Пісьменьнікі камэнтуюць вынікі прэміі імя Ежы Гедройца.
Артур Клінаў: «Народ прагаласаваў за «Шалом»
«Вынікі для мяне і чаканыя, і трохі нечаканыя. Я думаў, што першую прэмію дадуць Лукашуку. Я рады за Паўла (рэд. — Касьцюкевіча). Але што тычыцца «Шалому», то я вельмі задаволены тым, што народ прагаласаваў за «Шалом» у інтэрнэце, прычым зь вялікай перавагай. Народ прагаласаваў за «Шалом», а крытыкі — за сёньняшніх намінантаў. Але мой прынцып — пісаць кніжкі для народу, а не для крытыкаў.
На першае месца я не спадзяваўся, бо «Шалом» па пэўных патрабаваньнях паліткарэктнасьці не праходзіў. Адзінае, што мяне цікавіла, другое месца — публікацыя ў Польшчы. Але спачатку была размова, што ў гэтым будзе ўдзельнічаць выдавецтва Czarne, якое мяне б асабіста вельмі цікавіла. Але яно чамусьці ў апошні момант выйшла з гульні. Таму нават калі б я і выйграў гэтае месца, то давялося б адмаўляцца. Бо на сёньня вядуцца перамовы з «Зуркампф» — нямецкім выдавецтвам. І калі ўсё скончыцца пасьпяхова, то правы на кніжку і яе перспэктывы ў Эўропе будуць залежаць ад іх. Наўрад ці б «Зуркампф» пагадзілася б на выданьне кнігі ў Польшчы ў такім трохі «нішавым» выдавецтве».
Раман Артура Клінава «Шалом» увайшоў у шорт-ліст прэміі імя Ежы Гедройца. Падчас цырымоніі ўручэньня прэміі Артур Клінаў заявіў, што «Шалом» будзе экранізаваны Андрэем Кудзіненкам.
Адам Глёбус: «Я б даў Лукашуку»
Антон Кашлікаў: «Застаецца стварыць камісію на чале з Чаргінцом»
Журналіст і пісьменьнік Антон Кашлікаў: «Гэтая прэмія паказала, што ў Беларусі ўсё, што ня робіцца, у выніку атрымліваецца „Эўрафэст“ і Алёна Ланская. Нават калі падумаць, што ўсе сябры журы галасавалі шчыра, сумленна і па поклічы сэрца, вельмі бянтэжыць, што перамог менавіта Касьцюкевіч. Бо ўсё ж такі людзі ўзроўню Бахарэвіча, Лукашука, Клінава, напэўна, былі больш вартыя гэтай прэміі.Таму трэба адразу разумець, што Касьцюкевіч — гэта цяпер твар нашага белліту, раз ён быў уганараваны самай гучнай прэміяй у гісторыі нашай літаратуры. Што далей? Мне здаецца, што далей трэба прэмію Гедройца праводзіць штогод і штогод даваць яе Касцьюкевічу. Гэта будзе вельмі па-беларуску.
Я абсалютна ўпэўнены, што ўсё было шчыра і празрыста. Што Касьцюкевіча выбралі паважаныя Акудовіч, Арлоў і іншыя сябры журы. Я ў гэтым упэўнены, але асадак застаўся нейкі ад гэтай навіны. І мне здаецца, што зараз застаецца стварыць камісію на чале з Чаргінцом і правесьці дадатковае расьсьледаваньне , каб канчаткова паставіць усе кропкі над „і“».
Бураўкін: Як размяркоўвалі месцы ў прэміі, хай тлумачыць журы
Барыс Пятровіч: «Не было відавочнага фаварыта»
«Думаю, што ўсе, хто камэнтуюць вынікі, ужываюць адно слова „нечаканая“. Бо сапраўды не было відавочнага фаварыта. Усе шасьцёра былі дастойныя. Калі назвалі трэцяе месца, пасьля другое, то было адчуваньне, што на першае месца мог прэтэндаваць кожны з тых чатырох, хто застаўся.
Мне падалося, што ў залі не было расчараваных. Усе гэтае рашэньне прынялі як вельмі годнае і вельмі праўдзівае.
Мы распрацавалі сыстэму, якая задавальняла ўсіх. Яна кожнаму дазваляла выказацца спакойна і аб’ектыўна. Таму вялікіх спрэчак не было, калі датычылася першых нумароў. Але калі на месца ў шасьцёрку прэтэндавала два ці тры аўтары, то даводзілася перагаласоўваць. І прымаць вынікі такімі, якімі яны ўрэшце рэшт і ёсьць».