Залатая дзясятка кніг 2011 году. Чэслаў Мілаш. Збор твораў у 4-х тамах

Чэслаў Мілаш

Мы працягваем распавядаць пра кнігі, якія паводле меркаваньня дваццаці двух экспэртаў нашага радыё склалі Залатую дзясятку-2011. Ужо былі прадстаўленыя зборнік казак Сержука Вітушкі «Дзінь-дзілінь», энцыкляпэдыя «Максім Багдановіч», том выбраных твораў Эдгара По «Маска чырвонае сьмерці», пераствораных па-беларуску, раман Уладзіслава Ахроменкі «Тэорыя змовы», том выбранага Вінцука Адважнага і дакумэнтальная кніга Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька. Освальд у Менску».

Гэтым разам прадстаўляем чатырохтомнік Чэслава Мілаша ў беларускім перакладзе. У залатой дзясятцы ён займае чацьвертае месца.

Чэслаў Мілаш нарадзіўся ў 1911 годзе на беларуска-літоўска-польскім памежжы. У 1951-м эміграваў з сацыялістычнай Польшчы на Захад, а адтуль у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Адзін з найвялікшых польскіх паэтаў, які ў 1980-м атрымаў літаратурнага Нобэля. Па-беларуску да гэтага чатырохтомніка ў 2000-м пабачыла сьвет ягоная кніга «Скуты розум», а ў 2006-м — том выбраных вершаў «Іншага канца сьвету ня будзе».

Леташні чатырохтомнік складаюць раман «Даліна Ісы», дзьве кнігі эсэістыкі — «Родная Эўропа» і «Зямля Ульра» — ды том выбраных вершаў «Выратаваньне». Мастацкая аздоба ды выдавецкі дызайн (у чым несумненная заслуга выдавецтва «Логвінаў») адразу прывабілі да сябе кніжных гурманаў. Літаратар і кнігавыдавец Уладзімер Сіўчыкаў падкрэсьлівае важнасьць якасьці выданьня такога кшталту твораў:

Уладзімер Сіўчыкаў

«Выдадзена вельмі прыстойна, на эўрапейскім узроўні. І гэтая эўрапейскасьць нас праз мілашаўскую Вільню ў Эўропу прываблівае. Нам у прынцыне й ня трэба сябе пераконваць, што мы — эўрапейцы. Але збор, паўтараю, сусьветным, эўрапейскім выданьнем мяне найперш і прывабіў».

Культура выданьня была галоўным чыньнікам у вылучэньні беларускамоўнага Мілаша ў лік найлепшых леташніх кніг і для крытыка Маргарыты Аляшкевіч. Яна рэкамэндуе чатырохтомнік сваім студэнтам:

Маргарыта Аляшкевіч

«Мне падаецца, што калі б мы вось так выдавалі замежную літаратуру, то гэта было б вельмі і вельмі добра для нас. Бо ёсьць жа такая праблема, што калі мы гаворым пра нацыянальны ўнівэрсытэт, які можа выкарыстоўваць беларускую мову ў якасьці асноўнай, то мы сутыкаемся з тым, што нам вельмі часта не хапае літаратуры на беларускай мове, у тым ліку і сусьветнай літаратуры. І калі мы будзем выдаваць вось так і з такой грунтоўнасьцю, як зроблены гэты чатырохтомнік, то мне здаецца, будзе лепш для прамоцыі чытаньня па-беларуску. Гэта надзвычай цікавае выданьне, і калі мы будзем чытаць і нашых суседзяў з самых розных бакоў, а ня толькі з боку ўсходняга, то і далягляды нашы будуць шырэйшыя. Студэнты зазвычай польскай літаратуры ня ведаюць зусім, і чым раней яны яе пачнуць чытаць, тым лепш. А калі яна ляжыць у кнігарні такім прыгожым стосам, яна прыцягвае ўвагу і больш шанцаў, што яна будзе прачытаная».

Чатырохтомны Мілаш — гэта вынік працы амаль трыццаці чалавек. Бальшыня перакладчыкаў — людзі зусім маладога веку. І гэта пры тым, што творы аўтара сваімі шматстайнымі сэнсамі і філязофскімі алюзіямі лічацца складанымі для маладасьведчаных чытачоў ды перакладчыкаў-пачаткоўцаў. Ганна Янкута — адна з прадстаўнікоў новай беларускай перакладчыцкай генэрацыі — ня мела з успрыняцьцем тэкстаў нобэлеўскага ляўрэата ніякіх праблемаў:

Ганна Янкута

«Калі ішла размова пра тое, каб я пераклала нейкія тэксты зь Мілаша, я адразу сказала, што я хачу вершы, якія будуць найбольш блізкія да клясычнай паэтыкі. Укладальнік гэтага збору Андрэй Хадановіч прапанаваў мне паэму „Сьвет“. Гэта вельмі спэцыфічная паэма, яна нагадвае такія простыя дзіцячыя вершыкі. Гэтая ўяўная прастата і была самай вялікай складанасьцю, таму што чым прасьцейшы тэкст у арыгінале, тым цяжэй яго перакласьці, бо па-беларуску ён мусіць гучаць гэтак жа проста, а зь іншага боку — гэтак жа шматзначна і шматплянава. Я шмат галаву паламала над гэтай прастатой, і гэтая праца, мне здаецца, была надзвычай цікавая менавіта праз распрацоўку гэтай невядомай мне раней паэтыкі, невядомай тэмы і гэтай вось прастаты.

