Варламаў: «Я ня надта добра пачуваюся»

Саша Варламаў

У Ленінскім судзе Менску працягваецца працэс над мадэльерам Сашам Варламавым, якога вінавацяць у прысваеньні грошай.

15.46 Нямчынавы, Уладзімер і Вікторыя, муж і жонка. У «Млынах моды» ўдзельнічалі і разам, і паасобку. Адказаць на пытаньні Радыё Свабода даверылі Ўладзімеру:

«Я вельмі задаволены, што я ўдзельнічаў. Гэта 200 працэнтаў прасунула мяне наперад у маёй прафэсіі. Варламаў як чалавек вельмі складаны: наколькі творчы, настолькі і патрабавальны. Сама камунікацыя зь ім шмат у чым дапамагала».

15.35 Нямчынаў Уладзімер, студэнт

Як дызайнэр удзельнічаў у «Млынах моды». Кажа, што быў вельмі рады паехаць за мяжу. Распавядае, што загружаў у аўтобус скрынкі з абсталяваньнем, а пасьля выгружалі іх.

Уладзімер кажа, што ў аўтобусе сядзеў адразу за Аляксандрам Варламавым і чуў, пра што той гаварыў.

«Пра грошы не гаварылі ўвогуле», — сьцьвярджае ён.

«Я абсалютна ня супраць выкарыстаньня гэтых грошай на паказ, як і іншыя, — кажа Ўладзімер у дыялёгу з адвакатам. — Я ўвогуле ня маю аніякіх прэтэнзіяў. Падчас сьледзтва мне сказалі, што я аўтаматычна пацярпелы, бо на мяне былі выдзеленыя грошы, а мне іх не далі. Я лічу, што пацярпелыя — гэта тыя, хто не праверыў бухгальтара БДУ».

Уладзімер апісвае паказы ў Швэцыі: «Для нас шмат чаго было зроблена, мы асабіста кантактавалі з арганізатарам з таго боку — гэта знакаміты дызайнэр. Мы тры дні з ранку да вечара выстаўляліся, адзеньне нашае вісела. Кожная калекцыя была падпісаная. Усё гэта было падрыхтаванае загадзя. Калі б не было беларусаў, там была б ерунда».

Варламаў: Можна сказаць, што «Фрэш-фіш» (так называўся праект у Швэцыі. — РС) пад нас быў зроблены?

Уладзімер: Дакладна так.

Згадваючы візыт у Швэцыю, малады чалавек кажа: «Былі экскурсіі ў Інстытуце дызайну, у музэі дызайну — усё проста супэр. Я нічога за гэта не плаціў. Але я дакладна ведаю, што гэта было платна».

Судзьдзя: Тое, што вам грошы былі выдзеленыя, а нехта імі распарадзіўся, — гэта было падманам?

Уладзімер: Падману не было.

Судзьдзя: Лічыце, што вас не падманулі?

Уладзімер: Як мне сказалі, усё так і было.

Судзьдзя: А калі не сказалі?

Уладзімер: Не сказалі — значыць, не сказалі.

Судзьдзя: Дык гэта не падман?

Уладзімер: Для мяне гэта не падман.

Пракурор: А вы дакладна ведаеце, на што былі патрачаныя вашыя сутачныя? І ці былі яны патрачаныя ўвогуле?

Уладзімер: Я ня ведаю.

Пракурор: Вы ўпэўнены, што іх патрацілі на арганізацыю паказаў?

Уладзімер: Так, я там прысутнічаў.

Пракурор: З чаго вы робіце такую выснову?

Уладзімер: З маштабнасьці самога дзеяньня.

Адвакат: А вам прадстаўленыя доказы, што вашыя сутачныя патрачаныя не на арганізацыю паказаў?

Уладзімер: Не.

15.45 Перапынак да 10.00 да 25 лютага

15.20 Пацярпелая Нямчынава Вікторыя, дэкаратар


Як дызайнэрка тройчы ўдзельнічала ў «Млыне моды». Аднойчы езьдзіла ў замежную паездку ў Вільню.

