Магілёў: куды падзелася таннае малако?

У Магілёве людзі незадаволеныя, што з крамаў зьніклі танныя малочныя прадукты. Жыхары аднаго з раёнаў даслалі з гэтай нагоды ў аблвыканкам калектыўную скаргу, у якой патрабуюць павялічыць выраб недарагіх харчоў і забясьпечыць імі крамы.
Раён, жыхары якога наважылі падпісаць скаргу ў аблвыканкам, у Магілёве завецца «Новае Грышына». Тут некалькі крамаў. Найчасьцей па недарагую малочную прадукцыю туды ходзяць людзі сталага веку. Іх абурае, што такіх харчоў замала.

«Во прыйшла, а мне сказалі, што чарга вялікая была і ўсё расхапалі. Тварог танны быў, але яго таксама разабралі. Мала даюць. Па 2250 — аднапрацэнтны. Сама хацела ўзяць. 4450 для мяне дарагавата. Тым больш пяць тысяч, шэсьць тысяч», — наракае жыхарка раёну.

Некаторыя жыхары цікавіліся ў прадаўцоў: «Чаму няма танных малочных харчоў?» Як гэтая спадарыня:

«Сказалі, што зьнялі з вытворчасьці, таму й нічога ня будзе. Я думаю: «Нішто сабе патурбаваліся. Трэба сказаць ім дзякуй. Канечне, мы незадаволеныя. Мо ім нявыгадна, але ж мы, беларусы, прызвычаіліся, што ў нас усё больш-менш танна».

Ініцыяваў збор подпісаў жыхар раёну, бацька шматдзетнай сям’і Аляксей Паўлоўскі. Ён зазначае:

«Калі я пайшоў 9 сакавіка ў крамы, то загадчыцы заяўлялі, што гэтыя тавары больш пастаўляць ня будуць. Людзі былі абураныя. Мы патрабуем, каб нам улада выправіла сытуацыю й каб пакупніцкі попыт улічваўся. Каб прадавалі малако па даступных цэнах».

Тым часам у крамах запэўніваюць, што пастаўкі малочных харчоў па гэтак званых сацыяльных цэнах аднавіліся.

«Гэта ўчора была праблема ўва ўсім горадзе. Як тлумачыць „Бабулін гладыш“, для іх гэтае „сацыяльнае малако“ нявыгаднае. Кажуць, што ўва ўсіх абласьцях ужо малако за чатыры тысячы. У нас жа ведаеце як: ствараюць праблему, а потым яе вырашаюць», — паведаміла загадчыца адной з крамаў раёну.
Калі й надалей ня будзе выпраўленая сытуацыя з адпускнымі цэнамі, то праз два-тры месяцы мы папросту збанкрутуем.

«Сацыяльныя цэны» — асаблівы гонар абласной вэртыкалі. Вытворцы малочнай прадукцыі не хаваюць, што праз такія цэны церпяць значныя страты. Дзяржава гэтыя страты не кампэнсуе.

«Даць у гандлёвую сетку ўсё „сацыяльнае малако“, то бок таннае, мы ня можам з гледзішча эканомікі. Мы ўжо сёньня працуем сабе на страту. Калі й надалей ня будзе выпраўленая сытуацыя з адпускнымі цэнамі, то праз два-тры месяцы мы папросту збанкрутуем», — камэнтуе сытуацыю супрацоўніца асіповіцкага малочнага камбінату.

«Сацыяльныя цэны» распаўсюджваюцца ня толькі на малочную групу тавараў, але й на хлеб. Такое малако й хлеб разьбіраюць імгненна. Адкрыцьця крамаў людзі чакаюць у чэргах.

Your browser doesn’t support HTML5

Разбор таннага хлебу ў Магілёве