Тайная вячэра

  • Аляксандар Лукашук
Штодня на сайце "Свабоды — некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі кнігі Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай".
За сталом былі толькі свае: начальнік Магілёўскага НКВД Ягодкін, начальнік управы НКВД на Беларускай чыгунцы Марошак, начальнік 3-га аддзяленьня Віцебскага НКВД Левін. Усе прыехалі ў Менск у службовыя камандзіроўкі, і ўсіх пасьля напружанага дня нарадаў ды беганіны па кабінэтах запрасіў да сябе дадому Ермалаеў.

Выпівалі, закусвалі, абмяркоўвалі навіны. Левін частаваў цыгарэтамі з адмысловага срэбнага партсыгару, які заўсёды вазіў з сабой. Ягодкін расказаў пра нараду начальнікаў абласных управаў НКВД, якую а 17-й гадзіне праводзіў памочнік наркама Наседкіна Стаяноўскі. Сямён Левін слухаў з асаблівай увагай, бо ягоны шэф, начальнік Віцебскай абласной управы Пётар Радноў яшчэ ўдзень выехаў у Віцебск і на нарадзе ня быў.

Лаўрэнці Берыя. Кіраўнік НКВД

Стаяноўскі даў устаноўку тэрмінова выканаць усе прысуды 1-й катэгорыі (расстрэл), якія зь нейкіх прычынаў не былі зьдзейсьненыя. Акты патрабавалася аформіць задняй датай. Прычынай сьпешкі стала пастанова «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзеньні сьледзтва», якую амаль два тыдні перад тым, 17 лістапада 1938 году, прынялі ЦК ВКП(б) і СНК СССР. У канцы лістапада наркам унутраных справаў СССР Берыя нечакана загадаў спыніць выкананьне ўжо вынесеных сьмяротных прысудаў і перадаваць справы асуджаных на расстрэл у суд. I пастанова, і загад былі сакрэтныя.

Пасьля лютаўскага (1938) пленуму ЦК ВКП(б) у НКВД адбываліся дзіўныя рэчы, і загад быў яшчэ адным зьвяном ланцуга, небясьпеку якога адразу зразумелі спрактыкаваныя кадры. Новаму наркаму ў Маскве патрабаваліся матэрыялы на тых, хто працаваў пры папярэдніку. Вызваленьне асуджаных, а таксама сьведчаньні, якія яны маглі даць пра катаваньні, заўсёды можна было выкарыстаць у барацьбе ўнутры партыйна-энкавэдысцкай вярхушкі. Трэба было сьпешна пазбаўляцца ад непажаданых сьведкаў.

... Ягодкін падзякаваў гаспадару за вячэру і сказаў, што адразу выяжджае ў Магілёў, каб неадкладна пачаць выкананьне загаду Стаяноўскага. Сямён Левін а дзявятай вечара вярнуўся ў наркамат і зайшоў да начальніка 1-га спэцаддзелу Якава Розкіна. Той папярэдзіў, што неўзабаве перадасьць сьпісы асуджаных на расстрэл, пасьля чаго трэба будзе неадкладна выехаць у Віцебск. Сьпісы ўжо былі падрыхтаваныя, чакалі прыходу Стаяноўскага, які мусіў паставіць свой подпіс. Памочнік наркама зьявіўся каля поўначы і ў сваім кабінэце паўтарыў Левіну ўсё, што той ужо ведаў ад Ягодкіна і Розкіна. Сьпіс віцебскіх вязьняў, якіх трэба было неадкладна расстраляць, налічваў сорак адно прозьвішча.

Наседкін Аляксей, Наркам унутраных справаў БССР (1938) . З сайту КДБ Беларусі

Віцебскі НКВД меў раней пляны адкласьці расстрэл пяці-шасьці асуджаных для далейшай распрацоўкі справаў, але загад быў ясны і не прадугледжваў выключэньняў. Акты трэба было пазначыць 22-23-м лістапада.

Левін падараваў зьняволеным пару дзён жыцьця: зь Менску ён паехаў у Гомель да сваякоў, і ў Віцебску зьявіўся толькі 2 сьнежня. Начальнік абласнога НКВД Радноў і яго намесьнік Уласаў зьвязаліся зь Менскам па тэлефоне, дзе Стаяноўскі пацьвердзіў распараджэньне. З пачатку ліпеня 1938-га сьмяротныя прысуды ў Віцебску не выконваліся, асуджаных «першай катэгорыі» вазілі ў Менск. Але аднавіць расстрэлы — не праблема...

Не пасьпела сьціхнуць рэха стрэлаў, якімі на пачатку сьнежня 1938-га сьпешна дабівалі асуджаных па ўсёй Беларусі, як у кабінэце наркама Наседкіна зьявіўся новы гаспадар, Лаўрэнці Цанава. У сярэдзіне месяца з Масквы ў Менск прыехала камісія НКВД СССР, якая пачала высьвятляць, хто, як і чаму парушыў загад Берыі. Наступствы ня змусілі сябе чакаць.

Лаўрэнці Цанава, народны камісар унутраных справаў БССР (1938-1941), міністар дзяржбясьпекі БССР (1943 — 1951). З сайту КДБ Беларусі

Некаторых кіраўнікоў НКВД БССР арыштавалі адразу, іншым далі пагуляць пару месяцаў на волі, як Сямёну Левіну. Спачатку яго двойчы разабралі на сходах партарганізацыі абласнога НКВД, а 5 лютага 1939-га бюро Віцебскага абкаму выключыла Левіна з партыі. Фармулёўка — за парушэньне загаду НКВД СССР у частцы выкананьня прысудаў, за ўтойваньне вядомых яму фактаў і за ўжываньне да арыштаваных фізычных мераў узьдзеяньня.