Пракурор пытаецца, ці нанесеная ёй матэрыяльная або маральная шкода. Выглядае, што падчас сьледзтва Вікторыя заяўляла гэта.

Вікторыя: Тады — так. Я была вельмі разгубленая, нават абражаная. Але цяпер я не лічу, што мне нанесеная шкода. Я лічу, што так і павінна быць. Калі б такое паўтарылася...

Пракурор: Тое, што людзі забіраюць сутачныя, — гэта для вас нармальная практыка?

Вікторыя: Я ня ведаю... Я не лічу..

Варламаў удакладняе, ці памятае Вікторыя, што група ад’яжджала ў Вільню безь яго? Вікторыя гэта ўспомніла. «Як вы думаеце, — працягвае Варламаў, — калі б я быў кіраўніком групы, я б мог яе адправіць безь сябе?» — «Думаю, не», — упэўнена адказвае дзяўчына.

Адвакат просіць Варламава гаварыць гучней, на што Варламаў кажа: «Я ня надта добра пачуваюся».

«Млын моды» — гэта прэстыжны праект. Шмат хто пашкадаваў, што цяпер яго няма«, — кажа Вікторыя.

Варламаў спрабуе высьветліць, што, магчыма, дакумэнты падаваліся «пачкам» — за гатэль, за паром, за сутачныя. Таму ў іх цяжка было разабрацца. Судзьдзя рэагуе: «Трэба было разьбірацца».

Варламаў: Я ніколі не разьбіраўся. Дакумэнты даваліся пачкамі.

Судзьдзя: А чаму дакумэнты падаваліся пачкамі?

Адвакат: Таму што БДУ сябе няправільна паводзіць.

Судзьдзя: Гэта пазыцыя абароны?

Адвакат: Не, я думаю, што гэта пазыцыя Сьледчага камітэту.

14.45 Пацярпелая Гуранкова Вікторыя, даглядае дома малое дзіця.

Навучалася ў школе мадэляў Сашы Варламава. За ўдзел у беларускіх паказах атрымлівала па два даляры за выхад на подыюм.

Езьдзіла таксама ў замежныя паездкі. Пра налічэньне на яе сутачных ня ведала, подпісаў сваіх на фінансавых дакумэнтах не пазнала.

Кажа, што падпісвала толькі адзін дакумэнт. Агулам пракурор агучвае для выпадку Гуранковай суму ў 415 эўра і каля 3 мільёнаў 300 тысяч беларускіх рублёў. Пытаецца, ці нанесеная ёй матэрыяльная ці маральная шкода

«Матэрыяльнай шкоды мне не нанесьлі, але маральнай... Мне непрыемна, што гэта хавалі... Але я не хачу, каб мне кампэнсавалі», — кажа Вікторыя.

Адвакат задае пытаньне, ці адмовілася б Вікторыя ад гэтых грошай дзеля паказаў.

«Думаю, так, — кажа дзяўчына. — Усе гэтыя паездкі былі вартыя таго, каб паехаць і паглядзець. Я б сама не змагла».

Варламаў пытаецца: «Калі б перад паездкай вам сказалі, што вашыя сутачныя трэба патраціць на паказ, вы б пагадзіліся?»

Вікторыя: Калі б спыталі, я думаю, што не былі б супраць.

Варламаў: Усе не былі б супраць?

Вікторыя
: Большая частка людзей — напэўна.

Пракурор: Калі б вы не адмовіліся ад сутачных, паказ бы не адбыўся?

Дзяўчына ня мае адказу.



14.30 Пацярпелая Марына Дзейка.

Як дызайнэр прымала ўдзел у «Млыне моды». У чэрвені 2009 году езьдзіла ў Аўстрыю.

Марына падчас сьледзтва заявіла, што ёй была нанесеная матэрыяльная шкода дзеяньнямі Варламава. Але цяпер яна адмаўляецца.

На пытаньне пракурора, ці паўплываў нехта на яе рашэньне, адказвае: «Не, гэта маё асабістае».

Варламаў пытаецца, як Марына ўспрымала яго ў паездцы. Яна адказвае: «У мяне добрае ўражаньне склалася пра вас. Я непасрэдна расла, разьвівалася».

