Выбары — новыя, сцэнар — стары

Да 9 жніўня мясцовыя выканкамы павінны былі сфармаваць больш як шэсьць тысяч участковых выбарчых камісій. Агулам у іх былі вылучаныя амаль 85 тысяч кандыдатаў. Дакладны персанальны склад выбаркамаў агучаны пакуль не ўсюды. Паводле тых зьвестак, якія мы атрымліваем з рэгіёнаў, прадстаўнікоў апазыцыі у складзе выбарчых камісій, як правіла — нязначная колькасьць, а ў многіх няма ўвогуле.


Падчас фармаваньня ўчастковых камісій у Кастрычніцкай раённай адміністрацыі Віцебску быў пастаўлены своеасаблівы рэкорд: учорашняе пасяджэньне працягвалася амаль 10 гадзін з адным перапынкам на 15 хвілін.

Віцебск

З ранку да вечара за працэсам сачыў Анатоль Родзік, назіральнік пры акруговай камісіі:

«Вядома, гэта быў спэктакль! Адзінае, што атрымалі маральнае задавальненьне ад таго, што чыноўнікаў змусілі больш за дзевяць гадзін сядзець ды займацца няўдзячнай справай фальсыфікацыі выбараў! З 13 вылучэнцаў Партыі БНФ не ўключылі ніводнага, з 13 вылучэнцаў „Справядлівага сьвету“ — таксама ніводнага! Увогуле з 52 вылучэнцаў ад усіх партый зарэгістравалі толькі 6: ад КПБ і Партыі працы і справядлівасьці».


Паводле спадара Родзіка, фармаваньне камісіяў праводзілася з парушэньнямі, і каб не прысутныя ў залі апазыцыянэры, то скончылася б яно нашмат раней:


«Ніякіх абмеркаваньняў, ніякіх характарыстык і ніякіх матывацый па адводах! Сказалі, што адміністрацыі загадзя раздалі сьпісы, каб яны падумалі. І яны галасавалі так, што адпавядала ўсім паказьнікам — 30% ад грамадзкіх арганізацый там, і гэтак далей. Роўненька-роўненька! Такога па тэорыі верагоднасьці быць не магло! Здаецца, каб мы выйшлі, то за паўгадзіны яны б прагаласавалі агульным сьпісам, дый усё!»


У Першамайскай раённай адміністрацыі пасяджэньне працягвалася крыху меней — 6 гадзін. Але з такім самым вынікам: ва ўчастковыя камісіі не ўключылі ніводнага прадстаўніка Партыі БНФ. Ад гэтай партыі з 25 вылучэнцаў увогуле ў камісіі не ўзялі нікога.


Адзін прадстаўнік Партыі левых «Справядлівы сьвет» трапіў ва ўчастковую камісію ў Бешанковіцкім раёне. І яшчэ адзін — з чатырох ахвотных — у Полацку. У Віцебску не ўключылі ніводнага.

Гомель

На тысячу выбаркамаў — 1 апазыцыянэр

1098 участковых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сфармавана ў Гомельскай вобласьці. У іх залічана звыш 10 тысяч чалавек, і толькі 1 прадстаўнік — ад апазыцыі. Гэта сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Іван Кохан з Рагачоўскага раёну.

Рэгіянальны кіраўнік «Справядлівага сьвету» Уладзімер Сякерка: «Мы дэлегавалі ва ўчастковыя камісіі 65 сваіх прадстаўнікоў, і найперш у тых акругах, дзе зьбіраюцца балятавацца кандыдатамі сябры нашай партыі. Аднак мясцовыя ўлады нейкім чынам уключылі ў першасныя выбаркамы толькі аднаго нашага вылучэнца».

Абласная арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучала ва ўчастковыя камісіі 68 сваіх чальцоў. Аднак у камісіі нікога не ўвялі, гэтаксама, як і ад Партыі БНФ, і ад стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», чальцы якой зьбіралі подпісы. У той жа час ад КПБ у склад камісіяў увайшлі 84 партыйцы.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў: «Пачынаючы з 2008 году, улады кропкава ўключалі прадстаўнікоў АГП у камісіі, 5-8 чалавек на ўсю вобласьць. Гэтым разам ад нас — нікога. Улады ня хочуць нават кропкава бачыць у камісіях прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў. Раней была гульня ў лібэралізацыю, дэмакратыю. Цяпер такія гульні не патрэбныя на фоне дыпляматычнай вайны з Швэцыяй і наагул пагаршэньня стасункаў з Захадам. Апазыцыянэры цяпер не патрэбныя ў кішэнных камісіях».

