Аксана Спрынчан — пра ўлюбёныя творы Якуба Коласа

Аксана Спрынчан

Я часта бачу сьвет вачыма Якуба Коласа, яны ў мяне таксама карыя. Ды і на стале ў вазе стаяць каласкі, сабраныя калісьці дзедам. Ласкава іх нават называю якубікі. Так лёсавызначылася, што коласаўскія зярняткі прарастаюць праз усё маё жыцьцё.

Сымон-музыка. Выбраныя творы. Менск, Кнігазбор, 2007

Я нарадзілася ў горадзе, які лунае, у горадзе, зь якім сёлета зьнітаваны своеасаблівы юбілей. 100 гадоў таму ў ім жыў Якуб Колас. Гэта — Лунінец Берасьцейскай вобласьці. Колас у маім родным горадзе нелегальна працаваў настаўнікам і стварыў у ім частку паэмы «Сымон-музыка». Таму я чую ў гэтай паэме музыку майго роднага куточка, у якім я, як і Сымон, пасьвіла, толькі ён — авечак, а я — кароў. Творчасьць і каханьне — асноўныя тэмы гэтай паэмы, яны ня могуць не прыцягваць увагі. А мяне яшчэ заўсёды прыцягвалі — музыкі...

Якуб Колас нарадзіўся ў час, калі беларусы ўзгадваюць пра сваіх Дзядоў. У паэме «Сымон-музыка» ён стварыў вобраз аднаго з найлепшых літаратурных дзядоў — дзеда Курылу. «Дзядок — душа» — адначасна і сымбаль творчай падтрымкі беларускіх унукаў, і горкі напамін пра частае неразуменьне і непрыманьне творчых душаў блізкімі людзьмі.

Як толькі я ўзгадваю пра паэму «Сымон-музыка», я ўзгадваю і Янку Саламевіча, сябра-энцыкляпэдыста, ягоны аповед пра тое, як у вёсцы Малая Кракотка, навучыўшыся чытаць, ён плакаў над «Сымонам-музыкай»...

Новая зямля. Выбраныя творы. Менск, Кнігазбор, 2007.

Шмат блізкага мне ў паэме «Сымон-музыка». Але ж, калі мяне запытаюць: «Які адзін твор Коласа пакласьці табе ў труну» — я абяру «Новую зямлю». Гэта сапраўды мая зямля, мая паэзія, мая беларушчына. Цікава, што і Якуб Колас напачатку пачаў быў пісаць «Новую зямлю», потым захапіўся «Сымонам-музыкам», і толькі пазьней дапісаў сваю энцыкляпэдыю жыцьця беларускага сялянства канца 19-пачатку 20 стагодзьдзя. Гэтая энцыкляпэдыя з поўным правам — найлепшая беларуская энцыкляпэдыя. Дарэчы, калі я прыйшла працаваць у выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя», першы артыкул, які даручылі мне рабіць, быў «Якуб Колас». А вось сам Колас пачаў ствараць сваю паэму ў вязьніцы на Валадарцы. Менавіта гэтая мясьціна і заслугоўвае мэмарыяльнай шыльды ў гонар песьняра і ягонага твора.

Зорка. Выбраныя творы. Менск, кнігазбор, 2007

Аднойчы я падышла да пісьмовага стала, за якім мама друкавала верш, і стала чытаць радок за радком. Мама друкавала, і я ня ведаю, што стукала мацней — клявішы ці маё сэрца:

Светит она мне из бездны ночной,
Из неразгаданного мирозданья.
И возникает меж нею и мной
Связь, не имеющая названья...

«Путник усталый, себя успокой,
Хоть на минуту забудь про скитанья,
Сердце твое — расщепленный войной
Нечеловеческий атом страданья».

И говорю я далекой звезде:
«Муки мои вознеси на кресте,
Дай мне, пресветлая, радость покоя.

Душу не греет холодный твой свет.
Нет утешенья на старости лет.
Арфа разбита — чьею рукою?»

Высьветлілася, што бацька пераклаў верш Якуба Коласа «Зорка», напісаны ў 1943 годзе. З гэтых, выбітых друкаркай імгненьняў, ён стаўся маім улюбёным. Упэўненая, што гэта — адзін з найглыбокіх коласаўскіх вершаў, які, на дзіва, мала хто ведае. Верш, нібыта не характэрны для зямнога Коласа, а можа, і наадварот — толькі зямны паэт так можа адчуць касьмічнае.

Сьвеціць мне зорка зь бяздонных глыбінь,
Вечнае неба таемна-прыгожа.
Ёсьць нейкая сувязь, няспынная плынь,
Толькі ім назвы, імя не знаходжу.

Ласкава кажа мне зорка: спачынь!
Ах, мой вандроўнік, суцішся, нябожа!
Носіш ты ў сэрцы жальбу-далячынь,
Атам журботны ў сьвятым падарожжы.

Сьветлая зорка! Ты ярка гарыш,
Одум мой горкі ўзнясі ты на крыж,
Мне ж падары ты радасьць спакою.

О, не: ты далёка, халодны твой жар.
Вечар мой нікне пад полагам хмар.
Арфа разьбіта — чыёю рукою?


Ліст у ЦК. Выбраныя творы. Менск, Кнігазбор, 2007

У народа ёсьць такія творы, за якія варта памерці. Якуб Колас ведаў такі твор — МОВА. Усяго за колькі гадзін да сьмерці народны пісьменьнік занёс у ЦК КПБ пратэстны ліст-заклік пра крытычны стан беларускай мовы. Сакратар ЦК Кампартыі Гарбуноў, які адказваў за культуру, яго не прыняў. 13 жніўня 1956 года сэрца Якуба Коласа ня вытрымала. Да 1990 года ліст захоўваўся пад грыфам «Совершенно секретно».

На жаль, зьдзеклівая гарбуноўшчына зь беларускай мовы працягваецца і па сёньня. Коласаўскі запавет ня выкананы на дзяржаўным узроўні. Але кожны беларус можа жыць паводле яго, не азіраючыся на іншых.


Казкі жыцьця. Выбраныя творы. Менск, Кнігазбор, 2007

Вочы ў Коласа былі карыя, зямныя, Хоць можна сказаць і інакш — карыя з золатам сонца, што сьвеціць у небе. «Казкі жыцьця» — філязофскае яднаньне зямнога і нябёснага, цяжка-рэальнага і казачна-аптымістычнага. З 1908 па 1955 год нараджаліся яны, амаль усё творчае жыцьцё Якуба Коласа. Амаль усё жыцьцё беларусы іх могуць і чытаць: сабе; сабе і дзецям; сабе і ўнукам, можа, нават сабе і праўнукам, калі пашанцуе. Я ўжо на этапе: сабе і дзецям. А вы?