Левіна адразу не арыштавалі, і ён пасьпеў, седзячы дома, у Віцебску, напісаць падрабязную заяву на дзесяці старонках. Паставіў звыклы грыф «зусім сакрэтна» і адрасаваў на імя новага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі, а копіі — Сталіну, Берыю і Цанаву.

Распавёўшы пра вячэру ў Ермалаева і ўсё, што пасьля яе адбылося, Левін абвяргаў яшчэ адзін пункт абвінавачаньня:

«Асабіста я ніякіх мераў фізычнага ўзьдзеяньня ні да каго з арыштаваных не ўжываў. Згодна з загадамі Раднова і Ўласава (начальнік і намесьнік начальніка Віцебскага НКВД), арыштаваных, якія адмаўляліся даваць паказаньні, прымушалі прысядаць. Гэта ў роўнай меры ўжывалася ўсімі аддзяленьнямі НКВД і трыма Асобымі органамі. Натуральна, што і ў 3-м аддзяленьні гэты мэтад таксама ўжываўся, але чаму я мушу быць ахвярай і ў гэтым абвінавачваюць мяне аднаго, у той час як я сьлепа, нароўні з усімі, выконваў загады Раднова і Ўласава. Навошта ж усе абвінавачаньні штучна ўскладаць на мяне? Хіба гэта бесстароньняе стаўленьне да маёй асобы?»

Далей Левін прадстаўляў сваю асобу:

«Я сам 1910 году нараджэньня, сын рабочага-краўца, з 1925 году ў камсамоле, з 1931 г. кандыдат КП(б)Б і з 1937-га — член. Бацька мой, член ВКП(б) з 1918 году, з 1919 году чэкіст. Памёр у 1930 годзе на пасадзе начальніка Мазырскага абласнога аддзелу ГПУ Беларусі. Я з 18 гадоў бесьперапынна працую на апэратыўнай рабоце ў органах ОГПУ-НКВД: За гэты час, за ліквідацыю шэрагу контррэвалюцыйных арганізацыяў і шпіёнскіх рэзыдэнтураў, узнагароджаны срэбным партсыгарам, гадзіньнікам, зброяй і яшчэ некаторымі каштоўнымі падарункамі».

Левін запэўнівае:

«Усё сваё маладое жыцьцё я аддаў справе партыі Леніна-Сталіна. Гэтаму ж прысьвяціў сябе мой бацька. Я выхаваны гэтай партыяй, і калі я адзіны раз у жыцьці памыліўся, навошта так рабіць са мной, ужыўшы адразу да мяне палітычную сьмерць, няўжо я непапраўны. Зразумела — не, я ня толькі выпраўлюся, але надалей у мяне больш такіх памылак ніколі ня будзе».

Высокія адрасаты таксама палічылі, што Левіна можна выправіць. Яго заяву сьпісалі ў сакрэтны архіў асобага аддзелу ЦК, а самога патомнага чэкіста на дзесяць гадоў накіравалі ў папраўча-працоўныя лягеры. Срэбны партсыгар з чэкісцкай гравіроўкай пад час арышту, згодна з інструкцыяй, быў канфіскаваны. Ды ў лягеры ён бы гаспадару і не спатрэбіўся...


Чытаць далей

ПРЫРОДНЫЯ БАЛЬШАВІКІ


«Адбылася найвялікшая правакацыя ворагаў народа — гэтай банды фашыстаў, якая рабіла сваю подлую справу супраць партыі Леніна-Сталіна, народа вялікага Саюзу ССР. Гэтая банда, знаходзячыся ў турме, працягвае сваю гнюсную справу — абгаворвае невінаватых супрацоўнікаў НКВД у іх подлых намерах і справах, вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць да абгавораных ворагамі і невінаватых работнікаў НКВД шэраг мераў узьдзеяньня маральна-фізычных, у сілу якіх, ня вытрымаўшы незаслужаных пакутаў, страціўшы сілы і розум, у адчаі і цалкам несьвядома гэтыя абгавораныя павінныя былі даць сьледзтву хлусьню, абгаварыўшы сябе і іншых работнікаў, спадзеючыся, што сьледзтва, аб’ектыўна правёўшы расьсьледаваньне, установіць хлусьню і паклёп ворагаў, і вымушаны агавор невінаватымі сябе і іншых, на падставе праверкі дакумэнтацыі і фактаў пераканаецца у паклёпе ворагаў, але сьледзтва, паверыўшы паклёпу ворагаў, зрабіла няправільныя вывады, клясыфікуючы асобныя памылкі і парушэньні ў апэратыўна-сьледчай рабоце, зробленыя ў сілу сьляпога выкананьня дырэктываў і ўказаньняў варожага кіраўніцтва, увёўшы гэтым самым у зман і суд, які на падставе варожага паклёпу вынес мне такі суровы прыгавор, пазбаўляючы жыцьця».


«За кіпучай чэкісцкай работай»
Пераможцы сацспаборніцтва
Баліць чэкісцкае сэрца
Лісты на «волю»
195 прозьвішчаў катаў