Цыбліенка адсудзіла ў Івашкевіча 500 тысяч рублёў за санкцыі

Your browser doesn’t support HTML5

Івашкевіч: Мая пазыцыя застаецца нязьменнай

Суд абавязаў Віктара Івашкевіча выплаціць 500 тысяч рублёў работніцы Мазырскага НПЗ Марыне Цыбліенцы. Палітыка таксама абавязалі абвергнуць на сайце Хартыі’ 97 заклікі байкатаваць беларускія нафтапрадукты.
Суд Савецкага раёнeу Менску ўхваліў рашэньне па грамадзянскім пазове працаўніцы Мазырскага НПЗ Марыны Цыбліенкі супраць апазыцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча. Судзьдзя ацаніла маральныя і фізычныя пакуты Цыбліенкі ад заклікаў Івашкевіча да Эўразьвязу байкатаваць беларускія нафтапрадукты ў 500 тысяч рублёў.

Перад пачаткам працэсу ля будынка суду сабраліся два дзясяткі працаўнікоў Мазырскага НПЗ, якія прыехалі ў Менск падтрымаць Марыну Цыбліенку. Яны трымалі сьцягі афіцыйнай фэдэрацыі прафсаюзаў і транспаранты кшталту «Івашкевіч, ці ёсьць у цябе сумленьне?»

Дзьвюх прафсаюзных актывістак з Мазырскага НПЗ Цыбліенка запрасіла на працэс у якасьці сьведак, а юрыстку з апарату ФПБ Сьвятлану Котаву дапусьцілі ў працэс як яе прадстаўніцу.

Судовы разбор доўжыўся дзьве гадзіны і нагадваў палітычную дыскусію. Марына Цыбліенка распавяла, што нэрвозная абстаноўка, выкліканая заявамі Івашкевіча пра эўрапейскія санкцыі, не дае ёй спакойна працаваць, што яна цярпіць душэўныя і фізычныя пакуты, што ў яе нават падвысіўся ціск і зьявіліся нэўрозы. Аднак мэдыцынскіх даведак спадарыня Цыбліенка не прынесла. Яна заявіла журналістам:

«Я ня думаю, што гэта палітычны працэс. Я абуралася тым, што чалавек, які жыве ў нашай краіне, робіць такія заклікі. Я сапраўды непакоюся за нашую будучыню».

Віктар Івашкевіч паведаміў суду, што хацеў сустрэцца з калектывам Мазырскага НПЗ і патлумачыць сваю пазыцыю, але прафкам, які некалькі разоў зьбіраўся пасьля ягонай заявы, адмовіў у такой сустрэчы. Івашкевіч даводзіў, што не ягоны зварот стаўся прычынай санкцыяў Эўразьвязу, а наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў. Ён выказаў зьдзіўленьне, чаму Цыбліенка не падавала пазоваў супраць кіраўнікоў Нацбанку і ўраду за рэальныя страты з-за леташняй дэвальвацыі рубля:

«На сёньняшні дзень галоўная структура, якая забірае грошы ў простых людзей, — гэта ўрад на чале з чалавекам, які называе сябе прэзыдэнтам. Гэта галоўная пагроза і вам, і мне, усім грамадзянам. І пакуль мы гэтую дыктатуру, гэтае хамства ня выганім назад у свой саўгас і не абяром самі новае начальства, у нас будуць праблемы».

У канцы дэбатаў Івашкевіч прапанаваў Цыбліенцы міравое пагадненьне: разам абраць новую ўладу, якая вызваліць палітвязьняў і наладзіць адносіны з Эўразьвязам. Але Марына Цыбліенка вельмі неахвотна ўступала ў дыскусію пра палітвязьняў:

«Па-мойму, у Эўразьвязе сьцьвярджаюць, што ў нас ёсьць палітвязьні. Я лічу, што ў нас ёсьць людзі, якія парушаюць закон».
Я штраф заплачу, таму што ня бачу сэнсу далей судзіцца, бо не судзьдзя рашае, што прысуджаць.