Вось кніга. Моль трапечацца няроўна
Над калясьніцай, пылам і дарогай,
Зачэпіш — сыпле срэбны пыл няўлоўны
На грэцкі горад, што бяруць аблогай.

Вось цела прывязалі да двухколкі,
Аб пліты б’ецца галава героя,
А матылёк, прыбіты да старонкі,
Трапечацца ледзь-ледзь у цэнтры Троі.

І ў той жа час насоўваецца бура,
Пасьпешліва адчальваюць трыеры.
А побач шыі гнуць валы панура,
І ўзворвае араты бераг шэры».

Збор твораў нобэлеўскага ляўрэата Чэслава Мілаша, польскага літаратара, які ўсё жыцьцё лічыў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, быў задуманы дзеля ўшанаваньня ягонага стагодзьдзя. Вынікам працы ініцыятараў і стваральнікаў выданьня перакладчык і ўкладальнік чатырохтомніка Андрэй Хадановіч задаволены:

Андрэй Хадановіч

«Чатырохтомнік быў прыдуманы мною разам з выдаўцом Ігарам Логвінавым, літаратарам Ігарам Бабковым, прадстаўнікамі Польскай амбасады і Польскага інстытуту ў Менску. Усё гэта рабілася напярэдадні году Мілаша, ягонай круглай даты, стагодзьдзя, якое адзначалася шырока як у Польшчы, так і ў Эўропе. І Беларусь праз наша пасярэдніцтва таксама далучылася да гэтага сьвяткаваньня. Мелі год на тое, каб прааналізаваць, рэвізаваць, перагледзець тое добрае, што было ўжо зроблена ў перакладах Мілаша, і вызначыць, чаго востра бракуе. Сярод тых, хто актыўна працаваў, перш за усё, відаць, трэба згадаць трох прыўкрасных перакладчыц. Гэта Марына Казлоўская, якая працавала над такім складаным томам, як філязофскі трактат „Зямля Ульра“. Гэта Марыя Пушкіна, якая перакладала аўтабіяграфічны раман „Даліна Ісы“. Гэта Марына Шода, якая перакладала том вельмі важнай для Мілаша эсэістыкі „Родная Эўропа“. Гэта што датычыць празаічнай часткі. І некалькі чалавек мне вельмі актыўна дапамагалі ў стварэньні паэтычнага тому. Лявон Баршчэўскі, які колісь перакладаў „Маральны трактат“ Мілаша, а гэтым разам я яму замовіў складаны і вялікі „Паэтычны трактат“. І гэта Ганна Янкута, якая перакладала цыкль вершаў».

За савецкім часам Чэслаў Мілаш быў забаронены. Усё таму, што зьехаў з сацыялістычнай Польшчы. Пасьля прысуджэньня яму Нобэлеўскай прэміі ў 1980-м вядомасьць пісьменьніка прарвала ідэалягічныя межы. Першыя вершы Мілаша, якія трапілі да сучасных беларускіх перакладчыкаў, былі перапісаныя ад рукі ў адной з польскіх бібліятэк Лявонам Баршчэўскім. Першую нізку іх па-беларуску перастварыў паэт Алег Мінкін. Яна была надрукаваная ў альманаху «Далягляды», а цяпер увайшла і ў гэты чатырохтомнік. Але адзін верш Мілаша яшчэ раней быў перакладзены Максімам Танкам.

Чатырохтомнік прадстаўляе спадчыну Чэслава Мілаша ўсімі жанрамі, у якіх ён тварыў цягам свайго працяглага і плённага жыцьця. Але ўкладальнік выданьня Андрэй Хадановіч цешыць сябе надзеяй на новыя кнігі геніяльнага грамадзяніна ВКЛ:

«Спадчына Мілаша — гэта дзясяткі й дзясяткі тамоў. І ніякім чатырохтомнікам яго ў гэтым сэнсе не прадставіць. Але генэральна Мілаш-паэт, Мілаш-эсэіст, Мілаш-аўтар аўтабіяграфічнай раманнай прозы, Мілаш-містык, Мілаш-аўтар філязофскага трактату, Мілаш-аўтар вершаў і Мілаш-аўтар паэмаў (знакамітая трылёгія „Маральны трактат“, „Паэтычны трактат“, „Тэалягічны трактат“) — усё гэта больш-менш прадстаўлена. За бортам засталіся Мілаш-папулярызатар літаратуры (Гарвардзкая лекцыя) і шматлікія тамы Мілаша-перакладчыка. Але перакладаць пераклады ня бачу асаблівага сэнсу.

Думаю, што сёлета Беларусь мае шанец адкрыць Мілаша з боку літаратуразнаўчага. Насамрэч стагодзьдзе Мілаша, якое сьвяткавалася летась, было нейкім падвядзеньнем вынікаў ува ўсёй Эўропе і Польшчы асабліва, наколькі мы ведаем Мілаша. І вось адна з гэтых кніжак — самая фундамэнтальная, літаратуразнаўчы бэстсэлер, том, які мае больш за тысячу старонак, кніга польскага дасьледчыка Анджэя Франашка „Чэслаў Мілаш. Біяграфія“. Яна настолькі зацікавіла нас, што цэлая група беларускіх перакладчыкаў цяпер працуе над яе перастварэньнем, і, магчыма, яшчэ да канца году, наўздагон юбілею, а можа быць да сто першай гадавіны Мілаша мы зможам гэты вялікі том патрымаць у руках і пачытаць ужо па-беларуску».