Пераможцы сацспаборніцтва

  • Аляксандар Лукашук
Штодня на сайце "Свабоды — некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі кнігі Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай".
Супрацоўнікі ГБ любілі паўтараць: мы таксама пацярпелі ад таталітарызму, 20 тысячаў чэкістаў загінулі пад час рэпрэсіяў. Сапраўды, у 1938 годзе пачалася чарговая ўнутрыпартыйная бітва павукоў у слоіку, і з ласкі Сталіна берыеўцы пачалі грызьці яжоўцаў. Прычым з гэтай спэцкатэгорыяй арыштаваных сьледчым нічога ня трэба было выдумляць — верныя салдаты партыі былі па калені ў крыві, як і сама партыя.



Вось гісторыя былога начальніка Слуцкага гарадзкога аддзелу НКВД Тараканава, які зьяўляўся кіраўніком міжраённай сьледчай групы і ўзначальваў пошук ворагаў народа і контррэвалюцыянэраў у раёнах Слуцкай акругі, у тым ліку і Старобінскім. Пасьля арышту паказаньні аб мэтадах кіраўніцтва Тараканава давалі ягоныя падначаленыя. Памочнік опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Шэвелеў пісаў:

«Пры допыце арыштаваных я, як і іншыя сьледчыя, прымяняў наступныя фізычныя ўзьдзеяньні: доўгая стаянка, канвэер і прысяданьні. Тараканаў асабіста паказваў мне прыклад, як дапытваць, каб хутчэй прызнаваліся арыштаваныя. Я добра памятаю, як Тараканаў зайшоў да мяне, калі я дапытваў арыштаваную Сьцешыну. Калі я даклаў, што яна не прызнаецца, Тараканаў пачаў крычаць на яе, схапіў абедзьвюма рукамі за плечы і моцна пачаў трэсьці, і стаў стукаць сьпінай аб сьценку печы. Тараканаў сказаў мне болей яе ганяць і меней міндальнічаць».

У даведцы аб праверцы працы Слуцкай міжраённай сьледчай групы, складзенай у кастрычніку 1938 году, далей расшыфроўваецца гэтае «міндальнічаньне».

«Да арыштаваных ужываліся меры фізычнага ўзьдзеяньня, зьбіваньне арыштаваных рукамі, бутэлькай, пасадка на вугал і ножку перавернутага крэсла, скіданьне арыштаваных на падлогу, абліваньне халоднай вадой і г. д.»

Опэрупаўнаважаны Шэвелеў расказаў на судзе пра яшчэ адну з асаблівасьцяў рэжыму НКВД у Слуцку:

«Прыкладна ў ліпені 1938-га ў мэтах найхутчэйшага выкрыцьця арыштаваных Тараканаў стварыў камэры ў КПЗ і турме. Іх рэжымнасьць палягала на тым, што замест 4-5 чалавек у камэры набівалі па 25-30 чалавек, арыштаваныя толькі стаялі. З камэраў выносілі людзей непрытомнымі. Мне асабіста давялося адкрываць рот срэбнай лыжкай арыштаванаму Далматовічу і абліваць яго вадой, каб ачуняў. У непрытомнасьці з камэры вынесьлі чалавекі тры-чатыры».

Падрабязнасьці рэжыму ў камэрах прывёў у сваіх паказаньнях і начальнік Слуцкай турмы Крэмераў:

«У камэрах адсутнічалі ложкі, зьняволеных было столькі, што ім даводзілася стаяць, бо месца класьціся і сядзець не было, было надзвычай душна, вельмі шмат у каго апухалі ногі».

На пытаньне, колькі часу мог зьняволены вытрымаць у рэжымнай камэры, начальнік турмы Крэмераў адказаў:

«Я ведаю адно, што як толькі зьняволены пабудзе дні два-тры ў рэжымнай камэры, дык ён ужо просіцца на допыт даваць паказаньні».

Прызнаньні свайго калегі дапоўніў яшчэ адзін сьледчы Слуцкага НКВД Машэнец:

«На апэратыўных нарадах Тараканаў прызначаў на кожнага супрацоўніка цьвёрдыя нормы выкрыцьця трох-чатырох арыштаваных у суткі. Пасадка на вугал крэсла, допыт стоячы і фізычнае зьбіваньне ўжываліся масава ўсімі намі, сьледчымі, іначай і быць не магло, бо прызначаную норму — тры-чатыры выкрыцьці ў суткі — немагчыма выканаць пры звычайным допыце. Сьледчыя, дапытваючы такімі мэтадамі, давалі ад аднаго да трох выкрыцьцёў і былі асобныя выпадкі, калі дабіваліся па тры-чатыры выкрыцьці ў суткі, напрыклад, Шэвелеў, Лучко, Сталяроў, я і Каралёў. Былі выпадкі, калі сьледчы Пазьнякоў і яшчэ адзін сьледчы зь Менску, прозьвішча ня памятаю, давалі па пяць выпадкаў выкрыцьця ў суткі...»

