Выбарны «Форум» абыдзецца без апазыцыянэраў

24 верасьня ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», адразу пасьля выніковай праграмы «Панарама», заплянаванае ток-шоў «Форум», прысьвечанае вынікам парлямэнцкіх выбараў.
Мы папрасілі расказаць: хто запрошаны да ўдзелу ў перадачы? У прыватнасьці, ці накіраваныя запрашэньні прадстаўнікам апазыцыі, якія таксама ўдзельнічалі ў выбарнай кампаніі?

Кіраўніца прэсавай службы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская:

«Гэта цалкам натуральна, што тэмай грамадзка-палітычнага ток-шоў „Форум“ стануць прамінулыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Аўтар і вядучы праекту Дзьмітрый Косьцін і госьці праграмы падвядуць вынікі выбараў, дадуць сваю ацэнку ходу выбарчай кампаніі, абмяркуюць навацыі, якія зьявіліся ў гэтым годзе. Лічым, што сёньня ўвечары ў эфіры будзе цікавы экспромт з удзелам нашых гасьцей. Для гэтага дастаткова назваць такія прадстаўнічыя імёны, як старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, вядомая жанчына-касманаўт Сьвятлана Савіцкая, якая ў Беларусі прысутнічае як назіральнік ад Расеі.

Да ўдзелу ў праграме таксама запрошаныя міжнародныя назіральнікі як ад місіі СНД, так і ад місіі АБСЭ, таму ў студыі будуць госьці з Расеі, Украіны, Польшчы, Славаччыны, Галяндыі ды іншых краінаў. Абмяркоўваць гэтую тэму таксама будуць палітолягі і экспэрты. Гасьцямі студыі будуць і прадстаўнікі палітычных партый, якія бралі ўдзел у выбарах. Сваю згоду пацьвердзілі такія партыі, як „Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці“, грамадзкае аб’яднаньне „Белая Русь“ і Камуністычная партыя Беларусі».

Такім чынам, як у часе выбарчай кампаніі, так і пасьля яе заканчэньня афіцыйная прапаганда ня схільная даваць слова апанэнтам рэжыму.