Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопчыкі для біцьця ў блакітным


У старым фільме часоў майго дзяцінства «Скарбы рэспублікі» сярод культурных каштоўнасьцяў, выкрадзеных авантурыстамі з-пад носa савецкай улады, прыгадвалася карціна: Пінтурык'я. «Хлопчык у блакітным».

Насамрэч, у Пінтурык'я ёсьць іншая карціна – «Партрэт хлопчыка». Але там хлопчык у карычневым каптане. А вось «Партрэт хлопчыка ў блакітным» ёсьць у ангельца Томаса Гейнсбара. Таксама добрая карціна, хоць і больш позьняга пэрыяду.

Сапраўдны твор мастацтва адрозьніваецца тым, што ты глядзіш, скажам, на партрэт хлопчыка, хай будзе ён у блакітным або карычневым адзеньні, і дадумваеш яго лёс. Якім ён быў у дзяцінстве, і што зь ім там здарылася. Кім і якім чалавекам ён стане.

Думаючы над лёсамі людзей, якія атрымалі «чорную метку» ад Эўрапейскага Зьвязу, міжволі спрабуеш аднавіць карціну: а якімі яны былі да гэтай самай меткі? Вось, скажам, хлопчык добра вучыцца ў школе, паступае на юрыдычны факультэт унівэрсытэту, добра вучыцца і там. Наогул, нармальны спэцыяліст. Дзяржаўныя мовы не настолькі добра ведае, каб пісаць на іх без памылак, але збольшага – цалкам прыстойна вучыцца. Куды ісьці?

І вось ён ідзе працаваць, напрыклад, у пракуратуру. Ва ўнівэрсытэце яго вучылі: суровы закон, але гэта закон; Плятон вам сябар, але ісьціна даражэйшая – ды іншыя лацінскія формулы ўкладвалі ў яго юны мозг. І ўклалі ў рэшце рэшт, няхай нават камусьці ня ўкладваць, а ўдзёўбваць давялося. І верны служка Яго Вялікасьці Закону трапляе ў структуры, закліканыя назіраць за тым, наколькі законнымі зьяўляюцца дзеяньні ўсіх дзяржаўных органаў.

Не выключаю, што ён кіруецца выключна меркаваньнямі найвышэйшай справядлівасьці – гэта значыць, абсалютнай законнасьці. Ну, напрыклад, у яго бяруць санкцыю на арганізацыю праслухоўваньня той або іншай асобы. Частка асобаў – крымінальнікі, якія знаходзяцца ў вышуку. Гэта значыць, людзі, пра якіх вядома, што яны зрабілі альбо маюць намер зрабіць цяжкое злачынства – забойства, згвалтаваньне, рабаваньне і да т. п. І ён дае санкцыю не вагаючыся – асабліва, калі гаворка ідзе пра рэцыдывіста.

Але вось надыходзіць дзень, калі яму трэба даваць іншую санкцыю. Напрыклад, на праслухоўваньне адразу пяці штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты. Пры гэтым і дзейны кіраўнік дзяржавы, якi прызначыў на пасаду генэральнага пракурора і ўсіх яго намесьнікаў, узгадніў прызначэньне ўсіх пракурораў абласьцей і беларускай сталіцы, таксама ідзе на выбары ў якасьці аднаго з кандыдатаў. І ўзьнікаюць адразу два – як мінімум – пытаньні.

Першае: а якое злачынства зьбіраюцца зрабіць гэтыя пяцёра шаноўных джэнтэльмэнаў – калі вы даяце санкцыю на іх праслухоўваньне? І чаму праваахоўныя органы, пэўна – ну, раз яны просяць у вас гэтую санкцыю – ведаюць пра тое, што яны, пяцёрка гэтая, зьбіраюцца зрабіць крымінальнае злачынства (падкрэсьлім: крымінальнае, а не адміністрацыйнае!), ня робяць аніякіх дзеяньняў для таго, каб злачынства гэтае прадухіліць?

І другое: а ці ня будуць вынікі гэтага праслухоўваньня даступныя асобам, якія маюць дачыненьне да штабу таго кандыдата, які, уласна кажучы, і прызначыў усю верхавіну пракурорскай піраміды краіны?