Судзьдзя Ірына Лаўкова цалкам падтрымала пазоў Цыбліенкі і пастанавіла спагнаць з Івашкевіча на яе карысьць 500 тысяч беларускіх рублёў для кампэнсацыі маральных пакутаў, а таксама запатрабаваць ад палітыка абвергнуць свае выказваньні і надалей устрымацца ад падобных заяваў. Цыбліенка, яе муж і калегі з НПЗ сустрэлі гэтае рашэньне воплескамі. Пазоўніца заявіла, што выйграныя грошы аддасьць на Чырвоны Крыж.

Віктар Івашкевіч абскарджваць рашэньне суду не зьбіраецца:

«Я штраф заплачу, таму што ня бачу сэнсу далей судзіцца, бо не судзьдзя рашае, што прысуджаць. Што тычыцца публікацыі, то я так і не зразумеў, што я там павінен апублікаваць».

Спадар Івашкевіч спадзяецца, што пасьля сплаты грошай паводле гэтага рашэньня будзе скасаваная забарона яму выяжджаць за межы Беларусі, якую таксама фармальна ініцыявала Цыбліенка.

Жывы рэпартаж з суду


5:20 Камэнтуючы прысуд, рэдактарка сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна заявіла «Свабодзе»: «Беларускія ўлады, падобна, зусім страцілі сувязь з рэальнасьцю. На якой падставе сайт charter97.org павінен выконваць гэтае рашэньне? Мы не прызнаем рашэньня лукашэнкаўскага суду, які абсалютна падкантрольны ўладам і выносіць толькі палітычна матываваныя прысуды. Мы публікуем артыкулы і камэнтары ўсіх апазыцыйных палітыкаў. Калі Віктар дашле тэкст — заўсёды калі ласка. Усім будзе цікава прачытаць „абвяржэньне“, напісанае пад прымусам. У Віктара Івашкевіча — выдатнае пачуцьцё гумару. Мяркую, што ў яго ўсё атрымаецца».


15:10 Суддзя пастанавіла спагнаць з Івашкевіча 500 тысячаў. Палітыка таксама абавязалі абвергнуць свае заявы на сайце Хартыі'97.
Калі Віктар дашле тэкст — заўсёды калі ласка. Усім будзе цікава прачытаць „абвяржэньне“, напісанае пад прымусам
Натальля Радзіна


Пасьля суду Івашкевіч заявіў «Свабодзе», што ня будзе абскарджваць рашэньне суду, бо ня бачыць у гэтым сэнсу.

Палітык таксама прызнаўся, што ня ведае, як можна абвергнуць праз сайт «Хартыі» ранейшыя заявы.

Цыбліенка і яе прыхільнікі сустрэлі рашэньне суду воплескамі.

Цыбліенка сказала «Свабодзе», што грошы перадасьць Мазырскаму аддзяленьню Чырвонага крыжа.

13:40 Віктар Івашкевіч тлумачыць сэнс прапановы на міравое пагадненьне: «Нам трэба разам зь ёй і з працоўным калектывам мазырскага завода сабрацца, абмеркаваць, чые дзеяньні рэальна ствараюць пагрозу эканамічных санкцыяў, хто рэальна трымае палітвязьняў, хто сварыцца з кіраўнікамі эўрапейскіх краінаў, хто кожны год рабуе тых жа работнікаў прадпрыемства і іншых прадпрыемстваў. І разам падумаць, як скінуць гэты пануючы рэжым у законных формах. І выбраць тую ўладу, якая наладзіць нармальныя адносіны з Эўразьвязам і здыме ў прынцыпе пытаньне аб санкцыях. Вось гэта, я думаю, канструктыўнае рашэньне. Бо пакуль сёньняшні рэжым пры ўладзе, і праблема санкцыяў, і праблема рабаўніцтва людзей рознымі дэвальвацыямі, інфляцыямі будзе заставацца ўвесь час».


