Нешта часта ў апошнія месяцы беларускамоўных у Беларусі пачалі называць гетам. Называюць іх так нібыта з добрых меркаваньняў і з тых жа меркаваньняў клічуць з гета выходзіць, маўляў, каб ня ўмёрлі. А выходзіць куды? Кажуць, на шырокія прасторы расейскай мовы і культуры, якія трывала ўжо ўкараніліся ў нашай Беларусі, і шкоды ніякай ня робяць. Пішуць і кажуць таксама, што трэба адэптаў гэтай расейскамоўнай большасьці не адштурхоўваць, але прыцягваць. Ня ясна, праўда, куды і да чаго. Бо ж мы, беларускамоўныя і наша культура — гета, нас саміх трэба некуды прыцягваць і ратаваць. А ці можа жыцьцё ў геце быць прывабным для «свабодных»?
Быў я сёлета ў верасьні ў Менску — цэлыя тры тыдні. Паездка гэтая шмат што зьмяніла ў маіх поглядах на сытуацыю на радзіме. У апошнія гады я ня раз пасьля такіх падарожжаў публікаваў змрочныя і пэсымістычныя падарожныя эсэ. І вось сёлета ўпершыню — ня буду.
Нечакана шмат добрых уражаньняў за тры тыдні ў родным горадзе. Добрыя кавярні і рэстарацыі, вышкалены пэрсанал, нядрэнныя тавары беларускай вытворчасьці за невялікія па эўрапейскіх мерках грошы. Вядома, для нашых людзей — дарагавізна, палітычная задуха, сацыяльны разрыў, гонкі мясцовых шэйхаў па праспэкце на спартовых машынах пад аховай міліцыі...
Але мова тут пра мову, а не пра манархію. У Менску я кожны дзень шмат разоў нечакана сутыкаўся зь беларускамоўнымі — у крамах, кавярнях, кнігарнях, хімчыстках... Такога раней не бывала. Многія падкрэсьлена гучна, з выклікам размаўляюць па-беларуску. Едзеш у аўце — заўсёды ў эфіры дзьве-тры ФМ-станцыі на мове. Звоніць слухач, замаўляе Памідорава пра Плошчу — і калі ласка, запускаюць... У кожнай кнігарні, дзе я быў, на маіх вачах людзі куплялі новую кнігу Ўладзімера Арлова «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае».
А ад кантактаў зь беларускай творчай моладзьдзю на працягу некалькіх тыдняў я наогул у поўным захапленьні. Маладыя, прыгожыя, разумныя, таленавітыя, энэргічныя і прабіўныя. У кавярнях, дзе яны сядзяць, ніякага антаганізму паміж беларуска- і расейскамоўнымі. Як няма і антаганізму паміж тымі, хто піша зь мяккімі знакамі і бязь іх.
І падумалася вось пра што. Пляваць мне на тэарэтычныя пабудовы і выкладкі сучасных сацыёлягаў і палітолягаў пра нейкія мадэрныя нацыі і шляхі іх фармаваньня. Пляваць мне таксама на ўсіх адэптаў гэтых мадэрных тэорыяў. Як я ўжо пісаў некалі, у Беларусі час ідзе, а Беларусь у часе — не. Для мяне ясна як Божы дзень, што сёньня на сьвеце існуе беларускі наРОД. І народ гэты са сьвету сыходзіць ня хоча. Ён ўжо як бы і забіты суседзямі, але, насуперак іх векавым высілкам, усё яшчэ жывы. І ў гэтага народу ёсьць эліта — беларускамоўныя інтэлектуалы і творцы. А эліта існуе таму, што папярэднія яе пакаленьні перад Курапатамі і ГУЛАГам пасьпелі нешта стварыць на мове, а не на «великом и могучем». Эліта нашая сёньня сваімі высілкамі і «ня надта цікавымі творамі» ратуе для будучыні ідэю існаваньня нашага наРОДу. І неяк дзіўна (я б нават сказаў, непрыхавана цынічна), што эліце прапануюць апусьціцца да ўзроўню амаль забітай і дэнацыяналізаванай часткі народу... (Я, дарэчы, сустракаў у Менску маладых паэтаў, ад вершаў якіх пахне расейскім Срэбраным векам; я б іх творы назваў «вельмі нават цікавымі...» А гэта значыць, што новае пакаленьне эліты ўжо прыйшло)
Беларушчыну, вядома, душаць і ціснуць. Але яна прарастае як трава праз асфальт. І якраз гэтая аналёгія дае надзею. Беларушчына і ёсьць — трава, яна частка сьвету, частка зямлі, космасу, мэтафізыкі, яна таксама прарасьце праз любы асфальт. І так будзе датуль, дакуль пад асфальтам русыфікацыі будзе фізычна існаваць яе насеньне — эліта. Каб так не было, трэба эліту фізычна зьнішчыць. Думаю, што сёньня ў суседзяў і іх пятай калёны ў Беларусі на гэта ўжо ня хопіць ні сілаў, ні магчымасьцяў, ні часу. Бо час ужо ня той.
Тыя ж, хто заклікае да ліквідацыі «беларускамоўнага гета», забываюцца, што краіна сёньня мае некалькі элітаў — культурную (асноўную), палітычную (уладную і апазыцыйную), чыноўную, спартовую і г.д., і моцна недаацэньваюць ступень уплыву асноўнай — культурнай — эліты і яе ідэяў на ўсе астатнія. Фактычна, культурная эліта мае свае «пятыя калёны» ў кожнай з астатніх прафэсійных ці сацыяльных элітаў краіны. Усе проста чакаюць часу X.
Таму яшчэ раз паўтаруся для ня надта кемлівых. Асабліва для розных правінцыйных талставедаў, сацыёлягаў, лінгвістаў і нават этнапсыхафальклярыстаў. Тое, што нашы непрыяцелі называюць гетам, насамрэч — нацыянальная эліта дэнацыяналізаванага ўжо ў значнай ступені народу. Расейскамоўныя ў Беларусі ўсё яшчэ азіраюцца на блаславёныя для іх часы СССР, які быў ні чым іншым як новым выданьнем Расейскай імпэрыі. Расейскамоўныя «аскепікі імпэрыі» хочуць каб іх называлі «таксама беларускімі». Але гэтыя людзі мелі б зразумець, што як бы яны сябе не называлі, яны заўсёды застануцца «таксама...», а можа і «тожа беларусамі». Людзі гэтыя ўсьвядомлена ці неўсьвядомлена разумеюць, што «гета» — гэта эліта, і ім таксама хочацца туды. Проста яны ня хочуць мяняцца. Кожны зь іх дзеля розных прычынаў хоча захаваць сябе нязьменным, але ў беларускую эліту трапіць. Гэта нахабства і псыхіятрычная праблема — патрабаваць каб зьмяніўся нехта іншы, а ня ты сам. З двух такіх «патрабуючых» рацыю мае толькі нехта адзін, бо рацыя, як і праўда, заўсёды адна. І ўсе мы разумеем — якая зь дзьвюх. Таму ў мяне да «аскепікаў» вельмі простае пытаньне. Ці ня лепш быць проста беларусамі — расейскага, польскага, украінскага, габрэйскага ці якога іншага паходжаньня? Так як гэта ёсьць з такім ж немцамі ці палякамі ў Нямеччыне, Польшчы ці яшчэ дзе.
Я думаю, што ў Беларусі некалі ўвесь народ падцягнецца да сваёй эліты. Як гэта ня раз ужо бывала ў Эўропе зь іншымі наРОДамі. Як гэта і павінна быць. Як гэта непазьбежна і будзе.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1