У Менску затрымалі адміністратараў апазыцыйных суполак vKontakte

21:00 Паводле інфармацыі зь Віцебску, удзень быў затрыманы адміністратар суполкі «Надоел нам этот Лукашенко» Алег Шрамук. Дзе ён цяпер, невядома.

15:00 У Менску затрыманыя адміністратары апазыцыйных груп у сацыяльных сетках. Сярод іх Раман Пратасевіч, Андрэй Ткачоў, Сяргей Бяспалы і некалькі іншых людзей, якія адміністравалі суполкі «Ляпис Трубецкой — бесплатный концерт в Минске», «Надоел нам этот Лукашенко» ў сацыяльных сетках, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Паўла Еўціхіева павезьлі ў суд Кастрычніцкага раёну.

Апоўдні 30 жніўня на працу да маці Паўла Еўціхіева прыйшлі двое ў цывільным і, не прад’явіўшы аніякіх дакумэнтаў, запатрабавалі праехаць дадому па справе сына. Каля пад’езду іх чакалі яшчэ чацьвёра — на думку жанчыны, супрацоўнікі КДБ.

Яны падняліся ў кватэру і ў прысутнасьці маці дапыталі Паўла. Іх цікавілі стасункі зь нейкім Раманам (верагодна, Пратасевічам) і дачыннасьць да інтэрнэт-суполкі «В контакте» «Ляпіс Трубяцкой — бясплатны канцэрт у Менску». Пыталіся яны таксама і пра паролі ад суполкі. На ўсе пытаньні Павал адказваў: «Ня ведаю нікога і нічога, а пра сяброў сьведчыць ня буду».

Празь некаторы час былі выкліканыя супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага РУУСа Менску, якія забралі з сабой Паўла і ягоны хатні кампутар.

Маці Паўла Галіна Еўціхеева назвала поўным «бязьмежжам» дзеяньні праваахоўных органаў:

«Я хачу проста даведацца, у якім ён стане і дзе ён. Таму паеду ў РУУС. На маіх вачах забралі. Забралі кампутар і яго без усялякіх пастановаў на што-небудзь. Абяцалі пагутарыць, а ў выніку... Я яшчэ запатрабавала, каб мне далі дакумэнты, хто забірае. Зь вялікім скандалам мне далі пасьведчаньні асобы. Гэта былі супрацоўнікі МУС».

Карэспандэнт: «Яны патлумачылі прычыну?»

Еўціхеева: «Не. Яны нічога не сказалі. Сказалі, што ён там нешта ў сетках ці ў твітэры нейкім сядзеў».
Я хачу проста даведацца, у якім ён стане і дзе мой сын.

Карэспандэнт: «Яны дахаты прыйшлі да вас?»

Еўціхеева: «Яны мяне забралі з працы, я ім адчыніла дзьверы. Яны паабяцалі пагутарыць. Але ў выніку забралі. Мне сказалі, павезьлі ў суд. Напэўна, Кастрычніцкага раёну».

Карэспандэнт: «А як вы ставіцеся да такіх дзеяньняў?»

Еўціхеева: «Яму меней трэба сядзець у інтэрнэце. А гэта затрыманьне, вядома, проста нейкае „бязьмежжа“. Яны і мяне абяцалі забраць, калі я крычаць пачала. Я сказала, што не аддам датуль, пакуль ня ўбачу пасьведчаньні асобаў, якія забіраюць. Ня выпушчу з кватэры. Тады яны мне паказалі пасьведчаньні. Я перапісала дадзеныя і адпусьціла».

Маці прад’явілі пасьведчаньне на імя капітана міліцыі Аляксандра Макарава. Ніякіх папераў пры гэтым не складалі.

Вячаслаў Дзіянаў

Адзін са стваральнікаў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслаў Дзіянаў, які цяпер жыве ў Польшчы, пракамэнтаваў:

«КДБ даўно спрабаваў дабрацца да адміністратараў „Надакучыў нам гэты Лукашэнка“. Чаму менавіта цяпер? Я зьвязваю гэта з актыўнасьцю вакол ініцыятывы правядзеньня канцэрту Ляпіса Трубяцкога щ Менску, паколькі гэтая ініцыятыва апошні час была вельмі папулярная ў асяродзьдзі моладзі. Суполка „Надакучыў нам гэты Лукашэнка“ падтрымлівала байкот выбараў, думаю, гэта таксама паслужыла прычынай такой актыўнасьці спэцслужбаў. А факт таго, што частка адміністратараў знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, рабіў групу яшчэ больш прывабнай для выдаленьня альбо рэпрэсіяў з боку ўлады».

Алег Воўчак: «Сацыяльныя сеткі перакрыць нельга»

«Я думаю, што ўлада абрала недальнабачны шлях, бо сацыяльныя сеткі перакрыць нельга. Прыйдуць новыя людзі, мадэратары возьмуць новыя імёны і зробяць новы брэнд. Гэткім чынам будуць і надалей распаўсюджваць інфармацыю пра парушэньне правоў грамадзян у Беларусі».


Максім Чарняўскі: «У акаўнтах ужо сядзелі супрацоўнікі КДБ»

«У мінулым годзе менавіта сацыяльная сетка выдаліла суполку „Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“. Вось зараз ужо больш як дзьве гадзіны нашу суполку зьнішчаюць, і нам дагэтуль тэхнічная дапамога нічога не адказала. Так што гэта залежыць ад іх, ці зможам мы вярнуць кантроль.У нас было 37 тысяч чалавек, так што людзей даволі шмат. І нават калі мы ня зможам вярнуць кантроль, мы створым новую суполку і зладзім больш моцную абарону, каб яе не маглі захапіць».


Алег Гулак: «Павышаная цікавасьць спэцслужбаў да іншадумцаў – парушэньне іх правоў»

Затрыманьне мадэратараў інтэрнэт-суполак камэнтуе кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хэльсынскі камітэт» Алег Гулак:

«Павышаны інтарэс спэцслужбаў да людзей, якія маюць іншую думку і не баяцца яе выказваць — супярэчыць правам чалавека. Гэта, вядома, парушэньне і дзейнага заканадаўства, і правоў чалавека. Важна таксама і тое, і мы будзем глядзець, як гэта будзе аформлена зь юрыдычнага пункту гледжаньня».


Лагвінец: «Гэта адлюстраваньне важнасьці сацыяльных сетак»

Алесь Лагвінец

«Гэта адлюстраваньне важнасьці сацыяльных сетак і таго, што рэжыму вельмі муліць вока, калі ў сацыяльных сетках ёсьць выразна палітычныя суполкі. Таму і чыняцца такія захады. І зразумела, што ўладам зрабіць гэта нескладана, і гэта неаднойчы рэжым дэманстраваў. Магчыма, што гэта было зьвязана з выбарамі, хоць і неабавязкова — звычайная лёгіка дзеяньняў спэцслужбаў. Бо яны бачаць, што праз сацыяльныя сеткі можа цыркуляваць вольнае слова і могуць аб’ядноўвацца людзі, як гэта было летась, дзеля дасягненьня пэўных палітычных мэтаў».