Адзінае папярэджаньне, якое давалася генэральнай пракуратурай кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, тычылася іх закліку да грамадзянаў прыняць удзел у несанкцыянаваным мітынгу – гэта значыць, магчымага правапарушэньня, прадугледжанага Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях – а зусім не Крымінальным кодэксам. І праслухоўваньне тэлефонаў у гэты час было раўназначна таму, як калі б праслухоўвалі тэлефон грамадзяніна, які падазраецца ў гатовасьці мацюкнуцца або перайсьці дарогу ў неналежным месцы.

Але – санкцыя дзейнічала. Інакш матэрыялы гэтай праслушкі не фігуравалі б у крымінальных справах абвінавачаных «дзекабрыстаў».

І – ня толькі іх.

У справе, напрыклад, фігуравалі вынікі праслушкі тэлефона адной з амбасадаў, акрэдытаваных у Менску. Хоць праслухоўваньне перамоваў дыпляматычных супрацоўнікаў забаронена міжнароднымі пагадненьнямі. Але на судзе гаварылася нават, на якую арганізацыю аформлены нумар – гэта значыць, і тыя, хто прасіў санкцыі, і тыя, хто іх даваў – і пракурор, які абвяшчаў вынікі гэтай праслушкі ў судзе! – ведалі, што парушаюць міжнародныя абавязаньні, узятыя на сябе Рэспублікай Беларусь.

Стоп. Нешта ня так. Пракуратура ж закліканая не парушаць закон – у тым ліку прыроўненыя да іх міжнародныя пагадненьні, падпісаныя і ратыфікаваныя ўпаўнаважанымі органамі нашай краіны, – а абараняць іх! Калі я чагосьці не разумею – растлумачце мне!

Адначасова пракуратура закліканая сачыць за выкананьнем правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. У тым ліку – і тых, хто знаходзіцца ў СІЗА.

На сваёй прэсавай канфэрэнцыі пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году тагачасны генэральны пракурор Рэспублікі Беларусь, прафэсар, доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, былы старшыня Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь Рыгор Васілевіч публічна абяцаў: усім затрыманым і арыштаваным будзе, у поўнай адпаведнасьці з Законам, дадзена магчымасьць карыстацца сваім канстытуцыйным правам на абарону.

Гэтая заява была зроблена пасьля таго, як сваякі арыштаваных паднялі шум: адвакатам не даюць магчымасьці мець зносіны з падабароннымі свабодна, без прысутнасьці сьледчага. Хоць менавіта гэта і гарантуе Закон.

Генэральны пракурор абяцаў.

Вы думаеце, што кампэтэнтны і тытуляваны юрыст не разумее, пра што ідзе гаворка? Вельмі добра разумее.

Але аўтару гэтых радкоў далі на свабодныя зносіны з адвакатам у сукупнасьці 19 хвілін – 15 хвілін падчас першай сустрэчы, калі ні адвакат, ні я толкам ня ведалі, пра што ідзе гаворка, і адвакат магла толькі азнаёміць мяне з маімі правамі і абавязкамі. І была чатыроххвілінная кансультацыя напярэдадні вочнай стаўкі, калі я фактычна адмовіўся даваць паказаньні, і паўстала дылема – ці лічыць вочную стаўку ўдакладненьнем раней дадзеных паказаньняў, ці новымі паказаньнямі? І паколькі вочная стаўка магла сарвацца, а справа набліжалася да канца, гэтыя чатыры хвіліны мне далі.

Усё.

І гэта пры тым, што і я, і мая жонка, і мой адвакат пісалі лісты пракурорам ўсіх узроўняў. Уключаючы генэральнага пракурора.

Можна, вядома, сказаць, што пошта ў нас дрэнна працуе, і лісты не даходзяць. Але пасьля заяваў Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў СІЗА КДБ да мяне ў камэру зайшоў высокі госьць – намесьнік генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед (пазьней, у лісьце на імя прафэсара Васілевіча я пераблытаў прозьвішча сп. Шведа і назваў яго чэхам, але, думаю, ён ня надта на мяне пакрыўдзіўся – я ж яго ня «пятай калёнай» і не «адмарозкам», у рэшце рэшт, назваў). За сьпінай у яго маячыў назіральны пракурор з памятным прозьвішчам Пусташыла. Вось я ў твар сп. Шведу і сказаў: і што адваката да мяне не пускаюць, і што на лісты мае начальнік СІЗА адказвае празь месяц, а часам і пазьней.

Швед велічна кіўнуў і заявіў, што ўсе мае правы будуць выконвацца.

