Адзін зь лідэраў дэмакратычнай партыі ў Сэнаце ЗША Рычард Дурбін раскрытыкаваў Міжнародную фэдэрацыю па хакеі і спонсараў чэмпіянату.
Сэнатар ад штату Ілінойс Рычард Дурбін, выступаючы ў Сэнаце ЗША, заклікаў да пераносу чэмпіянату сьвету па хакеі, а таксама заклікаў адмяніць сусьветны чэмпіянат па роварным спорце ў Беларусі і дзіцячы чэмпіянат па фігурным катаньні.
Рычард Дурбін паведаміў, што зьвярнуўся да карпарацыі Шкода з заклікам прыпыніць фінансаваньне чэмпіянату сьвету па хакеі, а таксама да кампаніяў Фольксвагэн, Найк і Рыбок. «Ці можна праводзіць такое відовішчнае мерапрыемства, як чэмпіянат сьвету, калі людзі, якія балятуюцца на прэзыдэнта, сядзяць у турмах і іх катуюць,» — задае пытаньне Рычард Дурбін.
Сэнатар параўнаў Беларусь зь Лібіяй, Эгіптам, Тунісам, Еменам і Сырыяй. Ён узгадаў імёны палітвязьняў Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саньнікава, Зьміцера Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца ды іншых.
Яшчэ ў красавіку летась сэнатар Дурбін пісаў, што «Беларусь трэба адхіліць ад правядзеньня чэмпіянату, калі Лукашэнка ня вызваліць усіх палітзьняволеных у краіне».