Прагнозы паказваюць, што Ромні да гэтага часу атрымлівае перамогу 152 галасоў электараў, у тым ліку з Тэхасу, які мае 38 галасоў электараў, а таксама са штатаў Тэнэсі, Луізіяна і Джорджыя.
Прэзыдэнт ЗША абіраецца не ўсенародным галасаваньнем, а ў выніку набраньня як найменей 270 з 538 галасоў прадстаўнікоў Электаральнай калегіі (электараў). Гэтая сыстэма была распрацаваная больш чым два стагодзьдзі таму аўтарамі Канстытуцыі ў якасьці кампрамісу паміж прыхільнікамі наўпроставага галасаваньня і тымі, хто хацеў, каб кіраўніка дзяржавы абіраў Кангрэс. Колькасьць электараў у кожным штаце роўная колькасьці дэпутатаў ад гэтага штату ў Кангрэсе, якая залежыць ад колькасьці насельніцтва ў штаце. Густанаселеная Каліфорнія мае 55 кангрэсмэнаў, адпаведна мае ў Калегіі 55 электараў. Рэдказаселеная Аляска мае ў Кангрэсе 3 прадстаўнікоў, а значыць усяго трох чалавек у Электаральнай калегіі. Амаль ва ўсіх штатах кандыдат, які набярэ бальшыню галасоў на ўсенародным галасаваньні, атрымае ўсе галасы электараў у дадзеным штаце. Электаральная калегія — рэч супярэчлівая, бо пры гэтай сыстэме прэзыдэнтам можа стаць кандыдат, які ва ўсенародным галасаваньні зойме другое месца. Гэтак здарылася ў 2000 годзе, калі Эл Гор набраў найбольш галасоў ва ўсенародным галасаваньні, аднак ня меў большасьці галасоў Электаральнай калегіі. Пераможцам быў абвешчаны Джордж Буш, які набраў 271 голас электараў, супраць 266 галасоў, адданых за Гора.
Па стане на 5 раніцы па беларускім часе, галасаваньне было скончана ў 39 з 50 штатаў.