«Граніт» — у сьпісе нядобранадзейных прадпрыемстваў

Міжнародная арганізацыя працы ўключыла мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт» у сьпіс нядобранадзейных прадпрыемстваў — за парушэньні правоў прафсаюзаў. Звольненыя з гэтага прадпрыемства актывісты прафсаюзу дагэтуль шукаюць працы.
Юрыст Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова лічыць уключэньне «Граніту» Міжнароднай арганізацыяй працы ў сьпіс нядобранадзейных прадпрыемстваў заканамерным:

«У 2004 годзе былі вынесеныя рэкамэндацыі МАП па выпраўленьні становішча з правамі незалежных прафсаюзаў. У асноўным гэтыя рэкамэндацыі ня выкананыя. Было паседжаньне Адміністрацыйнай рады МАП і зноў прыняты вельмі жорсткі дакумэнт па Беларусі. І ёсьць наступная вельмі жорсткая мера — гэта 33 параграф Статуту МАП. Паводле яе МАП можа прымаць усялякія меры, нават да таго, каб зьвярнуцца да іншых краінаў з просьбай аб эканамічным узьдзеяньні...»

Увядзеньне эканамічных санкцыяў з ініцыятывы Міжнароднай арганізацыі працы, кажа спадарыня Яськова, было аднойчы — у дачыненьні да М’янмы. Алена Яськова не выключае, што ў будучыні такі крок можа быць зроблены і адносна Беларусі.

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч кажа, што звольненыя з прадпрыемства актывісты дагэтуль шукаюць працы або езьдзяць на заробкі. Уладкавацца на дзяржаўную працу, кажа Алег Стахаевіч, звольненым актывістам досыць праблематычна:

Алег Стахаевіч

«Генадзь Паўлоўскі робіць кіроўцам-міжнароднікам. Віталь Пашэчка езьдзіць у Расею... Мікалай Карышаў — у пошуках, пакуль на падпрацоўках. Жонка Анатоля Літвінкі прайшла камісію ў сетку прадуктовых крамаў... Паехала ў Лунінец у аддзел кадраў афармляцца, і яе там „адфутболілі“... Наша дзяржава не зацікаўленая ў людзях, якія маюць сваю пазыцыю, сваю думку».

Алег Стахаевіч кажа, што рабочы рух на «Граніце» пайшоў на спад, а кіраўніцтва прадпрыемства і дагэтуль выклікае сябраў незалежнага прафсаюзу на гутаркі, прапануючы рабочым, каб адмаўляліся плаціць складкі. Многія рабочыя адышлі ад пратэсту пасьля таго, як на прадпрыемстве паднялі заробкі, кажа прафсаюзны лідэр.