На «Граніце» звальняюць жонак актывістаў прафсаюзу

На мікашэвіцкім прадпрыемстве па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» звольнілі жонак двух актывістаў незалежнага прафсаюзу.
Як апавёў сакратар прафсаюзу Анатоль Літвінка, ягоную жонку звольнілі, не прапанаваўшы ніякай іншай пасады. Спадарыня Людміла працавала машыністкай канцылярыі на замене дэкрэтнага адпачынку:

«Яны непасрэдна на нас ужо ня ціснуць, а ціснуць праз сваякоў. Пры гэтым шукаюць такія хады, каб нельга было зачапіцца юрыдычна. Мая жонка працавала на замяшчэньні дэкрэтнага адпачынку. Тая дзяўчына, якую яна падмяняла, яшчэ павінна была больш за два гады быць у дэкрэце. Аднак атрымалася так, што яна выйшла з дэкрэтнага адпачынку. І, як мы даведаліся, гэта яе проста папрасілі выйсьці, каб звольніць маю жонку. Такім чынам яны хочуць націснуць на мяне».

Анатоль кажа, што звычайна ў падобных сытуацыях чалавеку прапануюць іншую пасаду, аднак ягонай жонцы Людміле ніякіх варыянтаў не знайшлі:

«У нас паводле практыкі было так на прадпрыемстве: калі ўжо чалавек працуе на замене дэкрэтнага адпачынку, для яго зараней ужо шукаюць іншую пасаду, але пакідаюць працаваць. Але з маёй жонкай вось так абышліся, бо яўна замова была. Так, фармальна атрымліваецца ўсё правільна. Аднак нядаўна ў мяне адбылася размова з начальнікам структурнага падразьдзяленьня, дзе мне зрабілі намёк наконт працы маёй жонкі».

Падобная сытуацыя здарылася і з жонкай іншага прафсаюзнага актывіста. Жонку рабочага «Граніту» Мікалая, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, звольнілі з пасады вартаўніка, дзе яна таксама працавала на падмене дэкрэтнага адпачынку.
…гэтыя актывісты дзесяцігодзьдзямі разам зь сем’ямі ня змогуць уладкавацца больш на «Граніт».

Мікалай кажа, што ёй таксама не прапанавалі іншай працы. Актывіст перакананы, што гэта — такі спосаб ціску на яго за ўдзел у незалежным прафсаюзе:

«Як сказаў начальнік драбільна-сартавальнага заводу Сяргей Міхайлаў, гэтыя актывісты дзесяцігодзьдзямі разам зь сем’ямі ня змогуць уладкавацца больш на „Граніт“. Маўляў, дзясятае пакаленьне іх на завод не ўладкуецца. Гэта непасрэдна на планёрцы ім былі сказаныя такія словы ў прысутнасьці многіх людзей».

Пры канцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам працаўнікі выказалі пратэст супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў, пагардлівага стаўленьня з боку адміністрацыі і бязьдзеяньня афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя правялі ўстаноўчы сход суполкі незалежнага прафсаюзу і цяпер дабіваюцца рэгістрацыі гэтай суполкі.