Жорсткія баі ў сырыйскай сталіцы

У Дамаску сёньня пачаліся баявыя сутыкненьні – паводле відавочцаў, найбольш жорсткія ад пачатку канфлікту ў Сырыі ўвесну мінулага году.
У многіх кварталах Дамаску адзначаныя перастрэлкі, у тым ліку з ужываньнем мінамётаў. Найбольш інтэнсіўныя баі ідуць у паўднёвай частцы гораду. Вайсковыя аддзелы перакрылі дарогу, якая вядзе ў аэрапорт.

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжу заявіў учора, што кваліфікуе канфлікт у Сырыі як грамадзянскую вайну.

Міжнародны пасланьнік у Сырыі Кофі Анан прыбыў сёньня ў Маскву з двухдзённым візытам. Ён вядзе перамовы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым з мэтай здабыць падтрымку Масквы ў больш жорсткіх мерах ААН адносна рэжыму Башара Асада.