Кніга Уладзімера Арлова «Імёны Свабоды» з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла ў сьвет у 2007 годзе. Цяпер зьявіўся яе гукавы варыянт — аўдыёкніга ў выкананьні аўтара. Кніга дапоўненыя новымі разьдзеламі, якія мы зьмяшчаем на нашым сайце.
20.9.1943, в. Нівы, цяпер Бярозаўскі раён — 19.12.2008, Белаазёрск.
Пахаваная ў Белаазёрску
Мой нататнік з тэлефонамі ды адрасамі сяброў і знаёмых пачынаецца з эпіграфу — верша Ніны Мацяш:
Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсьць патоля:
Намарозіць радня па крыві...
Адагрэе радня па долі.
Сэрца — зашмаргай... Перарві.
Ёсьць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.
Праўду гэту — як ёсьць — прыві
Да сьцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бясьсьмертна, радня па духу!
У дзяцінстве Ніна была, на першы погляд, звычайнай дзяўчынкай. Ну, можа, крыху больш засяроджанай, чым раўналеткі. Заглыбленай у сябе. Відаць, душа ўжо прадчувала хваробу, што таілася ў генах.
Сямнаццацігадовая вясковая дзяўчына перажыла сапраўднае шчасьце, даведаўшыся, што залічаная на францускі факультэт Менскага інстытуту замежных моваў. Але зусім хутка, яшчэ на першым курсе, грымнула бяда... У інстытут Ніна вярнулася толькі праз чатыры гады, за шэсьць сэмэстраў здаўшы экзамэны й залікі экстэрнам. Атрымаўшы дыплём, выдатна ведала францускую й нямецкую. Ангельскую й польскую вывучыла самастойна.
Невылечная хвароба на ўсё астатняе жыцьцё прыкула Ніну да інваліднага вазка. Але яна не зламалася, не пусьціла ў душу ні роспачы, ні злосьці, ні паняверкі. Успрыняла гэты выклік лёсу нават не як свой крыж, а як адзначанасьць, абранасьць Богам.
Ніна Мацяш зьдзейсьнілася як асоба і зрабіла гэта ў некалькіх сваіх іпастасях-увасабленьнях.
Яна ўзьнялася ў шэраг нашых выдатных паэтак, атрымаўшы высокія літаратурныя ўзнагароды і галоўную зь іх — чытацкую любоў. У мяне шмат прэтэнзіяў да біябібліяграфічнага слоўніка "Беларускія пісьменьнікі", але з ацэнкаю паэтычнай творчасьці Мацяш я гатовы пагадзіцца: "У лірычнай споведзі паэтэсы спалучаныя мудрая філязофская разважлівасьць, дасьціпнасьць, назіральнасьць і рамантычная мэтаімкнёнасьць, веданьне сусьветнай культуры і нацыянальнага багацьця…"
Яна зрабілася прызнанай перакладчыцай, пераўвасобіўшы па-беларуску паэзію нобэлеўскай ляўрэаткі Віславы Шымборскай, "Маленькага прынца" Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры, паэтаў францускай "Плеяды", творы сучасных нямецкіх, бэльгійскіх, украінскіх пісьменьнікаў. За пераклады нашых паўднёвых суседзяў Ніна была ўганараваная міжнароднай прэміяй імя Рыгора Скаварады.
Яна таленавіта пісала для малых чытачоў — п’есы і казкі. Адна зь іх — "Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя" — натхніла маладога Ўладзімера Савіча, сёньня прызнанага мэтра нашай графікі, на ілюстрацыі, якія мастацтвазнаўцы лічаць клясыкай кніжнага афармленьня.
Яна зь дзяцінства марыла падарожнічаць, каб пабачыць сьвет. І, хоць камусьці гэта можа здавацца парадаксальным (у нас нават у Менску інвалід у вазку не заўсёды знойдзе патрэбны пандус, ня кажучы ўжо пра ліфты), зьдзейсьнілася і ў іпастасі вандроўніцы. Памятаю, як сьвяціліся яе вочы, калі мы прыехалі на літаратурныя чытаньні ў Нямеччыну і Ніна, прыслухаўшыся да мовы на вуліцах, адчула, што ўсё разумее, а назаўтра загаварыла з гаспадарамі сама. Тое ж здарылася і ў Парыжы, куды з свайго дому ў нямецкай Гоце прывёз улюбёную паэтку ейны даўні сябар-беларус Зьміцер Ярашэўскі.
