Віцебскія дзяржаўныя СМІ ўжо «абралі» сваіх кандыдатаў

Збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў. Ілюстрацыйнае фота

На Віцебшчыне — у параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі — у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў найбольш масава вылучаюцца кіраўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады. У шэрагах «праўладных» кандыдатаў таксама кіраўнікі прадпрыемстваў, мясцовыя лідары грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» і двое дзейных дэпутатаў парлямэнту.
Наколькі кандыдат «праўладны», можна беспамылкова вызначыць з дапамогай рэгіянальнага дзяржаўнага друку: там ужо напоўніцу друкуюць ухвальныя артыкулы пра асобных прэтэндэнтаў на дэпутацтва.

Пра тыповы выпадак перадвыбарчага піяру паведаміў назіральнік у Кастрычніцкай акруговай камісіі Віцебску Анатоль Родзік:

«Газэта „Віцьбічы“ ад 16 жніўня. Артыкул „Адмыслоўцы з мэдкаледжу запатрабаваныя“. Артыкул пра Цацоху: „Віцебскі мэдкаледж — прэстыжная навучальная ўстанова. На працягу доўгіх гадоў ёй пасьпяхова кіруе Цацоха“. Слова „выбары“ тут няма, але гэта, безумоўна, ужо агітацыя! Будзем скардзіцца ў пракуратуру і ў ЦВК! 26 ліпеня ў газэце назвалі 14 прозьвішчаў па 14 акругах вобласьці — толькі тых, хто ідзе ад дзяржаўных службаў. Іншых — не назвалі».

Згаданы артыкул у газэце «Віцьбічы» — не адзінкавая зьява. Наваполацкая «Новая газета» надрукавала вытрыманае ў перадвыбарчым духу інтэрвію з патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты Вадзімам Дзевятоўскім. У матэрыяле «Патрыёт Наваполацку» намаляваны вобраз «героя нашага часу» — вядомага спартоўца, які расказвае пра сваю кар’еру, добрага сем’яніна — мужа і бацькі, грамадзкага дзеяча — старшыні гарадзкой арганізацыі РГА «Белая Русь», і нават «цімураўца» — газэта піша пра тое, як у школьным узросьце ён дапамог незнаёмай бабулі дацягнуць мех бульбы...

Рэгіянальныя газэты актыўна асьвятляюць і дасягненьні кіраўнікоў мясцовай улады, якія вырашылі пайсьці ў парлямэнт. А такіх на Віцебшчыне рэкордная колькасьць:
  • у Шаркаўшчынскай акрузе № 29 хоча балятавацца старшыня мясцовага райвыканкаму Мечыслаў Морхат
  • у Лепельскай акрузе № 23 — старшыня Лепельскага райвыканкаму Пётар Шыкшнян
  • у Аршанскай гарадзкой № 26 у дэпутаты вылучаецца старшыня гарсавету Людміла Дабрыніна
  • а ў Аршанскай Дняпроўскай № 27 — старшыня Аршанскага райвыканкаму Уладзімер Дзедушкін.
  • у Полацкай акрузе № 28 зьбіраецца балятавацца старшыня Полацкага гарсавета Натальля Гуйвік, і газэта «Полацкі весьнік» у кожным нумары, які выйшаў з пачатку жніўня, друкуе артыкулы, дзе асьвятляецца дзейнасьць чыноўніцы.



Сама спадарыня Гуйвік тым часам наведвае працоўныя калектывы ў складзе інфармацыйна-прапагандысцкай групы гарвыканкаму. А на некаторых прадпрыемствах за яе ў працоўны час зьбіралі подпісы, кажа назіральнік Юры Бельскі:

«Гэта акцыянэрнае таварыства „Дом гандлю“, і аналягічная сытуацыя на полацкім „Водаканале“. Там кіраўнікі уваходзяць у ініцыятыўную групу Гуйвік, і яны загадалі работнікам прынесьці пашпарты ды ў працоўны час сабралі подпісы. Была напісана скарга ў пракуратуру, але адтуль адказалі, што гэта ўсё бяздоказна».

Старшыня полацкага гарсавету Натальля Гуйвік перадала на праверку ў акруговую камісію больш за 3,5 тысяч подпісаў, а для падстрахоўкі вылучылася ад трох працоўных калектываў — прадпрыемстваў «Полацк-гандаль», «Полацкводаканал» і полацкага гарадзкога шпіталю.

А вось старшыня Лепельскага райвыканкаму Пётар Шыкшнян, нягледзячы на інфармацыйную падтрымку праз раённую газэту «Лепельскі край», подпісы акруговай камісіі так і не падаў, гаворыць назіральнік у акруговай камісіі Ігар Казьмярчак:

«Шыкшнян першапачаткова зарэгістраваў ініцыятыўную групу. 121, здаецца, чалавек там быў. Здавалася б, калі кожны зьбярэ дзясятак подпісаў па суседзях, дык і ўсё добра! Але подпісы ён так і ня здаў — у апошні момант вылучыўся ад працоўнага калектыву мясцовай ЖКГ. Ад працоўнага калектыву ж вылучацца прасьцей!» .

Такім самым чынам, не спадзеючыся на «пісьмовыя рэкамэндацыі» выбаршчыкаў, вырашыў вылучацца і дзейны дэпутат парлямэнту Аляксандар Папкоў. Па Сеньненскай акрузе № 30 яго вылучылі працоўныя калектывы Лёзьненскага ЖКГ, Багушэўскага лясгаса і Талачынскага кансэрвавага завода.