У Менску прэзэнтацыя кнігі Ергавіча ў перакладзе Шупы

Сяргей Шупа і Міленка Ергавіч



13 лістапада ў кнігарні «логвінаЎ» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі прозы басьнійска-харвацкага пісьменьніка Міленкі Ергавіча «Іншала, Мадона, іншала».

«Іншала, Мадона, іншала» — гэта зборнік апавяданьняў, у якіх мяшаюцца Захад і Усход, учора і сёньня, хрысьціяне і мусульмане, Асманская і Габсбурская імпэрыі, старая і новая Югаславія, харваты, басьнійцы, сэрбы, чорныя, белыя... Адзінай канстантай застаецца Босьнія. Гэтая кніга напісана не словамі, а тугою і любоўю«.

У прэзэнтацыі возьме ўдзел перакладчык кнігі Сяргей Шупа і пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, літаратуразнаўца Іван Чарота. Кацярына Ваданосава і гурт «Alta Mente» выявяць шматгалосьсе Балканаў у песьнях, некаторыя зь якіх і леглі ў аснову кнігі Міленкі Ергавіча. Вядучая — Юля Цімафеева.

Пачатак а 19-й.
Уваход
вольны.

Пра аўтара

Пісьменьнік і публіцыст Міленка Ергавіч лічыцца на сёньня адным з найлепшых басьнійска-харвацкіх пісьменьнікаў. Ён нарадзіўся ў 1966 годзе ў Сараеве. Пачынаў як паэт, і яго дэбютны зборнік паэзіі быў ня толькі заўважаны публікай, але і адзначаны некалькімі літаратурнымі прэміямі. Яго першы зборнік апавяданьняў пра жыцьцё падчас вайны ў Босьніі «Сараеўскае Мальбара» (1994) прынёс яму сусьветную славу. Гэта кніга ў перакладзе Сяргея Шупы друкавалася ў «балканскім» нумары часопіса «ARCHE». Творы Міленкі Ергавіча перакладзены на больш чым 20 моваў сьвету.

Аўтар пра кнігу


Усе апавяданьні ў гэтай кнізе ўзьніклі на аснове народных песень з Босьніі або Далмацыі, якія я слухаў або проста чуў мімаходзь і пад якія я рос, сталеў, жыў. <...>
Бальшыня як лірычных, так і эпічных басьнійскіх і далмацкіх песень маюць апавядальны характар. У іх або экспліцытна расказваецца нейкая гісторыя, або пра тую гісторыю можна здагадвацца. Я шмат гадоў уяўляў сабе, якая гісторыя, якое вялікае здарэньне, прыватныя чалавечыя пакуты, які лёс або які важны момант у жыцьці чалавека стаіць за кожнай асобнай песьняй.