13.00 Перапынак да 14.00

12.45 Пацярпелая Вольга Бухал, індывідуальны прадпрымальнік


Як дызайнэрка ўдзельнічала ў «Млыне моды», езьдзіла ў Бэрлін на паказ у галерэю «Лафает».

Для паказу ў Нямеччыну Вольга зрабіла 8 сукенак, яны пасьля засталіся там для продажу. Дзьве сукенкі прадаліся, і яна атрымала за іх каля 800 даляраў. Кажа, што такія грошы і хацела атрымаць, але за колькі сукенкі насамрэч прадаліся, ня ведае.

Падчас сьледзтва Бухал казала, што паказ у галерэі «Лафает» быў арганізаваны коштам нямецкага боку. Цяпер кажа, што дакладнай інфармацыі ня мела, а гэта толькі меркаваньне.

Пракурор агучвае дакумэнт, паводле якога галерэя «Лафает» бярэ на сябе ўсе выдаткі па правядзеньні паказу, і загад рэктара БДУ ад 9 сакавіка 2009 году, паводле якога БДУ бярэцца аплачваць транспартныя выдаткі, гатэль, сутачныя, страхавыя полісы.

Варламаў робіць заўвагу: «Паездка была 17 сакавіка!»

Вольга лічыць, што на той момант яе правы былі парушаныя, бо грошы былі налічаныя, а яны іх не атрымалі. Але кажа, што яны атрымалі болей. Патрабаваць вяртаньня 200 эўра, якія ёй належацца, ня хоча.

Адвакату Вольга кажа, што яе задавальнялі ўмовы, калі яна ня плаціць за паездку, але і не атрымлівае грошай. Яна б адмовілася ад сутачных дзеля паказу.

Варламаў пытаецца ў Вольгі: «Тое, што беларускія дызайнэры шэсьць месяцаў выстаўляюцца на першым паверсе галерэі „Лафает“ — гэта плюс для краіны?» — «Вядома», — адказвае дзяўчына.


Адвакат — Варламаву: У дакладной запісцы стаіць адна сума меркаваных выдаткаў, у загадзе — іншая, а ў запрашэньні ад галерэі «Лафает» напісана, што ўсё будзе бясплатна. Патлумачце, як гэта магло атрымацца?

Варламаў: Запрашэньняў было заўжды два. Адно — для амбасады, бо павінна было быць пазначана, што прымаючы бок бярэ на сябе ўсе выдаткі. Толькі тады даваліся візы. Інакш нам трэба было б на кожнага чалавека дарожных чэкаў на 600 эўра. Другое запрашэньне — таму, хто накіроўваў. І там былі сапраўдныя выдаткі, які нясе беларускі бок. Ёсьць лісты зь Вены, з Брусэлю, ёсьць пацьверджаньні дыпляматычных работнікаў, і там гаворыцца, што ў БДУ папярэджаныя, што ўсе выдаткі нясе беларускі бок.

Адвакат: У дадзеным выпадку па паездцы ў сакавіку 2009 году. Страхоўка была аплочаная 16 сакавіка, а паездка пачалася 17 сакавіка. Ці сапраўды без страхоўкі нельга здаць дакумэнты на візу?

Варламаў: 16 сакавіка мы ўжо сядзелі ў аўтобусе, а 17-га мы ўжо мусілі быць на тым баку мяжы. Без страхоўкі мы не маглі здаць дакумэнты ў амбасаду. Прымаючы бок ня мог яе гарантаваць.

Адвакат: За адзін дзень можна аформіць візу?

Варламаў: Ні ў якім разе.

Адвакат: У якую амбасаду падавалі?

Варламаў: У амбасаду ФРГ, там заўжды патрабавалі маёй асабістай прысутнасьці.

Адвакат: Калі ўсё ж страхоўку аплацілі, чаму павінен быў яшчэ нешта дадаткова аплачваць БДУ?

Варламаў: Я на ніводнае пытаньне, зьвязанае зь імі, адказаць не магу. Гэта ня мой клопат. І, магчыма, нават той Вадзім Кастэнка, які мусіў гэтым займацца, ён мог у гэтым ня цяміць, бо ў яго няма адмысловай адукацыі.

