Кніга пра Вялікае княства Літоўскае для кожнага беларуса

6 жніўня заля рэдкай кнігі бібліятэкі Акадэміі навук ледзь зьмясьціла ўсіх гасьцей прэзэнтацыі кнігі Уладзімера Арлова і мастака Зьмітра Герасімовіча «Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя».
«Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка для ўзьняцьця патрыятызму параіў кожнай сям’і набыць слуцкі пояс. Я асьмелюся параіць больш танны праект: каб дзяржава парупілася, каб у кожнай сям’і была кніжка Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча. Я думаю, што гэта скароціць сродкі і на выданьне для вышэйшых навучальных устаноў „Асноваў ідэалёгіі беларускай дзяржаўнасьці“ і зьменшыць штат палітычных агітатараў ва ўстановах і прадпрыемствах», — так пачаў свой выступ навуковы рэцэнзент Уладзімер Ляхоўскі.

«Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» — гэта своеасаблівы працяг кнігі «Краіна Беларусь», якая пабачыла сьвет у 2003 годзе. Цяпер Уладзімер Арлоў і Зьміцер Герасімовіч сканцэнтраваліся на пэрыядзе існаваньня ВКЛ. Кніга пачынаецца разьдзелам «Славяне і балты», але не заканчваецца 1795-м годам, калі, як заўважыў Уладзімер Арлоў, «гістарычны гадзіньнік Вялікага княства прабіў апошні раз»:

«Ідэя Вялікага княства працягвала жыць. Яна натхняла новыя і новыя пакаленьні патрыётаў, і зноў рабіліся спробы адраджэньня дзяржаўнасьці. У 1811 годзе група ліцьвінскіх магнатаў на чале зь Міхалам Клеафасам Агінскім падала першы значны праект будучай Канстытуцыі. У 1812 годзе княства на кароткі тэрмін было адноўлена падчас напалеонаўскай кампаніі. Ідэя аднаўленьня Вялікага княства натхняла паўстаўнцаў 1831 году, удзельнікаў тайных таварыстваў — ад філаматаў і філарэтаў да масонскіх ложаў».

Your browser doesn’t support HTML5

Кніга пра Вялікае княства Літоўскае для кожнага беларуса



Далей ідэю ВКЛ Уладзімер Арлоў і Зьміцер Герасімовіч шукаюць у ХХ стагодзьдзі: у пэрыядзе нашаніўскага адраджэньня, Беларускай Народнай Рэспублікі, абвяшчэньні незалежнасьці Літвы і Беларусі. Аўтары прыадкрываюць мала вядомыя шырокаму колу старонкі гісторыі. Напрыклад, пішуць пра дзяржаву Сярэдняя Літва, што існавала ў пачатку ХХ стагодзьдзя альбо пра 40 дзён, цягам якіх у 1939 годзе Вільня належала Беларускай СССР. Заканчваецца кніга разьдзелам пра беларускую нацыянальную меншасьць у сучаснай Літоўскай рэспубліцы.

«Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя» зьмяшчае 2000 унікальных летапісных мініятур, гравюр, фатаграфій і рэканструкцый. Матэрыялы для ілюстрацый Зьміцер Герасімовіч зьбіраў у прыватных калекцыях, у архівах і музэях Беларусі і краін-суседак:

«Большасьць ілюстрацый паходзіць з матэрыялаў Нацыянальнага музэю ў Кракаве, — расказаў „Свабодзе“ Зьміцер Герасімовіч. — Багата інфармацыі па гісторыі Вялікага княства знаходзіцца ў архівах Санкт-Пецярбургу і Масквы. Скарыстацца імі мне не ўдалося: туды вельмі цяжка трапіць дасьледчыку беларускай гісторыі».

Увосень чакаюцца з друку пераклады на рускую і ангельскую мовы кніг «Краіна Беларусь» і «Вялікае княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя». Тады аўтары паабяцалі зладзіць яшчэ адну сустрэчу з чытачамі і круглы стол з замежнымі дасьледчыкамі гісторыі некалі найбуйнейшай дзяржавы ў Эўропе Вялікае княства Літоўскае.

Зьміцер Герасімовіч, Уладзімер Арлоў і Зьміцер Санько

Аўтограф для Акадэмічнай бібліятэкі

Рэдактар кнігі Зьміцер Санько.

Ілюстратар кнігі Зьміцер Герасімовіч.