Горадня

На Гарадзеншчыне прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, а таксама назіральнікі за выбарамі сьцьвярджаюць: пасьля фармаваньня ўчастковых камісіяў стала абсалютна зразумела, што ніякай гаворкі пра справядлівыя выбары і быць ня можа.

Ва ўсіх участковых камісіях Кастрычніцкага раёну Горадні, якія налічваюць у сваім складзе 818 чалавек, будуць працаваць толькі два прадстаўніка ад апазыцыйных партыяў: адзін ад АГП і адзін ад БНФ. Апазыцыйныя партыі падавалі 45 заяваў на ўключэньне сваіх сябраў ва ўчастковыя камісіі.

У Ленінскім раёне гораду ва ўчастковых камісіях апазыцыянэраў наагул ня будзе, бо яны нават не падавалі туды сваіх заявак. Яшчэ дваіх прадстаўнікоў ад партыі «Справядлівы сьвет» уключылі ва ўчастковыя камісіі на ўвесь горад Ліду. А ў Слоніме прозьвішчы тых, каго ўключылі ў склад камісіяў, да сёньня невядомыя, і ў райвыканкаме адмаўляюцца іх называць.


Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, камэнтуючы сытуацыю, кажа, што ў прынцыпе адпачатку не было на што разьлічваць, ды ўсё і паўтараецца, як на мінулых выбарах. Паводле Хільмановіча, кандыдатуры сябраў камісій ніхто не абмяркоўвае, а толькі нехта зацьвярджае:

Гэта звыклая практыка і, па сутнасьці, зьдзек з працэсу выбараў

«Нічога сэнсацыйнага не адбылося, і зьдзіўляцца тут няма чаму. Гэта звыклая практыка і, па сутнасьці, зьдзек з працэсу выбараў і з тых дэмакратычных партыяў, якія бяруць удзел у гэтых выбарах».

Назіральнік за выбарамі Раман Юргель прааналізаваў склад сёлетніх участковых камісіяў і параўнаў іх з тымі, якія дзейнічалі на мінулых выбарах:

«Атрымалася, што на 80–85% участковыя выбарчыя камісіі створаныя з тых самых людзей, якія ўваходзілі ў склад камісій і на папярэдніх выбарах. І таму мець надзею на нейкі там сумленны падлік галасоў папросту не даводзіцца...»

Слонім

Кіраўнік Слонімскай раённай арганізацыі партыі БНФ Іван Шэга кажа, што ў гэтую выбарчую кампанію прадстаўнікі апазыцыйных партыяў нават ня пішуць скаргаў у ЦВК, бо гэта ня мае ніякага значэньня:

«Я ў мінулую кампанію наскардзіўся столькі, што зараз ужо і ня хочацца. Мы пісалі шмат скаргаў, атрымлівалі шмат адказаў, зь якіх нічога не вынікала».

Берасьце

На Берасьцейшчыне сфармаваныя 979 участковых выбарчых камісіяў, сябрамі якіх сталі 9 тысяч 650 чалавек. Сярод іх толькі 35 прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў.

Ва ўчастковыя камісіі на Берасьцейшчыне ўключаныя 20 з 42 чалавек, вылучаных ад партыі «Справядлівы сьвет», 9 з 50 актывістаў партыі БНФ, 4 з 17 сябраў БСДП(Г), 2 з 15 сябраў АГП.


57,2% сябраў камісіяў трапілі туды «ад грамадзянаў шляхам збору подпісаў» і «ад працоўных калектываў». Больш за 40% месцаў у камісіях атрымалі прадстаўнікі праўладных грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. Найбольш прадстаўнічай тут выглядае Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі — з 1492 чалавек у камісіі ўключаны 1481.


