«Граніт»: Алег Стахаевіч абскарджвае пазбаўленьне правоў

Кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на мікашэвіцкім «Граніце» Алег Стахаевіч праз Лунінецкую ДАІ апратэстоўвае пазбаўленьне правоў кіроўцы.
Ён спадзяецца, што суд адменіць гэтае рашэньне. Алег Стахаевіч перакананы, што віны ў ягоных дзеяньнях няма, і зьвязвае сытуацыю з сваёй актыўнай дзейнасьцю ў незалежным прафсаюзе:

«Гэта проста новыя формы ціску такія. Калі нас не запалохалі тыя калектыўныя і індывідуальныя гутаркі, то вырашылі працаваць з кожным індывідуальна. Але гэта вельмі груба, і ўсім зразумела, што тут да чаго. Раптам пачалі правілы дарожнага руху парушаць або іспыты па энэргабясьпецы не здаваць».

Спадар Стахаевіч дадаў, што значную юрыдычную дапамогу ў падрыхтоўцы скаргі аказала кіраўніцтва незалежнага прафсаюзу гарнякоў з Салігорску.

Пазбаўленьне правоў кіроўцы пагражае Алегу Стахаевічу звальненьнем, бо ён працуе кіроўцам самазвалу. Пакуль спадар працуе з часовым пасьведчаньнем кіроўцы, якое ў Лунінецкім ДАІ яму выдалі тэрмінам на месяц.

Алега Стахаевіча пазбавіў правоў на паўгода начальнік Лунінецкай ДАІ Сяргей Канапацкі быццам бы за тое, што ён не прапусьціў старую на пешаходным пераходзе і стварыў аварыйную сытуацыю.

Прыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам працаўнікі выказалі пратэст супраць нізкіх, на іх думку, заробкаў, пагардлівых адносінаў адміністрацыі і бязьдзеяньня афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя правялі ўстаноўчы сход суполкі незалежнага прафсаюзу, кіраўніком якой і быў абраны Алег Стахаевіч. Цяпер працоўныя дабіваюцца рэгістрацыі суполкі незалежнага прафсаюзу.