Ніну Мацяш называюць грамадзкай дзяячкай. Я ня згодны. Яна дасягнула невымерна большага — зрабілася бясспрэчным маральным аўтарытэтам краіны. Пры ўсёй розьніцы лёсаў я паставіў бы яе ў адзін шэраг з Ларысай Геніюш. Да спадарыні Ларысы мы езьдзілі па духоўную падтрымку ў 1970-я. Да Ніны знаёмыя і зусім незнаёмыя людзі ехалі ў наш час. У ейнай гасьціннай кватэры няраз бываў адзін з колішніх кіраўнікоў "Маладога фронту" Сяржук Бахун. Памятаю, як да Ніны, каб проста ўбачыць яе, жывую легенду, заявіліся берасьцейскія студэнты-гісторыкі... Я асабіста ведаю дзясяткі людзей, якія сталі беларусамі дзякуючы Ніне. А іх былі сотні, а мо і тысячы.
Ці трэба казаць, як Ніна Мацяш ставілася да цяперашняй улады? Афіцыйныя сымбалі, зацьверджаныя пасьля рэфэрэндуму 1995 году, Ніна публічна называла "сымболікай часовага ўраду". Калі недзе "наверсе" яе выкрасьлілі са сьпісаў кандыдатаў на Дзяржаўную прэмію, я адразу падумаў, што Ніна ўсё роўна адмовілася б прыняць узнагароду ад рэжыму, які пагарджае нацыянальнымі каштоўнасьцямі і найперш самай сьвятой зь іх — мовай.
Але яна не замыкалася ў коле аднадумцаў. Калі гэта ня тычылася яе асабіста, Ніна, адстойваючы праўду і здаровы сэнс, грукалася і ўва ўладныя кабінэты. Колькі гадоў таму абласная берасьцейская вэртыкаль заснавала літаратурную прэмію імя Ўладзімера Калесьніка, але толькі для сяброў чаргінцоўскага пісьменьніцкага саюзу. У выніку рэзкага, але бліскуча абгрунтаванага звароту Ніны Мацяш (на той час калегі-мужчыны пераклалі на яе моцныя плечы кіраўніцтва абласной арганізацыяй Саюзу беларускіх пісьменьнікаў), адрасаванага галоўнаму абласному вэртыкальшчыку, прыватызаваць імя вядомага літаратара і пэдагога не ўдалося. Літаратары-берасьцейцы атрымліваюць цяпер гэтую ўзнагароду незалежна ад сваёй "партыйнай" прыналежнасьці.
Прэмія імя Ўладзімера Калесьніка, вельмі дарагога ёй чалавека, была прысуджаная і самой Ніне Мацяш. Пасьмяротна.
Яна ўжо не пасьпела пакарміць мяне сваёй неверагодна смачнай гарбузовай кашай, як абяцала падчас апошняй сустрэчы.
Калі скончылася дзяцінства, я рэдка плакаў, але, пачуўшы горкую навіну пра Нінін сыход, ня здолеў стрымаць сьлёз.
Наша мудрая пісьменьніца і крытык Альбіна Сямёнава ў тыя дні назвала Мацяш чалавекам эўрапейскага кшталту, асобаю зь ліку абраньнікаў Божых, якія жывуць у рытме гэтага абраньніцтва. Сапраўды, за два дні да адыходу Ніна яшчэ выступала перад чытачамі.
Тады згадваліся й словы сьветлай памяці Янкі Брыля, які аднойчы, гаворачы пра беларускіх паэтак — Натальлю Арсеньневу, Ларысу Геніюш і Ніну Мацяш — на першае месца паставіў менавіта Ніну.
Паўнюткую залю Палаца культуры зьбіраюць у Белаазёрску прысьвечаныя Ніне Мацяш літаратурныя чытаньні, якія ладзяць ейныя паплечніцы й сяброўкі — настаўніца Галіна Скарына, выкладчыцы Берасьцейскага ўнівэрсытэту Сьвятлана Варонік і Марыя Новік, дырэктарка гарадзкой бібліятэкі Тамара Кузьняцова. Бібліятэка, дарэчы, ужо названая імем паэткі. Калі-небудзь тое ж здарыцца і з вуліцай, на якой яна жыла.
Пасьля маёй апэрацыі на сэрцы Ніна адной зь першых дацягнулася слабенькай рукой да тэлефону, каб пазваніць мне ў рэанімацыю. Ёй ужо не дазвонісься, але яе голас працягвае гучаць у нашым беларускім космасе.
Зьвініць яе радок-запавет: "Аддавайся жыцьцю сьветланосна!"
Імёны Свабоды: Вячаслаў Дубінка
Імёны Свабоды: Кастусь Акула
Калі вы хочаце атрымаць дыск, прышліце заяўку з паштовым адрасам на svaboda@rferl.org