Пракурор: Правільна я зразумеў, што было два запрашэньні: адно — у амбасаду, другое — у БДУ?

Варламаў: Так.

Пракурор: А як яно трапіла ў справу, калі няма ніводнай выемкі з замежных амбасадаў?

Варламаў: Справу камплектаваў ня я.

Пракурор: Вы запрашэньне ў амбасаду занесьлі?

Варламаў: Так. Значыць, гэта копія. Я ня ведаю. Арыгінал быў у амбасадзе.

Варламаў: Можна я спытаюся, чаму трэба ўвесь час яхідна сьмяяцца?

Пракурор: Трэба заўвага.

Судзьдзя: Ну праўда, заўвага. Хто вам яхідна сьмяецца?

Варламаў: Увесь час проста ў твар!

Пракурор: Я хачу вам паясьніць, што заўвагі ня проста так. Калі будзе шмат заўвагаў, то я магу хадайнічаць, каб вас адхілілі.

Судзьдзя: Пакуль яшчэ суд разьясьняе парадак суду. Калі вы хочаце зрабіць заўвагу абвінавачанаму, то зьвярніцеся да суду.



12.30 Пацярпелая Марыя Касека, беспрацоўная.

Як дызайнэрка прымала ўдзел у «Млыне моды».

Дзяўчына ня можа згадаць, ці яе подпіс быў на фінансавых дакумэнтах, якія ёй паказвалі падчас сьледзтва.

Пракурор просіць паказаць ёй дакумэнты яшчэ раз. Подпісаў сваіх яна не пазнае.

Але на пытаньні адваката кажа, што прэтэнзіяў да Варламава, матэрыяльных ці маральных, ня мае.

Варламаў ізноў акцэнтуе ўвагу на тым, што страхоўка была аплочаная БДУ нашмат пазьней за той час, калі дакумэнты на візу пайшлі ў амбасаду.

«Немагчыма было такую страхоўку прыкласьці да дакумэнтаў», — кажа Варламаў.

«Вы ведалі, што на сцэнічнае афармленьне не было грошай? — пытаецца Варламаў. — Вы памятаеце паказ? Усё было?»

Марыя пацьвярджае, што паказ быў арганізаваны на высокім узроўні.

Пракурор — Варламаву: Вам вядома, калі падаваліся дакуманты за візу?

Варламаў: За месяц падавалі

Пракурор: А адкуль вы гэта ведалі? Вы ўвесь час сьцвярджаеце, што вы свабодны мастак, дакумантамі не займаліся?

Варламаў: Да мяне падыходзіў Вадзім Кастэнка і казаў, што грошай няма, а трэба падаваць. Я сказаў, што трэба плаціць самім.

Пракурор: А ліст амбасады з просьбай прадставіць бясплатныя візы?

Варламаў: Візы бясплатныя выдаваліся не таму, што беларуская амбасада зьвярнулася з лістом, а таму што было дамоўленасьць. І гэта была падтрымка. Пакажыце мне яшчэ сьпіс удзельнікаў?

Судьдзя: Навошта?

Варламаў: Гэта іншы сьпіс.


12.00 Пацярпелая Кацярына Барысюк, працуе ў Беларусбанку.

У 2008 годзе навучалася на курсах мадэляў у Сашы Варламава. Шмат разоў удзельнічала ў замежных паездках. Пра сутачныя, якія ёй належаліся, ня ведала. Пракурор таксама высьветліў, што ў адну з паездак яна ўвогуле ня езьдзіла, а сутачныя на яе ўсё адно налічылі.

Пракурор акцэнтуе ўвагу, у які дзень вярнулася дэлегацыя зь першай паездкі — 2 ці 3 сакавіка? Дзяўчына ня памятае.

Пракурор сьцьвярджае, што, паводле матэрыялаў сьледзтва, вярнуліся яны 2 сакавіка. Аднак было пададзенае патрабаваньне пра пераразьлік сутачных, бо група нібыта вярнулася на дзень пазьней.

Барысюк належыцца сума ў 700 эўра.

