Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры — з пажаданьнямі кіраўніцтву Амэрыкі


Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Якія пажаданьні адрасуюць беларускія дэмакратычныя палітыкі новаабранаму прэзыдэнту ЗША? Ці разьлічваюць яны на больш пільную ўвагу адміністрацыі Белага дома да таго, што адбываецца ў Беларусі?

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў адзначае, што на тле крывавых канфліктаў у арабскім сьвеце ўвага да Беларусі з боку ЗША істотна зьнізілася. І разьлічвае, што сытуацыя неўзабаве зьменіцца:

«Я згодзен зь меркаваньнем, што ў часы прэзыдэнцтва Барака Абамы ўвага да Беларусі зьнізілася. Даводзіцца канстатаваць — на жаль, зьнізілася. Таму хацелася б, каб усё ж кіраўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі гэтаму пытаньню надалей аддавала больш увагі. Спадзяюся, што на будучыню, у пэрспэктыве новаабраны прэзыдэнт будзе ставіцца да беларускага пытаньня больш грунтоўна, з больш станоўчым для нас вынікам, і ўсё ж Амэрыка ў пляне дэмакратызацыі Беларусі зробіць больш рашучыя крокі. Маё перакананьне, што трэба дзейнічаць больш радыкальна. Не абавязкова ў тым пляне, як гэта рабілася дагэтуль, бо ёсьць розныя варункі, ёсьць розныя крокі, якія будуць больш эфэктыўнымі і больш пасьпяховымі. А калі патрэбныя будуць нейкія падказкі амэрыканскаму кіраўніцтву, то і я асабіста, і Партыя БНФ праз амбасаду Злучаных Штатаў такія прапановы зробім. Але адназначна, што захады трэба рабіць больш рашучыя».

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
У сваю чаргу, дэмакратычны палітык Вінцук Вячорка адзначае пасьлядоўнасьць амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. І, што немалаважна, партыйная прыналежнасьць прэзыдэнта ЗША на агульным зьмесьце не адбіваецца:

«Добра, што незалежна ад зьмены партыйных адміністрацыяў Злучаныя Штаты ў юрыдычным сэнсе захоўваюць традыцыю, захоўваюць пераемнасьць палітыкі ў дачыненьні да Беларусі і ўладарнага тут рэжыму. Я маю на ўвазе, вядома, „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“, ініцыяваны ў свой час Крыстафэрам Сьмітам, які быў пацьверджаны і Джорджам Бушам-малодшым, і Баракам Абамам. І ў гэтым сэнсе, спадзяюся, акт будзе захоўваць сваю сілу, як і будуць захоўваць сваю сілу больш прынцыповыя за эўрапейскія падыходы да антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі. Безумоўна, хацелася б спадзявацца, што ўвага Злучаных Штатаў, як усё ж такі наймацнейшай дэмакратычнай краіны сьвету, ня будзе замыкацца толькі на сабе і сваіх праблемах, а гэтая вялікая краіна будзе зьвяртаць увагу на грубыя парушэньні дэмакратычных прынцыпаў, правоў, свабодаў — права на самарэалізацыю, права на незалежнасьць народаў сьвету».

Уладзімер Навасяд
Уладзімер Навасяд
Старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд лічыць, што Вашынгтон цалкам аб’ектыўна зьнізіў градус увагі да Беларусі, аднак падкрэсьлівае, што пускаць сытуацыю на самацёк таксама небясьпечна:

«Неабходна больш аддаваць увагі Беларусі. Зараз Беларусь для ЗША далёка не на першым месцы, і гэта зразумела. Ёсьць іншыя канфлікты, больш сур’ёзныя, чым Беларусь — напрыклад, вялацякучая грамадзянская вайна ў Сырыі. Але вось такія палітычныя рэжымы, як у нас, яны самі па сабе зьяўляюцца небясьпечнымі для суседзяў. Яны ўсё больш і больш зачыняюцца, ізалююцца, а насельніцтва ўсё больш адцякае за мяжу ці то з палітычных матываў, ці то дзеля працы. Таму калі Амэрыка хоча мець больш усталяваныя, больш стабільныя палітычныя рэжымы, то Беларусі неабходна аддаваць нашмат больш увагі, чым зараз. Ну і, вядома, тая амбасада ЗША, якая зараз працуе ў Менску ва ўрэзаным фармаце, — гэта ня ёсьць добра. Неабходна, каб дыппрадстаўніцтва працавала ў нармальным рэжыме, пашырала свой удзел у стасунках паміж нашымі дзяржавамі. Разам з тым беларускія справы — гэта справы саміх грамадзянаў Беларусі, за нас ніхто нічога ня вырашыць. Тое, што ў нас адбываецца зараз, перш за ўсё тычыцца нас саміх. І калі ня будзе жаданьня і рашучасьці нешта зьмяняць, то ніякія адміністрацыі ніякіх краінаў нас не ўратуюць. Дапамагаць — так, але замест нас ніхто нічога ня зробіць. Таму Абама ці Ромні — ня грае ніякай ролі».

Валеры Фралоў
Валеры Фралоў
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў таксама адзначае, што ў любой сытуацыі трэба разьлічваць на ўласныя сілы, бо ніхто звонку праблемы беларусаў ня вырашыць:

«Я апошнім часам шмат кантактую з рознымі нашымі дзеячамі, дык магу сказаць, што трэба адразу тут, у сябе разабрацца, а потым ужо чакаць нейкай увагі. Усё ж у нас унутры вельмі шмат непаразуменьняў, дык як у такой сытуацыі разьлічваць на нейкую дапамогу? А то ўсё толькі і чакаем, што будзе большая ўвага да нас, замест таго каб урэшце рэшт самім пра нешта думаць. Дарэчы, я добра ведаю рэспубліканца Джона Маккейна, за апошнія гады давялося разоў 6–8 сустракацца. Як вайсковец я шмат у чым, скажам так, просталінейны, таму глыбока паважаю Маккейна за ягоную пазыцыю. І мае сымпатыі больш на баку рэспубліканцаў — пры ўсёй іх неадназначнасьці, непамяркоўнасьці, бо гэта дэмакраты больш улічваюць нейкія абставіны і акалічнасьці. А рэспубліканцы, як мне падаецца, больш канкрэтныя. Што, у сваю чаргу, спрыяла б і Беларусі. Але яшчэ раз паўтару: найперш на сябе трэба разьлічваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG