Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Граніце» істотна зьменшылі заробкі


На мікашэвіцкім прадпрыемстве «Граніт» значна зьменшыліся заробкі, паведамляюць рабочыя.

Начальства пакуль сытуацыю не тлумачыць, але рабочыя і не пратэстуюць. Актывісты незалежнага прафсаюзу мяркуюць, што на такі крок кіраўніцтва прадпрыемства ідзе, здушыўшы пратэст рабочых.

Пра тое, што на «Граніце» сталі меншымі заробкі, паведаміў «Свабодзе» экскаватаршчык Леанід Дубаносаў:

«Заробкі ўпалі на паўтары-два мільёна ў экскаватаршчыкаў. У кіроўцаў „БелАЗаў“ яшчэ больш упалі — да трох мільёнаў. Больш за ўсіх атрымлівалі „белазісты“, вось у іх больш і ўпала».

У чэрвені заробак на «Граніце» быў падняты ў два разы, і кіроўцы самазвалаў сталі зарабляць 8 і больш мільёнаў рублёў. Спадар Дубаносаў мяркуе, што цяпер заробкі пачалі зьмяншаць, зьбіўшы хвалю пратэсту рабочых:

«Тады паднялі заробак, каб стыхію гэтую зьбіць... Усё гэта на два-тры месяцы. Так яно і атрымалася. Ужо бачаць, што людзей мала засталося ў незалежным прафсаюзе...»

Леанід Дубаносаў кажа, што начальства пакуль не камэнтуе, з чым зьвязана паніжэньне заробкаў. А рабочыя пакуль пратэсту не выказваюць, тлумачыць экскаватаршчык.

Працаўніца іншага мікашэвіцкага прадпрыемства — заводу жалезабэтонных вырабаў — распавяла, што заробкі паменшалі і ў іх:

«Зараз выдаў нам да Дня будаўніка 600 тысяч прэміі, і заробак застаўся такі ж. Але калі адняць гэтую прэмію — то заробак нашмат меншы...»

Спадарыня кажа, што, тым ня меней, пратэставаць людзі не зьбіраюцца:

«Вельмі людзі баяцца, таму што ёсьць шмат жанчын, якія самі жывуць, без мужоў. І гэта адзіны іхні даход. І сядзяць, маўчаць, нічога зрабіць ня могуць, таму што зь імі не працягнуць кантракт...»

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч кажа, што каб дабівацца лепшага заробку, працоўным ня трэба маўчаць:

«Мы стварылі незалежны прафсаюз для сыстэмнага вырашэньня праблемаў, зьвязаных з чалавекам працы, а не для аднаразовай успышкі, якая мае ўласьцівасьць затухаць... Гэта — цудоўная нагода для рабочых задумацца над сытуацыяй і прыняць правільнае рашэньне з разуменьнем, што ніхто, акрамя нас, нашыя праблемы вырашаць ня будзе. Хто змагаецца, той заўсёды мае шанец перамагчы, а хто спыніў супраціў — той страціў усё...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG