Атака троечнікаў

Алег Аблажэй

Наўрад ці мы калі-небудзь дачакаемся канца спрэчак на глебе моўнай сытуацыі ў Беларусі. Тыя, хто ня хоча вывучаць беларускую мову, грувасьцяць у сваю абарону складаныя канструкцыі з правоў чалавека, свабоды выбару і т.п. Дэмакратыі патрабуюць. Іх жа больш, то і рацыя на іхнім баку!

Гэта ня так. У любой школе троечнікаў заўсёды больш, чым выдатнікаў. Але бяда той школе, дзе троечнікі будуць вызначаць усё. Уяўляеце сабе вынікі школьнага
рэфэрэндуму – выбіраем кампутарныя «стралялкі» ці кантрольную па альгебры?

Існуюць тэарэмы, якія трэба даказваць, і відавочныя аксіёмы. Тое, што нацыя гіне бяз мовы, менавіта аксіёма. Мова важней крыві – ці ж Булат Акуджава грузінскі паэт, а Барыс Пастарнак – габрэйскі?

Прычыны, зь якіх «рускаязычныя» грамадзяне Беларусі ня хочуць вывучаць беларускую мову, ясныя, як дзень – з аднаго боку, адсутнасьць матывацыі, з другога – душэўная лянота.

Чалавек – такая істота, якой натуральна выбіраць шлях найменшага спраціўленьня, і не рабіць тое, чаго можна не рабіць. Але каму, як не беларусу, ведаць, што ў пэўных рэчах мусіць быць прымус – як у выпадку, калі чалавек вярнуўся з гасьцей галодны: «Усяго было і піць, і есьці, але прынукі не было!»

Між тым як жа многія рэчы ў нашым жыцьці «заточаны» менавіта пад троечнікаў – пад іх узровень падганяюцца праграмы тэлевізіі ў прайм-тайм, большая частка кінапрадукцыі таксама адрасавана ім... А навучаньне ў школах – лянуесься зубрыць граматыку, школьны лекар дыягназуе, што ў цябе, бедненькага, дысграфія, і цябе пакінуць у спакоі. Табе «ў лом» талкова выказваць свае думкі –
маеш дысьлексію! Нават мода адпавядае патрэбам гультаяватых – джынсы, іх жа ня трэба ані прасаваць, ані цыраваць, ані нават мыць...

Так, мусіць быць адназначная і цьвёрдая дзяржаўная моўная палітыка. Як у Літве – і расейцы, і палякі, і беларусы, і татары, – усе ведаюць літоўскую мову. Бо безь яе – нікуды. А літоўскую мову славяніну куды цяжэй вывучыць, чым расейцу – беларускую. Па сабе ведаю – мне спатрэбіўся год упартай працы. Праўда, было і жаданьне, і разуменьне неабходнасьці – у інстытуце, дзе я тады вучыўся, выкладаньне вялося толькі па-літоўску. Але затое цяпер у гэтай галіне ня маю ніякіх праблем!

Такая банальная ісьціна – колькі ведаеш моваў, настолькі багацейшы. Часам чую ў Польшчы, як хтось кажа з гонарам – «Nie znam rosyjskiego!» Ну і дупа ты, думаю,
– значыць, ты ніколі не прачытаеш у арыгінале ані Чэхава, ані Забалоцкага!

Гэтаксама «рускаязычны» беларус няздольны адчуць высокую паэзію купалаўскай «Яна і я», гэтай беларускай «Песьні песьняў»... Але навошта троечніку паэзія?

Яшчэ аргумэнт «рускаязычных» – ніхто ж не забараняе гаварыць па-беларуску! Менавіта так казаў мне ў свой час «кум» з КГБ, які дужа цікавіўся маімі поглядамі. Я тады яму адказаў так – ніхто не забараняе насіць трохкутны капялюш зь пер'ямі часоў Паўла І, – а хто адважыцца паказацца ў такім уборы на вуліцы?

Ёсьць такое паняцьце – тэрор асяродзьдзя. Забараняць то не забаронена, але па сабе ведаю – як цяжка ў сябе на Радзіме, у Беларусі, штохвіліны натыкацца на неразуменьне, грэблівыя ўсьмешкі, а то і непрыкрытае хамства! Не ў Літве, а дома
чуесься эмігрантам – пра што колісь хораша напісаў Леанід Дранько-Майсюк.

Нельга не пагадзіцца са старшынёю ТБМ Алегам Трусавым, які любіць паўтараць – беларус гаворыць на мове начальства. Пакуль ня будзе менавіта выразнага сыгналу, прымусу, прынукі «зьверху», асобныя пасіянарыі «зьнізу» пры ўсёй іх самаахвярнасьці пераламаць сытуацыю ня змогуць. У лепшым выпадку яны
здольныя ўратаваць мову ад поўнай гібелі. Паўнакроўнае існаваньне дасягаецца толькі дзяржаўнай падтрымкай.

А пакуль што ў школе пад шыльдаю РБ рэй водзяць троечнікі. І патрабаваньні адпаведныя, і дырэктар – іхні. І нават тыя, каму гэты дырэктар не падабаецца, гавораць на адной зь ім мове.

А нешматлікія выдатнікі са сваімі купаламі-багдановічамі мусяць сіратліва ціснуцца па куточках...

Але ў будучым ганарыцца будуць імі, і помнікі ставіць – ім!