«Я лічу, што факт падману ёсьць, — кажа Кацярына. — Але калі б вярнуць той час, я б ізноў паехала на такіх умовах».

Адвакат пытаецца, ці адмовілася б дзяўчына ад сутачных дзеля паказу. Яна адказвае: «Так. У мяне тады такой магчымасьці не было. Умовы мяне задавальнялі, таму я і езьдзіла».

«Паказ у галерэі „Лафает“ для вас — гэта прыз, узнагарода?» — пытаецца ў Кацярыны Варламаў. — «Так», — адказвае яна.

Высьвятляецца, што пацярпелую распытвалі пра паездку (кастрычнік 2009 году), якая не ўвайшла ў абвінавачаньне. На гэта зьвярнулі ўвагу Варламаў і судзьдзя.

Варламаў зьвяртаецца да судзьдзі: «У мяне ёсьць дакумэнты, якія я хачу прад’явіць».

Адвакат: «Мы маем дакумэнты, дзе інфармацыя прадстаўленая інакш, чым прадстаўляе пракурор».

Варламаў зачытвае з дакумэнту («канцэпцыя 2004 году): «Мэта фэстывалю — прасоўваньне беларускіх прадуктаў на беларускі і эўрапейскі рынак».

«Уся дзейнасьць, — тлумачыць ён, — для таго, каб нашыя прадукты прасоўваліся. І гэта ёсьць ва ўсіх дакумэнтах. Пераможцам „Млына моды“ зьяўляюцца фіналісты».

«Тая дзяўчына, якая вывозіла свае калекцыі ў Бэрлін, — яна пераможца, фіналіст, яна мае права прадстаўляць сваю калекцыю ў іншай краіне», — падсумоўвае Варламаў.

Пракурор: «А колькі разоў можа гэты пераможца ехаць у замежныя паездкі?»

Варламаў: «Няма такіх дакумэнтаў».

Пракурор: «А хто вызначае, хто паедзе? У выніку — вы?»

Варламаў: «Не, ня ведаю. Як атрымлівалася. У дадзеным выпадку было прапанавана ўсім, хто хацеў. А рашэньне прымалі міжнародныя экспэрты».


11.30 Пацярпелая Сабашэвіч Алёна, мастак-мадэльер у ЗАТ «Івушка».

Езьдзіла як дызайнэр у Швэцыю і Нямеччыну. У Швэцыю вазіла сваю дыплёмную калекцыю, а ў Нямеччыну — калекцыю вечаровых сукенак.

Пракурора надзвычай цікавіць, як адбываўся адбор вечаровых сукенак для паездкі ў Бэрлін. Высьвятляецца, што ў Беларусі гэтая калекцыя не паказвалася, а адбор адбываўся ўжо ў Нямеччыне.

«Хто павінен быў ехаць у такую паездку? Гэта пераможцы рэспубліканскага конкурсу ці тыя, каго адабралі нямецкія экспэрты для паказу ў сваёй галерэі?» — пытаецца пракурор. Дзяўчына сумелася. «Вам вядома, што гэтыя сукенкі рыхтаваліся для продажу?» — «Так», — адказвае Сабашэвіч.

Варламаў расхваляваўся і выказваецца зь месца: «Гэта некарэктнае пытаньне!»

Пракурор патрабуе зрабіць Варламаву заўвагу ў пратакол за неаднаразовыя выказваньні зь месца. Варламаў абураецца і нэрвуецца: «Цкуюць чалавека!»

Судзьдзя кажа: «Наступны раз вам зробяць заўвагу. Трэба ўсё рабіць спакойна». «Я буду запісваць усе пытаньні», — рэагуе Варламаў.

Пасьля спрэчак паміж пракурорам, адвакатам і судзьдзёй агалошваецца прыказ рэктара БДУ, які тычыцца паездкі ў Швэцыю. Паводле яго БДУ аплачвае аўтобус, паром, пражываньне, страхоўку і сутачныя для 60 удзельнікаў паездкі. Усе дакумэнты падпісаныя Варламавым.