Але сустрэчы з адвакатам без удзелу сьледчага ў мяне так і не было.

Ці значыць гэта, што намесьнік генэральнага пракурора не распачаў аніякіх захадаў, каб забясьпечыць у поўнай меры рэалізацыю майго канстытуцыйнага права на абарону? Або, хаця б, выкананьне публічна дадзенага абяцаньня свайго непасрэднага начальства? Я ж не магу выказаць здагадку, што юрыст такога рангу ня ведае, якое патрабаваньне зьяўляецца законным, а якое не. Я магу толькі здагадвацца, што ні ён, ні назіральны пракурор Пусташыла ня могуць у рэальнасьці ўзьдзейнічаць на адміністрацыю СІЗА КДБ – хаця б таму, што зусім незадоўга да мяне з суседняй камэры сышла пад хатні арышт сьледчая па асабліва важных справах Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Сьвятлана Байкова, і ўсяго ўплыву генэральнага пракурора не хапіла для яе вызваленьня: адпусьцілі, бо, як я магу толькі здагадвацца, спатрэбіліся камэры для «палітычных». Дый адзін з тагачасных чыноў СІЗА сказаў мне:

- Пракурор? Ён заўтра можа апынуцца ў суседняй камэры.

Баюся, што гэта праўда. Бо дзяржаўныя служкі, якія патураюць парушэньням Закону, тым самым таксама парушаюць Закон. А таму, як выказаўся адзін ня ў меру гаваркі беларускі дзеяч, «зачыніць» іх можна ў любую хвіліну.

Таму пракуроры паслухмяныя і не задумваюцца нават пра элемэнтарную лёгіку.

20 лютага канчалася санкцыя на ўтрыманьне пад вартай фігурантаў «справы 19 сьнежня». Паколькі гэта была нядзеля, 18 лютага, у пятніцу, пракурор даў санкцыю на падаўжэньне ўтрыманьня ўсіх нас ў СІЗА яшчэ на тры месяцы. Я памятаю вельмі добра, таму што з гэтым зьвязана мая бессэнсоўная спроба абвясьціць «мэдыкамэнтозную галадоўку».

Дык вось, 18 лютага санкцыя забясьпечвала ўсім нам «працяг» роўна на тры месяцы. Але 19 лютага пад падпіску аб нявыезьдзе быў выпушчаны Алесь Міхалевіч, які быў у сьпісе асобаў, якім забясьпечваўся «працяг».

19 лютага была субота, выходны дзень, калі афіцыйныя сьледчыя дзеяньні не праводзяцца. Гэта азначае, што ў той самы дзень, калі была дадзена санкцыя на падаўжэньне арышту Алеся Міхалевіча, была дадзена і санкцыя на зьмяненьне яму меры стрыманьня.

У мяне няма прэтэнзій да Міхалевіча: дзякуй Богу, што для яго і ягоных блізкіх увесь гэты кашмар скончыўся раней, чым для астатніх. Але ў мяне ёсьць прэтэнзіі да пракуратуры. Таму што я ня веру, што той самы сьледчы спачатку хадайнічае ў пракурора пра падаўжэньне знаходжаньня пад вартай арыштанта NN, а потым – праз пяць хвілін?! – просіць аб зьмене таму самаму арыштанту меры стрыманьня. І калі пракурор не разумее, што яго, мякка кажучы, «выкарыстоўваюць», то не зразумела што наогул ён робіць на сваім працоўным месцы. Адразу ўспамінаецца зьдзіўлена-бездапаможны твар Алены Салавей у фільме «Рабыня каханьня», толькі замест фразы: «Панове, вы ж зьвяры ...» – хочацца сказаць: «Панове, вы ж клоўны ...»

Ці значыць гэта, што клоўн працуе на пасадзе пракурора высокага ўзроўню?

Баюся, што не. Баюся, што на гэтай пасадзе працуе ня блазан, а цынік. Прычым цынік, перакананы ва ўласнай беспакаранасьці. І ў тым, што ніколі і ніхто ня ўспомніць пра зробленую ім подласьць або пра дазволенае ім беззаконьне.

