«Набыцьця акцыяў Velcom шмат хто з акцыянэраў Telekom не разумеў ад пачатку»

Праблему шматмільённых стратаў, якія на беларускім рынку панесла ад валютнага крызісу і трохразовай дэвальвацыі нацыянальнай валюты кампанія Telekom Austria, наўрад ці можна будзе вырашыць хутка, піша аўстрыйскае выданьне Oberösterreichische Nachrichten.
Выданьне падкрэсьлівае, што яшчэ ў 2007 годзе многія акцыянэры Telekom выказвалі неразуменьне ў сувязі з тым, што аўстрыйцы набылі акцыі беларускага апэратара сотавай сувязі Velcom. Гэта ня ўпісвалася ў канцэпцыю Telekom ні геаграфічна, ні стратэгічна.

Ініцыятарам угоды стаў тагачасны аўстрыйскі віцэ-канцлер Губэрт Горбах. Першыя перамовы адносна магчымага ўдзелу Telekom Austria ў беларускім тэндэры сярод апэратараў мабільнай сувязі ён правёў яшчэ ў 2004 годзе ў Вене з тагачасным беларускім прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Гэта адбылося неўзабаве пасьля адпачынку беларускага прэзыдэнта са сьвітаю ў аўстрыйскіх Альпах.

Як пішуць аўстрыйскія СМІ, згодна зь фінансавай справаздачай кампаніі, мільённыя страты, якія панёс канцэрн, зьвязаныя збольшага зь ягоным бізнэсам у Беларусі.

У прыватнасьці, прыбыткі Velcom паводле вынікаў 2011 году скараціліся на 24,06% , то бок да 260,9 мільёна эўра — а пазалетась было 343,6 мільёна. Прыбытак да падаткаабкладаньня скараціўся ў параўнаньні з 2010 годам на 31,5% — з 155,6 мільёна да 106,6 мільёна. Аднак, кіруючыся палажэньнямі аб гіпэрінфляцыі зь «Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці», даччынай фірме Telekom Austria ўдалося з улікам дэвальвацыі сьпісаць 279 мільёнаў эўра і скончыць год з меншымі стратамі.

Паводле аглядальнікаў, гэта ўжо другі за гісторыю Velcom выпадак пераацэнкі апэратара: паводле вынікаў III кварталу 2009 году Telekom Austria сьпісала 290 мільёнаў эўра.