Апазыцыю не ўключылі, бо баяцца сьведак

13 жніўня завершыцца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі працягваюць удзельнічаць у зборы подпісаў, хоць вынікі фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў паказваюць, што шанцаў на дэпутацкія мандаты ў апазыцыянэраў няшмат.

Гомель

«Усе выбраны — і банкеты спраўлены»

На Гомельшчыне чыноўнікі сфармавалі 1098 участковых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у склад якіх увайшлі звыш 10 тысяч чалавек. Сярод іх — толькі 1 прадстаўнік ад апазыцыі. Гэта сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Іван Кохан з Рагачоўскага раёну. Яго ўвялі ў склад участковай камісіі № 23 у вёсцы Дварэц. Іншых прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у першасных выбаркамах няма, хаця «Справядлівы сьвет» вылучыў у гэтыя камісіі 65 сваіх прадстаўнікоў, Аб’яднаная грамадзянская партыя« — 68, БНФ — 5, беларускія хрысьціянскія дэмакратыя праз збор подпісаў — 15.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў згадвае, што, пачынаючы з 2008 году, гомельскія ўлады кропкава ўключалі прадстаўнікоў партыі ў камісіі. Бывала 5 альбо нават 8 чалавек на ўсю вобласьць. Гэтым разам — нікога.

Палякоў: «Улады ня хочуць нават кропкава бачыць у камісіях прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. Раней была гульня ў лібэралізацыю, дэмакратыю. Улады нейкім чынам імкнуліся спадабацца Захаду. Цяпер такія гульні не патрэбныя на фоне дыпляматычнай вайны са Швэцыяй і наагул пагаршэньня стасункаў з Захадам. Улады вырашылі не гуляць у гэтыя гульні, і навошта ім цяпер апазыцыянэры ў сваіх кішэнных камісіях».

Буда-Кашалёва

«Я для іх — небясьпечны, бо хаджу, як на працу»
У Буда-Кашалёве ўжо гадоў 10 запар ва ўчастковую камісію прэтэндуе сябра АГП Уладзімер Цітуленка. Аднак выканкам ні разу яго ў камісію так і не ўключыў. Цітуленка быў толькі назіральнікам:

«Я для іх, зразумела, небясьпечны. Хаджу да іх, як на працу — дакараю, патрабую, пішу заявы пра парушэньні. Такі чалавек калі будзе ў камісіі, то вынікі галасаваньня будуць рэзка адрозьнівацца ад іншых у горадзе — і па выніках яўкі, і па адсотках прагаласаваўшых».

Рэгіянальны каардынатар створанай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Юры Клімовіч зазначае, што ў выканаўчых органах, калі яны здавалі подпісы выбарцаў на вылучэньне ва ўчастковыя камісіі, было бачна, што працэдура носіць надзвычай фармальны характар:

«Узялі, не чытаючы й ня гледзячы нават. Можна было наагул намаляваць гэтыя подпісы — абсалютна, нават не ўглядаліся. Бачна было, што для іх гэта чыста фармальна. Ім, пэўна, казалі: не дурыце галавы, прымайце — хай нясуць. Іх усе — у сьметнік адразу, бо сьпісы камісіяў ужо гатовыя».

Зборшчыца Любоў Плюсьніна: «Адна складанасьць — абыякавасьць людзей да выбараў. Людзі ведаюць, што ад іх нічога не залежыць, што ўсе ўжо выбраны й банкеты спраўлены».

У Берасьці дэмакратычныя актывісты дамагаюцца адмены рашэньня аб фармаваньні камісіяў па адной з акругаў.

Берасьце

Скаргу на неўключэньне Берасьцейскага каардынатара руху «За Свабоду» Дзяніса Турчаняка накіраваў у Ленінскі суд дэмакратычны актывіст Васіль Ваўранюк. Спадар Ваўранюк — адзін з 10 берасьцейцаў, якія вылучалі Дзяніса Турчаняка ў сябры камісіі.

У сваёй скарзе спадар Ваўранюк піша: «Перакананы ў тым, што Дзяніс Турчаняк ня быў уключаны ў камісію з-за сваіх «палітычных перакананьняў».

Спадар Ваўранюк просіць Ленінскі суд «прызнаць рашэньне Адміністрацыі Ленінскага раёну аб утварэньні ўчастковых камісіяў Берасьцейскай Заходняй акругі № 1 незаконным». Акрамя таго, Ваўранюк патрабуе, каб суд абавязаў уключыць Дзяніса Турчаняка ў камісію.

Асабіста Дзяніс Турчаняк накіраваў скаргу ў Ленінскую адміністрацыю Берасьця. Матывы ён так патлумачыў «Свабодзе»:

«Паседжаньне па ўтварэньні ўчастковых выбарчых камісіяў насіла фармальны характар. Кандыдатуры сябраў камісіяў пэрсанальна не разглядаліся. На галасаваньне быў вынесены загадзя падрыхтаваны сьпіс. Ён быў складзены кулюарна і з парушэньнем майго права быць абраным», — заявіў Дзяніс Турчаняк.

