Агітацыя па-гомельску: без улётак і сустрэч

Галіна Краўнанка

У Гомелі кандыдаты правялі толькі адну сустрэчу з выбарцамі. Адбылося гэта ў сярэдняй школе № 22. Выбарчая камісія Прамысловай акругі № 34 ладзіла сустрэчу, па сутнасьці, для аднаго праўладнага кандыдата — галоўнай лекаркі кардыялягічнага дыспансэру, дзейнага чальца Савету Рэспублікі Ганны Лапацінай, якая праз працоўныя калектывы й збор подпісаў вылучылася ў Палату прадстаўнікоў.

Галіна Краўчанка, сябра руху «За свабоду» й кандыдат у дэпутаты па Прамысловай выбарчай акрузе, пра сустрэчу даведалася выпадкова: «Акруговая камісія мяне не папярэдзіла, што будзе сустрэча. Я даведалася пра гэтую сустрэчу ад журналістаў».

Галіна кажа, што паўнавартаснай агітацыі весьці ня можа — няма пакуль улётак зь яе біяграфіяй і праграмнымі тэзісамі. Акруговая камісія надрукавала толькі партрэты з пазначэньнем прозьвішча й нумара акругі, у якой яна балятуецца. Асноўныя агітацыйныя матэрыялы будуць гатовыя толькі на наступным тыдні.

Такая ж сытуацыя з вырабам агітацыйных матэрыялаў і ў іншых кандыдатаў ад апазыцыі.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі й кандыдат у дэпутаты ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 Уладзімер Няпомняшчых кажа, што акруговай камісіі прыйшлася не даспадобы ягоная майка:

Уладзімер Няпомняшчых

«Акруговая выбарчая камісія ня хоча друкаваць мой партрэт у майцы, дзе напісана „За Беларусь без Лукашэнкі“. Я ім сказаў: гэта вашы праблемы, мяняць фатаздымак я ня буду, бо нічога крамольнага на майцы няма. Калі жадаеце, то можаце зрабіць зь мяне балабушку альбо галаву прафэсара Доўэля».

З-за майкі й заклікаў да байкоту выбараў тэлевыступ апазыцыйнага кандыдата Няпомняшчых не пусьцілі ў эфір.

Яшчэ адзін кандыдат у Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, вылучэнец Лібэральна-дэмакратычнай партыі, не скарыстаўся сваім правам тэлезвароту да выбарцаў.

Выступіў па тэлебачаньні толькі кандыдат ад улады — Ігар Пракапенка, былы памочнік прэзыдэнта ў рэгіёне, вызвалены 6 жніўня Аляксандрам Лукашэнкам з гэтай пасады.

Праўладны кандыдат хоча, каб законы ў Беларусі распрацоўваліся й прымаліся «людзьмі адказнымі і неабыякавымі». Пракапенка лічыць, што ў яго асабіста дзеля гэтага ёсьць досьвед , бо ён прайшоў шлях «ад эканаміста саўгаса да памочніка прэзыдэнта».

У выступе Ігар Пракапенка запэўніў выбарцаў, што добра ўяўляе сабе кола праблем і мясцовага значэньня: «Ацяпленьне жылых памяшканьняў, асьвятленьне вуліц і асфальтаваньне дарог прыватнага сэктару. Адсутнасьць інфраструктуры ў новых мікрараёнах, дзіцячых садоў і крамаў, рамонт дарог і парадкаваньне дваровых тэрыторыяў, неабходнасьць правядзеньня капітальнага рамонту й рэканструкцыі старых жылых памяшканьняў».

Выглядае, кандыдат Пракапенка ведае ўсе тыя праблемы, якія мусіў вырашаць як памочнік прэзыдэнта зь мясцовымі выканкамамі, але якія застаюцца ня вырашанымі.