Сабашэвіч пра сутачныя ня ведала, але кампэнсаваць гэтыя грошы (482 эўра) ня хоча.

Пракурор зьвяртае ўвагу, што падчас сьледзтва Алена лічыла, што матэрыяльная шкода ёй нанесеная. Дзяўчына адказвае, што так, інфармацыю ад яе схавалі, але цяпер гэта ня важна. Пракурор адправіў свайго памочніка па матэрыялы справы, каб агаласіць паказаньні Сабашэвіч падчас сьледзтва.

Адвакату Алёна кажа, што гатовая была адмовіцца ад сутачных дзеля паказу.

Варламаў у дыялёгу з дызайнэркай падводзіць яе да таго, што ў паказе калекцыі вечаровых сукенак яна ўдзельнічала як фіналіст «Млына моды». Ён зьвяртае ўвагу, што адной з мэтаў правядзеньня «Млына» было прасоўваньне беларускіх тавараў на ўнутраны і эўрапейскі рынак, і гэта пацьверджана дакумэнтальна.

Таксама Варламаў кажа, што ён ня быў кіраўніком Цэнтру моладзевай моды БДУ, а дакумэнты, якія цяпер агалошваюцца ў судзе, падпісаныя ад імя чалавека з такой пасадай.

Варламаў зьвяртае ўвагу, што страхоўка аплочаная БДУ на 20 дзён пазьней, чым былі пададзеныя дакумэнты на візу. «Хто аплаціў страхоўку?» — пытаецца ён.

Варламаў згадвае паказ у галерэі «Лафает»: «Пакупнік уваходзіць і бачыць шыльду „Рэспубліка Беларусь, дызайнэр...“ — гэта гонар?»

«Яшчэ хто-небудзь у Беларусі можа пахваліцца тым, што прадаваў адзеньне ў галерэі „Лафает“?» — пытаецца ён.

«Так, тыя, хто езьдзіў тады разам са мной», — адказвае Алёна.

«Вы калі-небудзь бачылі рэктара Стражава (рэктар БДУ — рэд.)? Ён быў на паказах? Ён уручаў статуэткі?» — працягвае размаўляць з дызайнэркай Варламаў.

«Не, ніколі», — адказвае Алёна.

Пракурор зачытвае паказаньні Сабашэвіч на сьледзтве. Там распавядаецца, што яна пашыла сукенкі сваім коштам па просьбе адной з супрацоўніц Варламава, адвезьлі ў Нямеччыну 3 сукенкі, але яны не прадаліся.

Пракурор пытаецца: «Як так атрымалася, што ў Нямеччыну за дзяржаўны кошт паехала калекцыя, якая не прайшла адбору ў Беларусі? А гэта павінна адбывацца паводле ўмоваў конкурсу «Млын моды». Дзяўчына ня ведае, што адказаць.

Паказаньні гадавой даўніны. Тады Сабашэвіч лічыла, што ёй нанесеная матэрыяльная шкода. На пытаньне пракурора, ці паўплываў нехта на тое, што цяпер яна ня бачыць для сябе шкоды, дзяўчына адказвае: «Не, ніхто».

Варламаў: «А сьледчы не ўплываў на вашае рашэньне пра тое, што вам нанесеная шкода?»

Пракурор: «Я пратэстую».

Сабашэвіч: «Не, не».

Варламаў пярэчыць: «У ніводным дакумэнце няма такога, каб у замежных паездках удзельнічала менавіта тая калекцыя, якая перамагла. Удзельнічае сам пераможца, а калекцыі ўвесь час дапрацоўваліся, мяняліся». «Калі дызайнэр робіць адзеньне, яго павінны насіць, — кажа Варламаў. — Гэта не карціна».

Судзьдзя спрабуе ўдакладніць: «Ці трэба было абавязкова праходзіць конкурсныя туры ў Беларусі, каб калекцыя трапіла ў паездку?» — «Не! — адказвае Варламаў. — Пераможца — не калекцыя, а дызайнэр. Яна можа выстаўляць любую калекцыю, новую прыдумаць і ўдзельнічаць у замежнай паездцы, бо яна пераможца «Млына моды».