А вось Эўрапейскі Зьвяз памятае. На ўсіх «палітычных» працэсах сядзелі ў зале прадстаўнікі амбасадаў і строга фіксавалі тое, што адбывалася. І праваабаронцы беларускія фіксавалі. Так што, думаю, у выніку гэтых, кажучы пушкінскім словамі, «ума холодных наблюдений и сердца горестных замет», а таксама ў выніку дбайнага вывучэньня абгрунтаванасьці дачы санкцый высокімі службовымі асобамі на тыя ці іншыя працэсуальныя дзеяньні, і зьявіўся «чорны сьпіс» неўязных у ЭЗ «хлопчыкаў у блакітным».

Калі хлапчукі, якія прыйшлі з унівэрсытэцкай лавы ў пракуратуру, надзяваюць блакітныя мундзіры, яны, верагодна, адчуваюць павагу да інстытуцыі, у якую прыходзяць служыць. Не выключаю, што і Закон яны сапраўды шануюць.

Але вось прыходзіць час кампрамісу. Напрыклад: тут адзін прыдурак-апазыцыянэр усіх дастае – так міліцыянты або чэкісты знойдуць, за што яго схапіць, а ты дай санкцыю.

Апазыцыянэр? Прыдурак? Сапраўды – дастае. Рэальнай небясьпекі не ўяўляе, але на два гады пасадзіць можна. Малады хлопец, пасядзіць, нічога страшнага – розуму набярэцца.

Але «пацярпелыя» не сьпяшаюцца паказаць на судзе свой твар, сьведкі-міліцыянты зьбіваюцца ў паказаньнях. І адказнасьць бярэ на сябе пракурор. Яго твар відаць. Ён фактычна дае першасную экспэртызу матэрыялаў сьледзтва – ёсьць там насамрэч склад злачынства ці не, вялося сьледзтва законна ці не, ці ўсе правы падсуднага выконваліся... Пракурор мае поўнае законнае права адправіць справу на дасьледаваньне. Пракурор можа зьмяніць артыкул, па якім вынесенае абвінавачваньне. Ён мае права сам праводзіць сьледчыя дзеяньні. І, нарэшце, ён абавязаны спыняць парушэньне Закона, ад каго б яно ні зыходзіла.

Успомніце хоць адзін «палітычны» працэс.

Здаецца, усё той жа Андрэй Ягораў заўважыў, што ўсе судзьдзі на гэтых працэсах былі жанчынамі, а ўсе пракуроры – зусім маладымі мужчынамі, кар'ера якіх відавочна была наперадзе. Як яны сядзелі, чырванеючы, за сталамі і малявалі нешта на паперках у момант апошняга слова падсудных.

Успомніце легенду пра тое, як адзін з пракурораў нібыта падышоў ў прыбіральні да падсуднага экс-кандыдата ў прэзыдэнты, прызнаўся, што галасаваў за яго, але запатрабаваў той тэрмін, які абвінавачаны і атрымаў.

Успомніце, як пасьля сыходу ў адстаўку Рыгора Васілевіча сутаргава распаўсюдзіліся чуткі: маўляў, прафэсар Васілевіч быў супраць гэткіх жорсткіх прысудаў, таму яго і адправілі ў адстаўку? ..

Выбачайце!

Адправіць у адстаўку чалавека, які ўзначальваў структуру, якая пакорліва санкцыянавала ўсе тыя парушэньні Закона, пра якія я казаў, таму што ён пратэставаў супраць гэтых парушэньняў?

Ня веру!

І Эўрапейскі Зьвяз ня верыць.

І правільна робіць. Бо і сам Рыгор Аляксеевіч наўрад ці верыць у такую вэрсію ўласнай адстаўкі. А вось у тое, што пакараньне за парушэньне закона непазьбежнае, ён павінен верыць.

Дык няхай жа рана ці позна дасца і яму па веры яго.

Хоць бы таму, што ведаў ён, што творыць і што робіцца. Добра ведаў. І ўсе астатнія пракуроры ведаюць. І сьпіс «хлопчыкаў для біцьця», апранутых сёньня ў велічныя блакітныя мундзіры, часьцяком з генэральскімі пагонамі на плячах, – хай гэты сьпіс застанецца ў Гісторыі.

На ўсялякі выпадак.


Папярэднія публікацыі сэрыі «Партрэт на фоне мяжы»:

Чалавек з ідэямі наперавес і ўплывам


Чалавек у мантыі і з шорамі на вачах


Чалавек зь лічыльнікамі і паўнамоцтвамі


Чалавек з дубінкай і бяз твару


Неўязныя: карпаратыўны партрэт

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG