Гарадзенская турма. Частка 2


ГАРАДЗЕНСКАЯ ТУРМА. ЧАСТКА 1

Пра сядзельцаў


Паводле апублікаваных зьвестак, пры ліміце напоўненасьці турмы ў 810 чалавек сёньня ў гарадзенскай турме — тысяча сядзельцаў (400 у «крытцы» і 600 у СІЗА). Тыя з гарадзенцаў, якім давялося пабываць тут на экскурсіі, лічаць, што 1000 — гэта лічба заніжаная. Сама меней тут паўтары тысячы вязьняў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, апошнім часам арыштанты «адзінкі» істотна памаладзелі. Сярэдні ўзрост тыповага зьняволенага — ад 18 да 35 гадоў.

Характар злачынстваў — самы розны. Ад жорсткіх забойстваў і рабункаў да крадзяжу паўмеха бульбы ў калгасе.

Сярод арыштантаў ёсьць і свае вэтэраны. Шмат хто з ЗК раскажа пра сядзельца, чый агульны стаж адседкі складаў больш за 50 гадоў: упершыню «загрымеўшы па малалетцы», ён правёў на волі ўсяго два гады. Колішні «крытнік» Ігар М. ведае чалавека, які праседзеў у Горадні нон-стоп 15 гадоў, хоць фармальна максымальны тэрмін знаходжаньня на турэмным рэжыме (за выключэньнем пажыцьцёвага пакараньня) — 3 гады.

«Нядаўна гэты хлопец вызваліўся. А дагэтуль кожныя тры гады яму прызначалі суд і зноў працягвалі пакараньне. Дацягнулі да 15 гадоў. Яшчэ доўгатэрмінова сядзяць тыя, хто не разьлічыўся з крэдыторамі або прайграўся ў карты. У калёніі іх хаваюць у ШЫЗА, а потым рашэньнем суду пераводзяць у „крытку“ і ўжо хаваюць там. Гэты кантынгент і робіць на прамзоне. Там розныя цэхі ёсьць. Раней рабілі труны. Цяпер розныя драўляныя рэчы. Усяго камэр дзесяць з усёй турмы працуюць».

Пра што пішуць арыштанты і турэмнікі


Улюбёны занятак большасьці арыштантаў — гэта пісаць. Пішуць лісты, скаргі, дзёньнікі, паэмы, песьні... Вядома, што адзін зь вязьняў стварае баляду пра Давыда Гарадзенскага — дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага.

Палітвязень Мікалай Аўтуховіч да пераводу ў Гарадзенскую турму з Івацэвічаў прасіў даслаць яму больш канвэртаў ды паперы, каб ня толькі весьці ліставаньне, але і працягваць свае турэмныя дзёньнікі, якія распачаў на «Валадарцы».

Мікалай Аўтуховіч

«Усё, што тут творыцца, я фіксую, таму што сваволі на гэтым баку, на дне цывілізаванага жыцьця, вельмі шмат. Тут шмат людзей, якія сядзяць ні за што... Службоўцы разумеюць, што ўлада, якая дае на ўсё гэта дазвол, ня вечная. Калі кожны, хто зазнаў катаваньні, раскажа пра гэта, то нядоўга такім чыноўнікам хадзіць на свабодзе...Час усё зьменіць, і я выкладу мноства фактаў, калі яны, вядома, мяне не заб’юць», заўважыў Аўтуховіч некалькі месяцаў таму ў размове са «Свабодай» .

Гарадзенскай турме прысьвечаныя і кнігі. Пра сваё ўтрыманьне ў мясцовым СІЗА падрабязна распавёў у «Выпадковым прэзыдэнце» Павал Шарамет. Аўтарам яшчэ аднаго астрожнага жыцьцяпісу, «За турэмнай сьцяной», стаў загадчык мясцовай бібліятэкі, якая, дарэчы, дзейнічае ў вязьніцы ад 1880 году, Вячаслаў Лісіцын. Шмат месца ў кнізе адведзена сядзельцам турмы, а таксама перавыхаваньню крымінальных «аўтарытэтаў».

Ігар М., які азнаёміўся з творам Лісіцына, гатовы палемізаваць з аўтарам.

«Нікога ніколі ў жыцьці са злодзеяў у законе там не ламалі, дый не маглі зламаць. Не было такога ў гісторыі Беларусі. У Расеі — было, на Ўрале ва ўстанове „Белый лебедь“ было такое. Аднак ня ў нас».

Палітвязьня і журналіста польскай «Газэты выборчай» Андрэя Пачобута, які тры месяцы, як ішло сьледзтва, праседзеў за кратамі СІЗА, цікавілі тыя старонкі гісторыі гарадзенскага астрогу, якія тычыліся масавых расстрэлаў вязьняў супрацоўнікамі НКВД у першыя дні савецка-нямецкай вайны, у чэрвені 1941-га.

Андрэй Пачобут

«Я, дарэчы, там сядзеў, калі была сямідзясятая гадавіна тых падзеяў, — расказвае журналіст. — Калі я распавядаў гэтую гісторыю ў турме, гэта на ўсіх рабіла ўражаньне. Таму што кожны сабе ўяўляў, як гэта: мы сядзім — крокі аховы, адчыняюцца дзьверы... І ў наступнай камэры сядзіць чалавек і чакае, як расчыняць дзьверы і пачнуць па ім страляць з аўтаматаў. Гэтая гісторыя стала гітом, мяне прасілі потым яе распавесьці яшчэ, калі новыя людзі прыходзілі».

Пра містыку


Як лічыць былы «крытнік» Ігар М., калі абстрагавацца ад таго, у якой установе ты апынуўся, то адчуваньне, што трапіў у даўніну.

Па-першае, «вельмі прыгожая архітэктура. Там камэры, дзе раней былі кельлі. На прагулку ў дворык ідзеш праз турэмную вежу, па крутой лесьвіцы. Па-другое, здараюцца тут і містычныя выпадкі. Ва ўсялякім разе, тыя, хто ня верыў у Бога ці іншыя вышэйшыя сілы, прынамсі на нейкі час пачыналі сумнявацца, ці сапраўды іх няма.

Ігар называе сябе веруючым, але нецаркоўным чалавекам. Хоць і ёсьць у турме царкоўна-касьцельны пакой, асьвечаны праваслаўным і каталіцкім сьвятарамі. На сьценах тут вісяць праваслаўныя і каталіцкія абразы, некаторыя перададзеныя сюды мытнікамі і маюць мастацкую і гістарычную каштоўнасьць.

Былы вязень узгадвае, як напярэдадні каталіцкіх ды праваслаўных Калядаў ды Вялікадня ў вязьніцы прыяжджалі прадстаўнікі гэтых цэркваў. Праваслаўныя раздавалі арыштантам іконы, а ад каталікоў рэгулярна прыходзіў аўтобус з кулічамі ды яйкамі:

Уся камэра замерла — глядзім, а ў гэты час ікона адрываецца і пачынае павольна падаць на падлогу

«Ксёндз хадзіў па камэрах... Яшчэ памятаю: мы ішлі на шпацыр, а ён зьявіўся ў турэмным двары. Хтосьці сказаў: „Добрай раніцы, сьвяты ойча“, а той у адказ працягнуў яму руку. Як старому знаёмаму сказаў: „Прывітаньне“, ды яшчэ па імені зьвярнуўся. Гэта было ўсё ў прысутнасьці кантралёра, і той, для каго мы былі быдлам, аж скрывіўся ад злосьці».

Напярэдадні Вялікадня ў 2004 Ігар з сукамэрнікамі прымацавалі скотчам да дзьвярэй папяровую праваслаўную ікону. Здаецца, моцна. А потым неяк глядзелі тэлевізар — паказвалі жывы рэпартаж зь Беслану, падчас штурму школы. Розныя БТР, вайскоўцы.

«Уся камэра замерла — глядзім, а ў гэты час ікона адрываецца і пачынае павольна падаць на падлогу. Мы тады зьдзівіліся таму супадзеньню. А потым празь нейкі час з навінаў даведваемся, што тады загінулі некалькі сотняў дзяцей», — узгадвае Ігар.

Пасьля таго сядзельцы стараліся прыклейваць іконы як мага больш трывала.


Праз тыдзень чытайце пра калёнію "Віцьба-3", дзе сядзіць палітвязень экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў

***


З прычыны закрытасьці беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы нашы зьвесткі пра папраўчую ўстанову, на жаль, ня могуць быць поўнымі. Вельмі разьлічваем на інфармацыю наведнікаў сайту, якія або самі адбывалі пакараньне, або маюць сваякоў ды блізкіх сярод асуджаных. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны. Вы можаце дадаць сваю інфармацыю ў камэнтарах да гэтага артыкулу.


МАГІЛЁЎСКАЯ "ЧАЦЬВЁРКА"