10.30 Пацярпелая Вікторыя Колб, дызайнэр Цэнтру моды.

Успрымала Варламава «як чалавека, які адкрыў нам сьвет». Так яна адказала на пытаньне пракурора.

Пракурор высьветліў стандартныя пытаньні, якія тычыліся замежнай паездкі ў Прагу і Вену. Пра налічэньне сутачных (213 эўра) дзяўчына ня ведала, фінансавыя дакумэнты таксама не падпісвала.

Адваката болей цікавіць правядзеньне адборачных тураў для фэстывалю Млын моды. Дзяўчына тлумачыць: «Мы абмяркоўвалі маю калекцыю, ён мне казаў, якія плюсы, якія мінусы. Гэта было вельмі далікатнае абмеркаваньне, парады, да якіх я прыслухоўвалася».

«Падчас паказаў, — распавядае Вікторыя, — у мяне нешта не атрымлівалася, не пасьпявала пераапранаць, было шмат стрэсаў, але мы вельмі ціха і тактоўна пагаварылі з Аляксандрам. Ён быў вельмі ўраўнаважаны, спакойны. Гэта была падтрымка».

Кажа, што была б гатовая адмовіцца ад сутачных, каб правесьці паказ: «Усё гэта каштавала больш за сутачныя».

На пытаньне, ці мае Вікторыя прэтэнзіі да Варламава, адказвае: «ніякіх прэтэнзіяў ані матэрыяльнага, ані маральнага характару».

Варламаў пытаецца ў дызайнэркі: «Я сябе высоўваў наперад у гэтых мерапрыемствах? Позу кінг-конга займаў?» Вікторыя адказвае: «Не». Але тут умешваецца судьдзя: «Абвінавачаны, калі на пытаньне пра позу кінг-конга пацярпелая адказвае „не“, мы так і запішам. Але я так разумею, што вы нешта іншае хацелі спытаць?» Варламаў выпраўляецца, і Вікторыя кажа: «Не, мы заўжды былі з вамі на роўных. Усё было па-добраму».


10.15 Паседжаньне пачалося. У залі 7 пацярпелых, і сястра Варламава Рыма з сям’ёй.


Апошнія некалькі дзён суд у справе Варламава апытваў людзей, якія праходзяць як пацярпелыя.

Амаль усе яны адмовіліся, заявілі, што ня маюць фінансавых прэтэнзіяў да Варламава. Тыя, хто ўжо выступіў у судзе, таксама казалі, што сьледчыя ціснулі на іх у часе допытаў, каб давалі паказаньні супраць Варламава.

Саша Варламаў прызнаў сваю віну толькі ў нясплаце падаткаў.

У справе праходзяць 300 пацярпелых. На мінулых паседжаньнях суд заслухаў каля 20 зь іх. Амаль усе дапытаныя адмовіліся ад прэтэнзіяў да Варламава.

Былога кіраўніка фэстывалю «Млын моды» абвінавацілі, між іншага, у крадзяжы ў вялікім памеры праз злоўжываньне службовым становішчам.

Сьведкамі і пацярпелымі ў справе праходзяць 800 чалавек.

Варламаў быў арыштаваны ў траўні 2011 году і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай.

Судзьдзя — Надзея Навіцкая

Адвакат — Павал Піваварчык

Адзін з пракурораў — Антон Загароўскі — той самы, які прадстаўляў бок абвінавачаньня ў працэсе над былым кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым.


Першы дзень: Саша Варламаў — на месцы Канавалава-Кавалёва

Другі дзень: Варламава перавялі з «залі сьмяротнікаў»

Дзень трэці: Скрыні шампанскага, «Белавескай», ікры і беларускага хлеба

Дзень чацьверты: Варламаў прызнаў сваю віну, што не сплаціў падаткі

Дзень пяты: Сьведкі кажуць пра ціск з боку сьледчых

Дзень шосты: Мадэлькі адмаўляюцца ад статусу пацярпелых

Дзень сёмы: Пацярпелыя становяцца на бок Варламава

Дзень восьмы: Сьлёзы ў судзе

Дзень восьмы: Нас пытаньне грошай не хвалявала