Абама — Ромні: дэбаты пра зьнешнюю палітыку

Учора ў мястэчку Бока Ратон на Флорыдзе адбыліся трэція і апошнія тэледэбаты паміж дзейным прэзыдэнтам ЗША, кандыдатам ад дэмакратаў Баракам Абамам і кандыдатам ад рэспубліканцаў Мітам Ромні.
Абодва кандыдаты паабяцалі абараніць Ізраіль і не дапусьціць атрыманьне Іранам ядзернай зброі.

Падчас 90-хвіліннай дыскусіі Абама паспрабаваў даказаць, што Ромні не гатовы заняць пасаду галоўнакамандуючага, тым часам як Ромні даводзіў, што пад кіраўніцтвам Абамы Амэрыка стала слабейшай на міжнароднай арэне.

Абодва кандыдаты пагадзіліся, што ў 2014 годзе вывад замежных войскаў з Аўганістану мусіць адбывацца ў адпаведнасьці з графікам, і абодва прызналі, што Амэрыка мае складаныя адносіны з Пакістанам.

На самым пачатку дэбатаў Абама скрытыкаваў Ромні за адсутнасьць выразнай пазыцыі ў зьнешняй палітыцы, заявіўшы, што бізнэсовец і былы губэрнатар штату Масачусэтс мяняў сваю пазыцыю адносна Сырыі, Ірану, Расеі і Кітаю.

Абама сказаў, што ягоны апанэнт ставіцца да Расеі па стандартах эпохі «халоднай вайны» — на што Ромні адказаў, што цяпер лічыць галоўным геапалітычным ворагам ЗША не Маскву, а Тэгеран.

Абама сказаў, што міжнародныя санкцыі, накладзеныя на Іран з-за яго ядзернай праграмы, мелі ўплыў на іранскую эканоміку, і пакляўся, што Іран ніколі ня зможа атрымаць ядзерную зброю ў часе яго прэзыдэнцтва:

«Пакуль я прэзыдэнт Злучаных Штатаў, Іран не атрымае ядзернай зброі. Я ясна даў гэта зразумець, калі прыйшоў у Белы Дом. Затым мы арганізавалі моцныя кааліцыі і моцныя санкцыі супраць Ірану, і гэта зруйнавала яго эканоміку. Іх валюта абвалілася на 80%. Іх здабыча нафты ўпала да самага нізкага ўзроўню з часоў вайны з Іракам 20 гадоў таму. Мы зрабілі гэта таму, што ядзерны Іран ўяўляе пагрозу для нашай нацыянальнай бясьпекі, і гэта зьяўляецца пагрозай для нацыянальнай бясьпекі Ізраілю».

Адказваючы на пытаньне аб Пакістане, Ромні прызнаў складаныя адносіны, але сказаў, што не павінна быць ніякага «разводу» паміж Вашынгтонам і Ісламабадам, таму што калі Пакістан стане некіраванай краінай, ён стане «надзвычайнай небясьпекай» як для суседняга Аўганістану, гэтак і для ЗША.

Галоўнай міжнароднай пагрозай Амэрыцы Абама назваў тэрарызм, а Ромні — ядзерную праграму Ірану.

Апошнія апытаньні паказваюць, што Абама і Ромні маюць кожны прыкладна 47% патэнцыйных галасоў выбарцаў. Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 6 лістапада.

http://www.videoreview.od.rferl.org/flashembed.aspx?t=vid&id=24748024&w=640&h=429&skin=embeded

Міт Ромні:

«Я адкажу на некалькі рэчаў, што вы згадалі. Перш за ўсё, Расею я адзначыў як геапалітычнага непрыяцеля. Не... Прабачце. Гэта геапалітычны непрыецель, і я сказаў у тым самым — у тым самым абзацы я сказаў, а Іран — найбольшая пагроза нацыянальнай бясьпецы, зь якой мы маем справу. Расея сапраўды працягвае ваяваць з намі ў ААН зноў і зноў. Я ясна гэта бачу. Я не зьбіраюся надзяваць ружовыя акуляры, калі справа даходзіць да Расеі або спадара Пуціна. І я вядома ж не скажу яму: „я дазволю вам большую гнуткасьць пасьля выбараў“. Пасьля выбараў ён сутыкнецца з большай рашучасьцю з нашага боку».

Барак Абама:

«Мы скончылі вайну ў Іраку і засяродзілі нашу ўвагу на тых, хто насамрэч учыніў забойчы напад на нас 9 верасьня. У выніку гэтага найвышэйшае кіраўніцтва Аль-Каіды было вынішчанае. Да таго ж, цяпер мы здольныя адказна выйсьці з Афганістану, забясьпечыўшы, каб афганцы самі перанялі адказнасьць за сваю бясьпеку. А гэта дазволіць нам таксама перабудаваць нашы саюзьніцкія дачыненьні і знайсьці сяброў па ўсім сьвеце для змаганьня з будучымі пагрозамі. Перш за ўсё, наш верны сябар — гэта Ізраіль. Гэта наш галоўны саюзьнік у рэгіёне. І калі Ізраіль будзе атакаваны, Амэрыка ўстане поплеч з Ізраілем. Я даваў гэта ясна зразумець падчас майго прэзыдэнцтва. І...»

Мадэратар:

«Дык вы... вы кажаце, што мы ўжо зрабілі такую заяву».

Абама:

«Я ўстану поплеч з Ізраілем, калі на яго нападуць».

Ромні:

«Мы будзем з Ізраілем. І калі Ізраіль будзе атакаваны, мы іх падтрымаем, ня толькі дыпляматычна, ня толькі культурна, але і вайскова. Гэта па-першае. Па-другое, што датычыць Ірану і іранскай пагрозы, тут няма пытаньня, ядзерны Іран, Іран зь ядзернымі магчымасьцямі для Амэрыкі непрымальны. Ён уяўляе пагрозу ня толькі нашым сябрам, але гэта ў рэшце рэшт пагроза нам — каб Іран меў ядзерны матэрыял, ядзерную зброю, якая магла б быць выкарыстаная супраць нас або на тое, каб нам пагражаць. Для нас таксама істотна зразумець, якая наша місія ў Іране, а яна ў тым, каб прымусіць Іран адмовіцца ад ядзернай зброі мірнымі і дыпляматычнымі сродкамі».