Алена Аўтуховіч: Ліст Джорджа Буша Мікалая моцна падтрымае

Жонка палітвязьня Мікалая Аўтуховіча Алена вельмі ўдзячная былым прэзыдэнтам Джорджу Бушу і Вацлаву Гаўлу за ліст салідарнасьці палітвязьням.


На просьбу «Свабоды» экс-прэзыдэнты ЗША і Чэхіі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл даслалі беларускім палітвязьням у турмы лісты з віншаваньнямі з Калядамі і Новым годам і словамі салідарнасьці і падтрымкі.

«Гэта вельмі станоўча адаб’ецца на ягоным стане. Гэта яго падтрымае. Ён у мяне такі. Яго гэта вельмі моцна падтрымае, калі ён атрымае гэты ліст ад Джорджа Буша, калі яго прапусьцяць. Для мяне гэта таксама вельмі важна, вялікая падтрымка, Я магу расплакацца проста... Я паспрабую ў лісьце паведаміць Міколу пра гэты ліст».

Алена Аўтуховіч

Алена Аўтуховіч на просьбу «Свабоды» зачытала фрагмэнты лістоў Міколы з-за кратаў.

«Вітаю, мае любімыя дзяўчынкі. Вырашыў, што лепш напісаць. Званіць больш ня буду, бо гэта адбіваецца на здароўі. Я імкнуся не нарывацца , а званкі апошні час забіраюць шмат нэрваў. Калі ў цябе за сьпіной стаяць і глядзяць, які нумар тэлефону ты набіраеш, становіцца не да званкоў, і баюся, каб не сарвацца».

Апошні час нэрвы ў яго здавалі, тлумачыць жонка, таму што было шмат правакацый супраць яго. У гэтай калёніі паўсюль праблемы.

«Ты ведаеш, што ніколі не лезу наперад, стаю спакойна ў чарзе ў турэмную краму. »

Яго абмежавалі на 35 тысячаў рублёў. Што можна ў месяц купіць? Каб іх патраціць, трэба ў чарзе пастаяць, дадае Алена.

«Падаецца, што ты не ў калёніі, а ў палоне, ў канцлягеры. Зьдзекі з людзей, хай і зэкаў, але людзей. Думаю, што ты мяне зразумееш, таму што правакацыі ў гэтых чэргах... У мяне пакуль ўсё ў парадку. Напішы, як справы ў Кацюшы, калі ў яе вакацыі. Да спатканьня засталося 4 месяцы. Моцна цалую, абдымаю, да сустрэчы, ваш тата».

«Я не раб, я чалавек. Вам не прыйдзецца за мяне чырванець, я ўсё вытрымаю».

Гэты ліст быў дасланы за некалькі дзён да таго, як палітвязень парэзаў сабе вены.