Большасьць сябраў камісіяў на Берасьцейшчыне — жанчыны, іх тут 88,4%.


Берасьцейскі каардынатар руху «За свабоду» Дзяніс Турчаняк быў на паседжаньні Ленінскай адміністрацыі Берасьця, калі фармаваліся ўчастковыя камісіі:

Нейкі незразумелы орган сфармаваў для сябраў Ленінскай адміністрацыі сьпіс, за які яны галасавалі.

«Я задаў пытаньне аб крытэрах. Былі названыя прафэсіяналізм, камунікабэльнасьць і яшчэ некалькі. Аднак цікавае пытаньне фармаваньня. Бо галасавалі яны згодна зь сьпісам. Пры гэтым не адбывалася ніякага разгляду кандыдатур на наяўнасьць у іх гэтых крытэраў. Я задаваў пытаньне, хто фармаваў гэты сьпіс, які зацьвярджаецца. Адказу выразнага не прагучала. Атрымоўваецца сытуацыя, што нейкі незразумелы орган сфармаваў для сябраў Ленінскай адміністрацыі сьпіс, за які яны галасавалі».

Кіраўнік абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі кажа, што тое, як сфармаваныя камісіі, выклікае падазрэньні:


«Партыі — гэта суб’ект палітычнай дзейнасьці ў любой краіне, у тым ліку і ў Беларусі. Калі мы, партыі, вылучаем людзей у камісіі, то нашых людзей уключаюць 10–20%. У гэтай сытуацыі такое ўражаньне, што хочуць нешта схаваць. Калі няма чаго хаваць, дык уключылі б усіх нашых прадстаўнікоў».


Леў Марголін: Участковыя камісіі — гэта «сакрэт Палішынэля»


Леў Марголін

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін паінфармаваў «Свабоду», што АГП вылучала ва ўчастковыя камісіі 296 сваіх прэтэндэнтаў. Але ў выніку так званай «фільтрацыі» ў Менску, да прыкладу, у камісіі ня трапіў ніводзін. На Гомельшчыне, Магілёўшчыне, Віцебшчыне й Берасьцейшчыне ў лепшым выпадку ў камісіі трапяць усяго пяць чалавек. Гэта істотнае скарачэньне нават у параўнаньні з выбарамі ў так званую «палатку» ў 2008 годзе, адзначае Леў Марголін і тлумачыць прычыны:


«Участковыя камісіі ў Беларусі — гэта „сакрэт Палішынэля“, бо гэтыя камісіі ўяўляюць сабою якраз тое зьвяно, якому нададзена найбольш важная роля ў працэсе фальсыфікацыі выбараў. І сытуацыя з кожным годам і кожным разам усё больш ускладняецца. І ў гэтых варунках толькі адно выйсьце: трэба фармаваць участковыя камісіі строга з тых людзей, якімі можна кіраваць, якія выканаюць любы загад і выдадуць патрэбны вынік.


Таму ў паводзінах цяперашняй улады нічога дзіўнага няма...»


Карэспандэнт: «Яскравы прыклад — учарашні суд у Барысаве, дзе вас — патэнцыйнага кандыдата на дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Барысаўскай выбарчай акрузе № 62, а таксама сябра вашай ініцыятыўнай групы Міхаіла Васільева, аштрафавалі агулам на 5 мільёнаў рублёў».


«Гэта таксама адзін са штрыхоў цяперашняй выбарчай кампаніі. Па-першае, ёю кіруе Міністэрства ўнутраных спраў, бо міліцыянты складаюць пратакол, нават не абцяжарваючы сябе клопатам паведаміць пра гэта мясцовым выбарчым камісіям. Пасьля ім даводзіцца гэты пратакол перарабляць, бо ён складзены непісьменна й нават сьмешна. Але нават у пераробленым стане ён забараняе рабіць пікеты для збору подпісаў усім тым, хто мае нешта супраць дзейнай улады — ці то супраць Лукашэнкі, ці то супраць атамнай электрастанцыі, ці то супраць карупцыі, і г.д. і да т.п. Гэта ўсё роўна будзе расцэнена як заўчасная агітацыя...»