13:30 Марына Цыбліенка пра палітвязьняў: «Па-мойму, у Эўразьвязе
Ккалі палітык пачынае заклікаць да выхаду на вуліцу, да пагромаў, гэта ўжо не палітык. То бок людзі, якія арганізавалі пагромы і атрымалі за гэта тэрміны зьняволеньня, яны нашых дзяцей падстаўлялі на вуліцы
Марына Цыбліенка

сьцьвярджаюць, што ў нас ёсьць палітвязьні. Я лічу, што ў нас ёсьць людзі, якія парушаюць закон. Напрыклад, калі палітык нармальна выступае ў прэсе ці зьбірае сход і размаўляе зь людзьмі, — можна яго слухаць, можна разумець. Але калі палітык пачынае заклікаць да выхаду на вуліцу, да пагромаў, гэта ўжо не палітык. Для мяне гэты чалавек не палітык. То бок людзі, якія арганізавалі пагромы і атрымалі за гэта тэрміны зьняволеньня, яны нашых дзяцей падстаўлялі на вуліцы».


12:40 Паседжаньне суду скончылася. Судзьдзя абвесьціць рашэньне а 15-й гадзіне.


12
:33 Судзьдзя абвясьціла судовыя спрэчкі.

Першай выступае Цыбліенка.

Яна кажа, што апазыцыя павінна быць у любой краіне. Але Івашкевіч сваімі зваротамі дыскрэдытаваў апазыцыю.

«Мне патрэбная стабільнасьць, як маці, як жанчыне», — сказала яна.

Івашкевіч яшчэ раз тлумачыць, што праблема ня ў ім, а ў тым, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні.

«Мы, грамадзяне Беларусі, кожны дзень будзем у стрэсе, пакуль існуе рэжым, які садзіць людзей і абражае эўрапейскіх палітыкаў», — сказаў Івашкевіч у сваім выступе.

Ён прапанаваў Цыбліенцы міравое пагадненьне — разам дамагацца зьмены ўлады.


12:20 Наступная сьведка — хімік Мазырскага НПЗ Ларыса Шуманевіч.

Яна патлумачыла, што заява Івашкевіча разглядалася на прафкаме.

«Гэтае пытаньне бурна абмяркоўвалася. Бо калі ня будзе ў НПЗ прыбытку, то ў калектыву ня будзе ільготаў на будаўніцтва жытла і на аздараўленьне дзяцей».

12:12 Допыт сьведкі Вольгі Кулыбы, старшыні прафкаму Мазырскага НПЗ.

Кулыба распавяла, што заклікі Івашкевіча разглядалі на прафкаме, і ўсе сябры камітэту падтрымалі Марыну. «Марына — чалавек актыўны, неабыякавы. Мы зь ёй абмяркоўвалі гэтую тэму. Я лічу, што яна зрабіла правільна», — адзначыла сьведка.

Івашкевіч запытаўся ў Кулыбы: чаму яны не пагадзіліся правесьці сустрэчы ў калектыве зь ягоным удзелам?

Кулыба адказала: «У нас няма памяшканьня для сходу. Трэба зьвяртацца да кіраўніцтва НПЗ. Я арганізоўваць вам сходы ня буду».


12:05 Судзьдзя выдаліла з залі дзьвюх прыхільніц Цыбліенкі, якія абураліся словамі Івашкевіча.

«Чым хутчэй мы дыктатуру выганім назад у калгас, тым хутчэй будуць вырашаныя праблемы народа», — сказаў Івашкевіч.



Цыбліенка супарць Івашкевіча


11:54 Выступае Віктар Івашкевіч.

Наконт псыхалягічнага стрэсу Цыбліенкі Івашкевіч сказаў, што большы стрэс у людзей выклікаюць падвышэньні цэнаў, якія робяць улады.

«Нам, грамадзянам, трэба не спрачацца паміж сабой, а дамагацца свабодных выбараў улады. Гэта абароніць нас ад санкцыяў», — заявіў Івашкевіч.

«Я не пачуў пра існаваньне мэдычнага дакумэнту, які засьведчыў бы разлад у яе здароўі. А вось мае правы гэтым пазовам былі парушаныя. З-за яго мне забаранілі выезд за мяжу», — сказаў Івашкевіч.

