дзьве сотні грамадзянаў Туркмэніі. Будучы беларускі выкладчык фізычнага выхаваньня кажа, што ў іх на факультэце таксама ёсьць туркмэны. І як бы прыязна да іх ні ставіліся, адрознасьць была, ёсьць і будзе:

«Справа ў веры. Мы — хрысьціяне, яны — мусульмане…. Яны пачуваюць сябе тут вельмі разьвязана, яны нічога не баяцца. Адчуваюць толькі сілу. Калі яны адчуваюць, што мы моцныя маладыя хлопцы, займаемся спортам — яны паводзяць сябе ціха. Калі адчуваюць, што хтосьці слабейшы, — пачынаюць нахабнічаць. Могуць падысьці да дзяўчыны якога-кольвечы славянскага хлопца і абразіць. Яны яшчэ нашых дзяўчат называюць „шалавамі“, прабачце за такі выраз».

Студэнт Аляксей, у групе якога вучацца замежнікі, назіраў паводзіны тых жа туркмэнаў непадалёк ад унівэрсытэту — у клюбе «Плаза»:
Магчыма, дзесьці на вуліцы нашы туркмэнаў і пакрыўдзілі. А ў іх такая нацыя, што яны адзін за аднаго стаяць

«Я быў нядаўна ў клюбе й бачыў, як яны сябе там паводзяць. Нас там пяцьдзясят чалавек, беларусаў. Тыя ж прыходзяць удваіх, ідуць у цэнтар кола і махаюць рукамі — ім усё адно. Пачуваюцца як у сябе дома, разьвязана. Магчыма, дзесьці на вуліцы нашы туркмэнаў і пакрыўдзілі. А ў іх такая нацыя, што яны адзін за аднаго стаяць. У інцыдэнце павінны не студэнты разьбірацца, а кіраўніцтва, дзяржава, міліцыя. Словам, улады. На прыкладзе трэба паказаць, дзе іхняе месца. Калі штосьці ўчынілі — дэпартаваць на радзіму. Іншыя адразу зразумеюць».

Самі гамельчукі не заўсёды добразычліва ставяцца да замежнікаў. Былі выпадкі панажоўшчыны. Ня так даўно міліцыя ўціхамірвала бойку нібыта з-за дзяўчыны паміж беларускімі грамадзянамі і студэнтамі зь Емэну, Ярданіі й Палестыны ў забаўляльным цэнтры «Эўропа».

Некаторыя беларусы лічаць, што кіраўнікі навучальных установаў, а за імі й міліцыя, даволі паблажліва ставяцца да замежных студэнтаў: іхняе навучаньне прыносіць установам грошы. Таму ўлады й не сьпяшаюцца дэпартаваць замежных забіякаў туды, адкуль тыя прыехалі. Такой думкі, прынамсі, трымаецца будучы матэматык з унівэрсытэту імя Скарыны:

«Магчыма, іх не адпраўляюць таму, што яны на платнай аснове навучаюцца».

Студэнт-псыхоляг з таго ж унівэрсытэту імя Францішка Скарыны схільны бачыць у міжэтнічных інцыдэнтах розную сацыялізацыю асобаў:

«Людзі прыяжджаюць, але яны вырасьлі й сацыялізаваліся ў іншай культуры. Культурныя адрозьненьні між нашым насельніцтвам і насельніцтвам іншых краінаў і могуць весьці да непаразуменьня. Агрэсія так ці інакш уласьцівая чалавеку, і чалавек знаходзіць нагоду, аб’ект, каб праявіць сваю агрэсію».