Тэракт, народны сход і зьбядненьне народу як прыкмета рэвалюцыйнай сытуацыі

Вядомы віцебскі актывіст Барыс Хамайда на сваім заўсёдным месцы ля «сіняга дому».

Якую падзею ці зьяву ў Беларусі вы лічыце найбольш важнай у 2011 годзе? Адказваюць грамадзкія актывісты Віцебшчыны.
Віцебскі актывіст кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Парсюкевіч лічыць самай значнай зьявай 2011 году падзеньне беларускага рубля:

«У мяне гэты год асацыюецца больш з нэгатывам. Я лічу, што найбольш важна для Беларусі тое, што адбылося ў эканоміцы, у банкаўскай сфэры. Гэта падзеньне рубля. Людзі ад гэтага пакутуюць».

Праявы эканамічнага крызісу ў Беларусі лічыць самай важнай падзеяй году і кіраўнік аршанскага моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак:

«Гэта, безумоўна, эканамічны крызіс! Нават выбух у мэтро не прынёс столькі наступстваў, колькі крызіс гэты!»

Беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда, распаўсюднік незалежнай прэсы ў Віцебску, менавіта выбух у менскім мэтро лічыць падзеяй і значнай, і знакавай:

«Гэта выбух 11 красавіка і нахабная фальсыфікацыя крымінальнай справы супраць Кавалёва і Канавалава! Гэта апошні званок усім нам: пасьля гэтых падзеяў да кожнай нашай патыліцы прыстаўлены рэвальвэр ката!»

Мікола Шарах, актывіст Свабоднага прафсаюзу полацкага прадпрыемства «Шкловалакно», зазначае, што былі ў мінулым годзе і падзеі, якія можна лічыць аптымістычнымі:

«Я думаю, варта зазначыць, што выйшла на волю большасьць палітвязьняў, якім былі прысуджаны вялікія тэрміны.»

Ірына Яскевіч, аштрафаваная за правядзеньне Народнага сходу ў Віцебску, лічыць гэтую імпрэзу самай важнай падзеяй мінулага году:

«Лічу адной з найважнейшых падзеяў 2011 году ўсё-ткі Народны сход. Бо ўпершыню людзі сабраліся самі, каб наладзіць нейкія кантакты, нейкі дыялёг з чыноўнікамі. Усё ж мы жывем у адной краіне, у нас адны цяжкасьці і радасьці».

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» з пасёлку Коханава Мікалай Петрушэнка мяркуе, што агульных цяжкасьцяў было больш. І зноў вяртаецца да тэмы эканамічнага крызісу, спадзеючыся, што ён падштурхне беларусаў да актыўных дзеяньняў:

«Я думаю, што ўплывовай падзеяй і зьявай сталася фінансавая крыза, якая абрынулася на Беларусь і абрынула беларускі рубель. Яна прывяла да зьбядненьня народу.А гэта ўжо адна зь першых прыкметаў рэвалюцыйнай сытуацыі — калі ўлада ня можа кіраваць па-старому, як раней — калі ў Лукашэнкі былі грошы. Цяпер варта чакаць праяваў другой прыкметы — калі людзі не захочуць жыць па-старому, жыць у галечы».