Чыгір: «Мільярды 3–4 даляраў дае Расея»
Былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір называе такой падзеяй рашэньне кіраўніцтва Расеі аб паніжэньні цаны на газ для Беларусі:
«Гэта ўсё-такі грошы! Два мільярды наўпроставай выгады. А акрамя таго ланцуговая рэакцыя павінна пачацца — падвышацца канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі. Так што мільярды тры-чатыры знайшлі.
Канкурэнтаздольнасьць нашай прадукцыі падае на вачах. Ніхто не вядзе ўлік і ніхто не падлічвае, колькі прадукцыі здымаецца з вытворчасьці ў Беларусі. А на яе месца прыходзіць імпарт. Улады ўсё змагаюцца з адмоўным сальда зьнешняга гандлю. Раней усялякую драбязу самі выраблялі, а цяпер усё плыве да нас з Кітая. І цяпер, калі кошты энэрганосьбітаў будуць меншымі, уздымецца канкурэнтаздольнасьць нашай прадукцыі. Хаця яна і пераважна ўся адсталая».
Хашчавацкі: «Самае галоўнае — маўклівыя акцыі пратэсту»
Кінарэжысэр, ляўрэат шматлікіх прэміяў Юры Хашчавацкі кажа, што выбраць самую-самую падзею ня так проста:
«Я перабіраю розныя падзеі. І ўсё ж, з майго пункту гледжаньня, на маю думку, самая галоўная зьява 2011 году — гэта маўклівыя акцыі пратэсту. І хаця яны пасьля затухлі, але выхад на вуліцы з плясканьнем у далоні — гэта вельмі грамадзянская акцыя.
Я думаю, што ў гэтай акцыі ёсьць пэрспэктывы адрадзіцца. Але ўжо ў нейкіх іншых формах. Мы ж бачым, што цяпер адбываецца ў Расеі. А мы ад Расеі не так значна адрозьніваемся, як ад арабаў, так? Пэрспэктывы ёсьць. Але і зьмяненьні неабходныя. Сюды павіны далучыцца і іншыя людзі».
Хадыка: «Гуманізм не ўваходзіць у сыстэму каштоўнасьцяў Лукашэнкі»
Прафэсар Юры Хадыка на першае месца ставіць тэракт у менскім мэтро:
«Самай красамоўнай падзеяй, канечне, быў выбух у мэтро. Гэта была і па сваёй нечаканасьці, і па сваёй шматзначнасьці вельмі-вельмі паказальная падзея.
Я ня думаю, што Лукашэнка памілуе Канавалава і Кавалёва. Іх расстраляюць, каб надалей запалохаць людзей. Няўжо ж ня бачна, што ўвесь гэты юрыдычны фарс быў скіраваны на тое, каб іх абвінаваціць? Лукашэнка гаворыць, што няма ніякіх падстаў для зьмякчэньня прыгавору. Гуманізм, памілаваньне не ўваходзяць у сыстэму яго каштоўнасьцей».
Лябедзька: «Гэта ня столькі падзея, колькі трэнд»
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька называе пытаньне няпростым:
«Я б адзначыў тут ня столькі падзею, колькі трэнд. Ніколі не было так яскрава абазначана жаданьне людзей бачыць і чуць альтэрнатыву. За 17 гадоў мы ўпершыню бачым, што людзі не задаволеныя тым, што яны маюць. Яны хацелі б бачыць і чуць альтэрнатыву. Вось менавіта гэта я лічу самым вялікім пазытывам году, што сыходзіць у гісторыю».