Цыбліенка пацікавілася ў Івашкевіча: ці думае ён, што ягоныя заявы ўплываюць на санкцыі?

Івашкевіч сказаў, што ня верыць у гэта: «Ніхто мне не адказаў з эўрапейскіх палітыкаў».

Цыбліенка прапанавала Івашкевічу адклікаць свой зварот. Той адмовіўся.

Івашкевіч кажа, што ніякія санкцыі Эўразьвязу не ўплываюць на працоўных:

«Звышпрыбыткі забіраюць Чыж і Пефціеў. А рабочыя ня маюць ад гэтага прыбыткаў».

«Таму яны і не пацярпяць. Вам і так плацяць мізер. Да вас санкцыі ня маюць дачыненьня. Вам перашкаджае нармальна існаваць кіраўніцтва краіны, а не Івашкевіч», — заявіў палітык.


11:30 У Івашкевіча пытаньне да Цыбліенкі: Эўразьвяз прымае рашэньне толькі паводле маіх зваротаў? Вы лічыце, што гэта залежыць толькі ад мяне?

Цыбліенка не змагла адказаць, папрасіла дапамогі ў юрысткі ФПБ.

«Я лічу што такія заявы падштурхоўваюць санкцыі. У мяне прэтэнзіі асабіста да вас», — адказала ў выніку Цыбліенка.

Івашкевіч пытаецца: Ці вы ведаеце, у чым праблема адносінаў кіраўніцтва Беларусі і Эўразьвязу?

Цыбліенка адказала, што «чула, але не ўдавалася ў падрабязнасьці».

Івашкевіч: Ці я ўжо падарваў вам матэрыяльны стан?

Цыбліенка: Вы стварылі пагрозу.
Івашкевіч: Ці зьвярталіся вы з пазовам да Пракаповіча за дэвальвацыю, ад якой вы сапраўды пацярпелі?

Цыбліенка: Не, гэта быў усясьветны крызіс.


Івашкевіч: Ці зьвярталіся вы з пазовам да Пракаповіча за дэвальвацыю, ад якой вы сапраўды пацярпелі?

Цыбліенка: Не, гэта быў усясьветны крызіс.

Івашкевіч: Ці закрануў ваш бюджэт рост цэн на мяса на 35%? Ці вы падавалі пазоў?

Цыбліенка: Не. Урад слушна зрабіў. Трэба было падняць цэны ў Мытным зьвязе.

Івашкевіч: Ці ведаеце вы пра патрабаваньне вызваліць палітвязьняў? З-за чаго ўведзеныя гэтыя санкцыі?

Цыбліенка: У нас няма палітвязьняў.

Івашкевіч патлумачыў суду, што санкцыі Эўразьвязу ўведзеныя таму, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні. «Зьвязваць санкцыі са мной — недарэчна», — заявіў Івашкевіч.

Івашкевіч: Ці чыталі вы мой адкрыты ліст да вас у СМІ?

Цыбліенка: Чаму вы асабіста не прыслалі?

Івашкевіч: У лісьце я прапанаваў сустрэчу ў вашым калектыве, на якой мы прынялі б заяву пра вызваленьне палітвязьняў. Тады я гарантую, што ніякіх санкцыяў ня будзе.

Цыбліненка: Я ўспрымаю вашу прапанову як ультыматум.


11:27 Юрыст ФПБ Сьвятлана Котава падтрымала пазоў ад імя прафсаюзаў.

11:15 Цыбліенка падтрымала свой пазоў. Яна заявіла, што 22 сакавіка прафсаюз «Нафтану» асудзіў заявы Івашкевіча. Але той праігнараваў гэтую рэзалюцыю. «Пагроза санкцыяў застаецца, што не дае нам спакойна працаваць», — заявіла Цыбліенка.

Яна тлумачыць, якія праблемы могуць быць у заводу, калі ўвядуць санкцыі.

«Тым больш што працэс санкцыяў пайшоў. Нэрвозная абстаноўка, выкліканая заявамі Івашкевіча, не дае мне спакойна працаваць. Існуе пагроза страты заробку. А мне трэба карміць дзяцей», — кажа Цыбліенка.

