Адвакат падаў скаргу на прысуд Бяляцкаму

Адвакат зьняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Зьміцер Лаеўскі накіраваў у Менскі гарадзкі суд касацыйную скаргу на прысуд свайму падабароннаму.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

24 лістапада Першамайскі суд Менску прысудзіў старшыню праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага да 4,5 гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле рашэньня суду, Бяляцкі таксама мусіць сплаціць 721 мільёнаў рублёў стратаў і 36 мільёнаў рублёў дзяржаўнай пошліны.

Падставай для крымінальнага перасьледу праваабаронцы стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам міністэрствам юстыцыі Літвы і Генпракуратурай Польшчы.

У сваім апошнім слове падчас працэсу Алесь Бяляцкі адзначыў, што адчувае сябе абсалютна невінаватым, і выказаў цьвёрдае перакананьне, што крымінальная справа «ад пачатку да канца мае палітычны падтэкст, і выступленьне адваката і маё апошняе слова, на жаль, нагадваюць голас чалавека, які крычыць у пустыні і якому вельмі цяжка дакрычацца».