Маладзечна

Сяргей Балыкін сыходзіць з выбараў. Хто наступны?

Таксама сёньня ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам у дэпутаты старшыні Асацыяцыі малога й сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна прыняла рашэньне не здаваць сабраныя подпісы ў акруговую камісію Маладзечанскай гарадзкой выбарчай акругі № 72.

Карэспандэнт: «Наколькі ваша рашэньне аб спыненьні збору подпісаў выбарцаў адпавядае тактыцы цяперашніх дзеяньняў АГП?»

Балыкін: «Тую тактыку, што абрала АГП, эфэктыўнай назваць ніяк нельга. На мой погляд, яна аб’ядноўвае як недахопы байкоту выбараў, так і ўдзелу ў гэтай выбарчай кампаніі. Мы зь ініцыятыўнай групай абралі свой шлях і паглядзелі, ці можам вылучыць кандыдата без падтрымкі партыі? І мы гэта можам! І на будучых выбарах мы гэтым скарыстаемся. І калі раней я прыпыніў сяброўства ў АГП, то зараз аднаўляю свой удзел».

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін: «Перадусім скажу, што ніхто з нас і ніколі не аспрэчваў палітычны патэнцыял Сяргея Балыкіна. Мы заўсёды казалі, што мы — не бальшавікі — у нас няма забаронаў для ўсіх й кожнага, незалежна ад таго, згодныя яны з гэтым ці не. Таму і цяпер у нас ёсьць некалькі чалавек, у тым ліку і спадар Балыкін, якія зьбіраліся вылучацца на кандыдата шляхам збору подпісаў. Гэта, безумоўна, іх права, іх асабістае рашэньне. Ніякага перасьледу зь боку партыі не было і не магло быць...» — заявіў сёньня на «Свабодзе» намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Лёў Марголін

Горадня

Граф Прушынскі абяцае паскардзіцца Лукашэнку

У выбарчай кампаніі на Гарадзеншчыне бярэ ўдзел граф Аляксандар Прушынскі. Нядаўна ён атрымаў грамадзянства Беларусі. Ён сабраў звыш тысячы подпісаў, але ўжо зараз уражаны несправядлівасьцю выбарчае кампаніі і зьбіраецца напісаць адкрыты ліст да Лукашэнкі.

Граф Аляксандар Прушынскі нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Рагозьніца блізу Ваўкавыска. Ягоны бацька быў літаратарам і дыпляматам. Сам граф распавядае, што за жыцьцё яму давялося быць у розных краінах, але пасьля таго, як Беларусь стала незалежнай, вярнуўся сюды. Акрамя беларускага грамадзянства граф Прушынскі мае грамадзянства Польшчы і Канады.

Паводле Прушынскага, яго вельмі засмуціла тое, што выбары вядуцца несправядліва. Зь яго слоў, мясцовыя чыноўнікі выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс і такім чынам дапамагаюць зьбіраць подпісы ягонаму канкурэнту.

Граф распавядае, што дапамог некалькім ваўкавыскім прадпрыемствам знайсьці партнэраў для бізнэсу ў Польшчы, а калі цяпер зьвярнуўся да дырэкцыі прадпрыемстваў з тым, каб дазволілі наладзіць сход дзеля ягонага вылучэньня кандыдатам, то ўсе, маўляў, адвярнуліся.

Асабліва моцна засмуціла графа і тое, зь яго слоў, што на сяброў ягонай ініцыятыўнай групы адбываўся ціск і запалохваньні. Граф кажа, што сабраў неабходную колькасьць подпісаў, але ў тое, што яго могуць зарэгістраваць, веры няма.

Прушынскі: «Я ў рэшце рэшт напішу адкрыты ліст да Аляксандра Рыгоравіча. Ён неаднойчы заяўляў, што выбары будуць чэсныя, але я бачу, што дзяржаўныя чыноўнікі ходзяць і зьбіраюць подпісы за вылучэнца ад улады. Я ня думаю, што гэта прыстойна».

Слонім

«Элемэнтарна ня хочуць, бо баяцца за вынік агульны...»

Толькі сёньня стала вядома, што ў Слоніме ва ўчастковыя камісіі не ўключылі ніводнага вылучэнца ад БНФ і БХД, праўда, два сябры партыі «Справядлівы сьвет» сталі сябрамі ўчастковых камісій.

Кіраўнік раённай арганізацыі БНФ Іван Шэга: «Усё проста: навошта там сьведкі ў камісіях... Паглядзіце, калі б уключылі 15 чалавек у камісіі гэта б азначала, што ў 15 камісіях ужо б там нічога не рабілі б, бо баяцца, што ёсьць чалавек, які ўсё бачыць. Элемэнтарна ня хочуць, каб гэтыя людзі там былі, бо баяцца за вынік агульны».