Нэрвозная абстаноўка, выкліканая заявамі Івашкевіча, не дае мне спакойна працаваць.
Марына Цыбліенка

«Я перажываю вялікі стрэс, не магу працаваць спакойна. Я ўжо ня ўпэўненая ў заўтрашнім дні. А раптам з-за санкцыяў я страчу працу? У мяне ўзьняўся ціск. Пачаліся нэўрозы».

«Прашу суд спагнаць з Івашкевіча 500 тысяч кампэнсацыі і абавязаць яго адклікаць звароты пра санкцыі і больш не рабіць такіх заяваў».

Цыбліенка папрасіла суд далучыць да матэрыялаў справы раздрукоўкі з сайту «Хартыі».

Цыбліенка: «Вы падліваеце алею ў агонь. Ваш ліст можа ўспрымацца як голас усяго народу».


11:10 Цыбліенка просіць дапытаць у якасьці сьведкаў двух супрацоўнікаў заводу і дапусьціць юрыста з апарату ФПБ Сьвятлану Котаву ў працэс у якасьці яе прадстаўніка. У Івашкевіча хадайніцтваў няма. Івашкевіч не прызнае патрабаваньняў Цыбліенкі.

11:05 Працэс пачаўся. Поўная заля прафсаюзных актывістаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Цыбліенка: Я хачу жыць у цывілізаванай краіне


10:59 Справу будзе разглядаць судзьдзя Ірына Лаўкова. У суд зьявіўся Віктар Івашкевіч. Фігуранты справы чакаюць, калі іх запусьцяць у залю. Да групы падтрымкі Цыбліенкі далучыліся сябры БРСМ.

10:35 У судзе зьявілася Цыбліенка. Журналістам яна заявіла, што ад сваіх патрабаваньняў не адмаўляецца. Віктара Івашкевіча ў судзе пакуль няма.

10:20 Да пікету далучыліся 10 чалавек. Яны кажуць, што прыехалі з Мазыра. Людзі ў цывільным здымаюць на відэа ўсё, што адбываецца вакол будынка суду.

10:00 Будынак суду пікетуюць прадстаўнікі афіцыйнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай.

У пікеце — 25 чалавек. Яны трымаюць плякаты, напісаныя па-расейску: «Марына, мы з табой», «Івашкевіч, ці ёсьць у цябе сумленьне?», «Правакатараў, якія заклікаюць да эканамічных санкцыяў супраць Беларусі — да адказу», «Рукі прэч ад працоўных калектываў», «Мы супраць правакатараў з БКДП», «Эканамічныя санкцыі — гэта ганьба для Эўропы».

Работніца Мазырскага НПЗ Марына Цыбліенка падала ў суд на Віктара Івашкевіча. Падставай для пазову стала тое, што Івашкевіч заклікаў эўрапейскія кампаніі байкатаваць беларускія нафтапрадукты.

Цыбліенка патрабуе ад Івашкевіча 500 тысяч беларускіх рублёў для кампэнсацыі маральных стратаў, якія нібыта нанесьлі ёй асабіста выказваньні Івашкевіча. Таксама яна патрабуе, каб ён адмовіўся ад далейшых заклікаў да санкцыяў.

Пазоў Цыбліенкі стаў нагодай для таго, каб забараніць Віктару Івашкевічу выяжджаць за межы Беларусі.

Марына Цыбліенка працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў цэху № 12, які займаецца парапаветраным забесьпячэньнем вытворчасьці. Працуе апэратарам — з кампутарамі, прафсаюзная актывістка.

У ранейшых інтэрвію спадарыня Марына тлумачыла, чаму зьвярнулася ў суд з пазовам: «Справа ў тым, што нам таксама трэба абараняцца. Нам таксама трэба жыць. Мы простыя людзі, і мы хочам працаваць. І мы хочам нармальна жыць, спакойна. Я лічу, што гэта ня мэтад — абвясьціць байкот нашым нафтапрадуктам».