Яшчэ адзін памочнік опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Галубкін на допыце засьведчыў:

«Мой непасрэдны кіраўнік Гласкоў заявіў, што арыштаваныя нашага раёну ўсе ідуць на расстрэл і што мы спаборнічаем з Глускім райаддзелам НКВД і мы ідзем наперадзе».

Галубкін дадае яшчы адзін штрых у мэтады, якімі слуцкія чэкісты перамагалі ў гэтым д’ябальскім спаборніцтве:

«Я дапытаў арыштаванага Бялькевіча Мяфодзія Малфеевіча, узяў пратакол допыту і прынес Гласкову. Ён прачытаў і спытаў: „А дзе шпіянаж?“ Апроч таго, Бялькевіч на адно маё пытаньне назваў сваіх знаёмых. Гласкоў мне сказаў, што гэта, безумоўна, контррэвалюцыйная група, трэба будзе болей папрацаваць над зьняволеным. Я працягнуў допыт, прычым прымяняў меры фізычнага ўзьдзеяньня над Бялькевічам у выглядзе таго, што садзіў на вугал крэсла, пасьля чаго Бялькевіч прызнаўся, што зьяўляецца шпіёнам. Пратакол допыту я прынес і аддаў Гласкову, які ў парадку карэкціроўкі перарабіў увесь пратакол, дзе названыя Бялькевічам знаёмыя сталі шпіёнамі... Я гэты пратакол даў на подпіс арыштаванаму, які падпісаў яго адразу, нічога ня кажучы».

Гуманіст з НКВД Шэвелеў, які не пашкадаваў срэбнай лыжкі, каб адкрыць сьціснуты сутаргай рот арыштаванага, таксама мусіў сьціпла прызнацца ў сваіх стаханаўскіх мэтадах, усклаўшы віну на кіраўніцтва:

«Я бачыў, што Тараканаў ніякіх мераў супраць фізычнага ўзьдзеяньня пры допытах не прымае, таму таксама пачаў ужываць розныя мэтады фізычнага ўзьдзеяньня, а менавіта: дапытваў стоячы, садзіў на вугал крэсла з выцягнутай нагой і часткова выбіваў з-пад арыштаванага крэсла».

«Часткова выбіваў крэсла...» — колькі за гэтым красамоўным выразам адчуваецца жаху самога Шэвелева, спробы падаць сябе толькі выканаўцам загадаў, які да таго ж толькі «часткова» катаваў.

Лёс тых зьняволеных, хто не даваў паказаньняў, выразна засьведчыў начальнік Слуцкай турмы Крэмераў:

«У 1937-38 гадах было шмат выпадкаў, калі зьняволеныя са сьледзтва дастаўляліся ўжо забітымі, прозьвішчы ня памятаю. Таксама быў выпадак у чэрвені 1938 году, калі зьняволены Хавустовіч Фадзей пасьля прыбыцьця з допыту ў турму празь 2 гадзіны памёр. Я асабіста мяркую, што Хавустовіч быў моцна зьбіты на допыце, бо ён ішоў на допыт цалкам здаровы, а калі прыйшоў, дык празь 2 гадзіны памёр».

Нават камісія НКВД у кастрычніку 1938-га мусіла зазначыць, што зь ліку 176 правераных справаў Слуцкага НКВД больш за сто даведак на арышт складзеныя беспадстаўна.

У ліпені 1939 году Тараканава судзіў вайсковы трыбунал войскаў НКВД. Ён атрымаў 10 гадоў папраўчых работ і адправіўся адбываць тэрмін у лягер, дзе, як вядома, адміністрацыя заўсёды клапацілася аб «сваіх» людзях — калі можна так сказаць, гаворачы пра нелюдзяў.

Раскопкі ў Курапатах




Далей чытайце

ТАЙНАЯ ВЯЧЭРА


За сталом былі толькі свае: начальнік Магілёўскага НКВД Ягодкін, начальнік управы НКВД на Беларускай чыгунцы Марошак, начальнік 3-га аддзяленьня Віцебскага НКВД Левін. Усе прыехалі ў Менск у службовыя камандзіроўкі, і ўсіх пасьля напружанага дня нарадаў ды беганіны па кабінэтах запрасіў да сябе дадому Ермалаеў....


Баліць чэкісцкае сэрца
Лісты на «волю»
«За кіпучай чэкісцкай работай»
195 прозьвішчаў катаў