Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варламаў — эмацыйны «змагар за справядлівасьць»

абноўлена

Саша Варламаў, архіўнае фота
Саша Варламаў, архіўнае фота

Саша Варламаў — гаспадар уласнага «Агенцтва моды», арганізатар фэстывалю «Млын моды», кіраўнік цэнтру моды — гэты чалавек меў офіс у будынку ліцэю БДУ і кіраваў Цэнтрам моладзевай моды дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Беларуская дзяржава аказала яму грашовую падтрымку, а цяпер вінаваціць у махлярстве. Які жыцьцёвы і прафэсійны шлях прайшоў дызайнэр, перш як апынуцца на лаве падсудных?

Пра асабістае жыцьцё Сашы Варламава вядома вельмі мала. Яму 57 гадоў і ў яго ёсьць дзьве сястры. Сам Варламаў пра сябе да арышту распавядаў вельмі неахвотна.

Ён скончыў менскую харэаграфічную вучэльню, быў танцорам балету, але атрымаў траўму хрыбетніка. «Ён пра здароўе не распавядаў ніколі, але я бачыў, што ён пакутуе. Дапамагаў яму з дактарамі», — кажа рэкляміст Сяргей Філіпаў, які ведае Варламава 20 гадоў.

Ужо пасьля траўмы Варламаў пайшоў працаваць на Менскі авіярамонтны завод, а неўзабаве трапіў у войска. Пра ўсё гэта ён апавядаў у інтэрвію газэце «Мінскі кур’ер» у ліпені 2010 году.

У 1981-м паступіў у Інстытут культуры і стаў падпрацоўваць дэманстратарам адзеньня. У 1980-х працаваў у тэатры моды рэжысэрам-харэографам. Калі падчас перабудовы тэатар закрыўся, Саша Варламаў адкрыў уласнае мадэльнае агенцтва. Было гэта ў 1992 годзе.

Таксама вядома, што Варламаў скончыў асьпірантуру ў маскоўскім Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва (ГИТИС) па спэцыяльнасьці «Мастацтвазнаўства».

Сяргей Філіпаў кажа, што Варламаў — хутчэй не дызайнэр, а шоўмэн: «Ён самаадданы чалавек, які любіць сваю прафэсію. Шмат чаго зрабіў для гэтай індустрыі».



Саша Кірынюк, 28-гадовы стыліст, знае Варламава з 15 гадоў. Прыйшоў да яго на курсы дэфіле, працаваў мадэльлю. Цяпер кажа, што Саша адзін з найлепшых стылістаў у Беларусі. Варламава называе «другім бацькам»:

«Я больш разумнага, геніяльнага чалавека ў жыцьці не сустракаў. Я думаю, што ўсім павінна быць сорамна за тое, што адбываецца цяпер у судзе. Ён не гвалтаўнік, не забойца, не маньяк. Гэта ўсяго толькі фінансавыя махінацыі, якія яшчэ не даказаныя. Чалавек хворы, нікуды не ўцячэ, нікога не застрэліць. Гэта паказуха».
Я думаю, што ўсім павінна быць сорамна за тое, што адбываецца цяпер у судзе

Кірынюка тройчы выклікалі на допыт, ён прызнаны пацярпелым, але кажа, што гатовы заплаціць яшчэ большыя грошы, абы навучыцца таму, што даў яму Варламаў:

«Ладна, гэта прыносіла нейкія грошы, прыбыткі, але гэта было разьвіцьцё моладзі. Практыка, паездкі за мяжу. Няхай яны не атрымлівалі гэтыя сутачныя. Але ўсе цудоўна ведалі, што яны не атрымліваюць гэтыя грошы зь нейкіх абгрунтаваных прычын. Але ўсе хацелі ехаць, усе былі радыя, усе былі задаволеныя. Рукі-ногі цалавалі: „Дзякуй вялікі, што вы нам далі такую магчымасьць“. Ён зь людзей такіх зорак зрабіў!»

Кірынюк распавядае, што ў камунікацыі Варламаў быў чалавек складаны, мог і зьняважыць пры людзях.

«Ён недзе мог прынізіць чалавека, але мог і ўзвысіць. Але ўсё гэта было на прафэсійнае разьвіцьцё. У мяне былі зь ім моманты таксама. Ён казаў: „Саша, што ты там нафарбаваў, хутка здымай. Пайшоў вон адсюль“. Я плакаў, набіраўся сіл, пачынаў усё спачатку. І гэта было геніяльна. Я працаваў на такіх пляцоўках — у галерэі Ляфает, у Бэрліне, у Бэльгіі, у Швэцыі. Гэта было незабыўна!»

Кірынюк сьцьвярджае, што сьледчыя моцна ціснулі на яго пад час допытаў.

Ёсьць думка, што справакаваць жорсткі перасьлед Варламава магло яго адкрытае прызнаньне ў сваёй гомасэксуальнай арыентацыі. Саша Кірынюк кажа, што — так, магчыма. А вось Філіпаў мяркуе, што ў паводзінах Варламава было болей «эпатажу». «Як толькі зьяўлялася нейкая публіка, Сашу несла», — апавядае Філіпаў. Але, паводле яго, Варламаў — чалавек адзінокі, сяброў у яго не было.

Сястра Варламава: «На стары пінжак Саша нашываў манжэты»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:21 0:00
Наўпроставы лінк

Яшчэ цікавы момант. Увесь гэты час Варламаў жыў у двухпакаёвай кватэры на вуліцы Асаналіева, у далёка не элітным менскім раёне. Са словаў Кірынюка, за тыя гады, што ён яго ведае, у кватэры ніколі не было новага рамонту і не зьяўлялася новых рэчаў. А езьдзіў ён на ня самым камфортным «Мэрсэдэсе», якім цяпер, як кажа Сяргей Філіпаў, нікога ня зьдзівіш.

Сяргей Філіпаў сумняецца таксама, што ў Варламава ёсьць хоць якая маёмасьць за мяжой. «Як ні дзіўна, яму ня трэба было шмат грошай. Жыў ён у складаным раёне. Калі я ў яго пытаўся, чаму б яму хай бы аднапакаёвую кватэру купіць, але раён бы памяняць, ён казаў, што яму гэта ня надта і трэба, але і не хапае яму на кватэру».

«Куды пайшлі ўсе гэтыя вялізныя грошы, якія фігуруюць у судзе?» — пытаецца Сяргей Філіпаў.

Саша Кірынюк кажа, што Варламаў — вельмі эмацыйны, нават гістэрычны чалавек, але — «змагар за справядлівасьць». Менавіта гэтая барацьба за справядлівасьць, на яго думку, і падкасіла Варламава.

Філіпаў: «Я яго бачыў за пару дзён да арышту. Ён не чакаў, што ўсё так здарыцца. Саша, на дзіва, ня быў адаптаваны. Я баюся, што ўсё, што адбываецца, гэта страшны ўдар для яго».

Фотасэсиія Сашы Варламава, 2010 год
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG