Ці вам ня сорамна?

Чалавек, які знаходзіўся на пасадзе генэральнага пракурора падчас працэсаў над Саньнікавым, Бандарэнкам ды іншымі палітычнымі асуджанымі, даў на мінулым тыдні вельмі цікавае інтэрвію «Эўрарадыё». Гэтае інтэрвію шмат хто заўважыў ды крос-посьціў, аднак нават назвы крос-пастоў выяўлялі, што няшмат хто зразумеў усе кантэксты, прынцыповыя для разуменьня выступу Васілевіча.

На «Эўрарадыё» размова з Рыгорам Васілевічам – цяпер загадчыкам катэдры канстытуцыйнага права юрфаку БДУ, зьявілася пад загалоўкам «Сьмяротнае пакараньне можна адмяніць і без рэфэрэндуму». Пад такой самай назвай інтэрвію перадрукоўвалася, бо Васілевіч у ім сапраўды шмат гаварыў пра сьмяротнае пакараньне. Аднак калі б гэты мэдыйны выступ вычэрпваўся выключна такімі разважаньнямі, мы б ніколі не засяродзілі на ім увагі. Але быў у інтэрвію яшчэ адзін, так бы мовіць, «кагнітыўны пласт», значна больш цікавы.

1. Некалькімі днямі раней (10 красавіка, Васілевіч выступіў 12-га) былы палітвязень Аляксандар Фядута напісаў на «Свабодзе» допіс «Хлопчыкі для біцьця ў блакітным». Допіс – з цыклю калектыўных партрэтаў неўязных у ЭЗ асобаў. Гэтым разам Фядута засяродзіўся на пракурорах і, у прыватнасьці, на ролі Васілевіча. Мы ня будзем цытаваць усё – тыя, хто жадаюць, могуць пачытаць самі. Згадаем толькі пра адну дэталь: Фядута кажа, што ў сукупнасьці на свабодныя зносіны з адвакатам атрымаў 19 хвілін (!) часу. І гэта пры тым, што Васілевіч, паводле Фядуты, «на сваёй прэсавай канфэрэнцыі пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году (...) публічна абяцаў: усім затрыманым і арыштаваным будзе, у поўнай адпаведнасьці з Законам, дадзена магчымасьць карыстацца сваім канстытуцыйным правам на абарону».

Бачна, што ў Фядуты назапасілася вельмі шмат непрыемных пытаньняў да Васілевіча. І што частку з гэтых пытаньняў ён гатовы агучваць ужо сёньня, калі ў краіне, здаецца, амаль нічога не зьмянілася (адно што сам Васілевіч болей не генэральны пракурор). «Прыгадайце, як пасьля сыходу ў адстаўку Рыгора Васілевіча сутаргава распаўсюдзіліся чуткі: маўляў, прафэсар Васілевіч быў супраць гэткіх жорсткіх прысудаў, таму яго і адправілі ў адстаўку? - нагадвае Фядута. - Выбачайце! Адправіць у адстаўку чалавека, які ўзначальваў структуру, што пакорліва санкцыянавала ўсе тыя парушэньні Закону, пра якія я казаў, таму што ён пратэставаў супраць гэтых парушэньняў? Ня веру! І Эўрапейскі Зьвяз ня верыць. І правільна робіць. Бо і сам Рыгор Аляксеевіч наўрад ці верыць у такую вэрсію ўласнай адстаўкі. А вось у тое, што пакараньне за парушэньне закону непазьбежнае, ён павінен верыць. Дык няхай жа рана ці позна дасца і яму па веры яго».

2. Мне цяжка ўявіць, што думаў і як сябе адчуваў Васілевіч, калі чытаў гэтыя словы. Мне б зрабілася млосна. Але нельга выключаць, што былы генэральны пракурор допісу Фядуты наогул ня бачыў, хаця вельмі варта было б! Прэтэнзія Фядуты вось у чым: «Ведаў ён, што творыць і што робіцца. Добра ведаў. І ўсе астатнія пракуроры ведаюць». Калі казаць у тэрмінах літаратуразнаўства, «фокус нарацыі» Фядуты зьвернуты да будучыні. Ён апэлюе не да Васілевіча і нават не да нас з вамі. Ягоны чытач – той, хто яшчэ абавязкова зьвернецца да гэтай праблемы ды гэтых судоў празь некалькі гадоў.

Фядута канстатуе: «І сьпіс «хлопчыкаў для біцьця», апранутых сёньня ў велічныя блакітныя мундзіры, часьцяком з генэральскімі пагонамі на плячах, – хай гэты сьпіс застанецца ў Гісторыі. На ўсялякі выпадак».

Заўважым, што ён нідзе і нічым не пагражае: Фядута - цудоўны стыліст і добра ведае, як сфармуляваць думку так, каб яна гучала цяжка для вуха антыгероя ды пры гэтым была эмацыйна амаль нэўтральнай.

І вось праходзіць 2 дні, і інтэрвію Васілевіча зьяўляецца на Эўрарадыё. Фядута ў блогу задаецца пытаньнем, ці не было гэтае інтэрвію ініцыяванае самім героем, аднак нам гэта здаецца не прынцыповым. Ня важна, ці то журналіст Зьміцер Лукашук скантактаваўся з Васілевічам, прачытаўшы Фядуту, ці то Васілевіч адшукаў магчымасьць выказацца, даведаўшыся пра адзнакі ўласнай дзейнасьці, якія даў Фядута. Зноўку: нельга выключаць, што ані першы, ані другі пра блог-допіс Фядуты ня чулі. Аднак «супала» цікава!


3. Але і гэта не галоўнае. Галоўнае – вартае ня толькі загалоўка, але і адмысловай журналісцкай прэміі - пытаньне, якое задаў Лукашук Васілевічу, чалавеку, які, зноў падкрэсьлім, быў генпракурорам падчас паказальных працэсаў над кандыдатамі ў прэзыдэнты. «Эўрарадыё: Вам ня сорамна за тыя гады, якія вы адпрацавалі ў Генпракуратуры?» І Васілевіч адказвае: «Мне падаецца, тое, што можна было, я стараўся рабіць. Што я мог зрабіць, знаходзячыся ў той парадыгме адносінаў, якая была сфармаваная. Але гэта не азначае, што я задаволены. Хацелася б зрабіць больш. Я юрыдычны факультэт заканчваў для таго, каб вяршэнстваваў закон».

Учытаемся ў фармулёўкі – гэта так цікава, што адзін гэты абзац можна зрабіць аб'ектам дасьледаваньня ў навуковым артыкуле па палітычнай сэміётыцы!

Заўважым, што Васілевіч не дэманструе (фальшывага ці шчырага) неразуменьня пытаньня. Здавалася б, за што генэральнаму пракурору павінна быць сорамна? Бараніў закон, забясьпечваў выкананьне канстытуцыйных правоў. Аднак у той тэкставай вэрсіі, што трапіла на сайт Эўрарадыё, адразу пачынаецца адказ: «Мне падаецца...». У аўдыё (MP3-запіс, ёсьць на сайце), мы чуем удакладненьне: «ад якіх ... ад пракуратуры ці ў цэлым»? і карэспандэнт удакладняе: «ад пракуратуры». І тады пачынаецца - «у прынцыпе, вы ведаеце, мне падаецца ...» і г. д па тэксьце.

Няма крыўды, зьдзіўленьня, кшталту «што вы маеце на ўвазе? Растлумачце, чаму мне павінна быць сорамна!» Таму можна зрабіць выснову, што пытаньне было да месца, ох як да месца. І потым, гэтая фраза - «Што я мог зрабіць, знаходзячыся ў той парадыгме адносінаў, якая была сфармаваная». Як зразумець яе лёгіку, інтанацыю? Дарэчы, як зразумець саму яе пабудову? Якая «парадыгма адносінаў»? Пры чым тут наогул «адносіны»? Адносіны каго з кім? І – разам з тым – любы пільны чытач зь Беларусі цудоўна разумее, што мае на ўвазе Васілевіч. Разумее нутром, вельмі глыбока, і гэта яшчэ адна прычына таго, чаму гэтае інтэрвію і – нават ня так: інтэрвію ды папярэдні блог-допіс, трэба памятаць.

4. У фільме «Салярыс» Таркоўскага ёсьць такі момант, дзе героі ўсё ніяк ня могуць уцяміць, чаму да іх раз за разам вяртаюцца вобразы тых, каму яны некалі здрадзілі. Чаму аднаму зь іх зноў і зноў зьяўляецца жонка, што загінула некалі з-за недахопу любові ды пяшчоты, ці маленькі хлопчык, які ці то быў сынам, ці ня быў, і ўрэшце ўсё канчаецца самагубствам...

І вось адзін з герояў, голасам сумным ды разважлівым, як заўсёды ў Таркоўскага, кажа: «Гэта не вар'яцтва. Тут нешта з сумленьнем». Так і тут, у Беларусі, куды ні ткні, якую драму ні крані – усё нешта з сумленьнем. Добрыя людзі з чалавечымі тварамі (адзначым, што ў Васілевіча – у адрозьненьне ад некаторых папярэднікаў, што займалі пасаду генпракурора БССР яшчэ са сталінскіх часоў – сапраўды чалавечы твар; урэшце ўзьнікла ж вэрсія, што ў адстаўку ён пайшоў з-за таго, што не «забясьпечыў» крымінальнага перасьледу пачынальнікаў «рэвалюцыі праз сацыяльную сетку»), дык вось, гэтыя добрыя людзі робяць такое, што потым даводзіцца адказваць на пытаньне, ці ня сорамна ім. А сапраўды, ня сорамна? А?
І яшчэ адна цытата адтуль, з «Салярысу»: «Гібаран памёр не ад страху. Ён памёр ад сораму. Сорам – вось пачуцьцё, якое ўратуе чалавецтва».